Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Яшчэ далёка, сама менш вёрстаў за сорак, убачылі яны гару Выраку з узножжам, загрувашчаным папяловымі аскепкамі, – велізарны, высачэзны кучмень, з схаванай аблокамі вяршыні якога сачыўся дым. Агні гары прыгасьлі, і стаяла яна пакуль што ў прытлелай дрымоце, пагрозьлівая й злавесная, нібы сонны драпежнік. А за ёю лунаў вялізманы цень, змрачнейшы ад навальнічнай хмары: заслона Барад-дуру ўздыбілася на доўгім, выцягнутым на поўдзень плячы гор Попелу. Глыбока задумаліся ў Цёмнай вежы, і Вока зьвярнулася ў сябе, абмяркоўваючы выявы пагрозьлівыя й сумнеўныя, бо ўбачыла зыркі меч, суворы валадарны твар і пакуль што амаль ні на што іншае ўвагі не зьвяртала. Усю веліканскую цьвярдыню – брама на браме, вежа на вежы – агарнуў злавесны змрок.
Фрода з Сэмам паглядалі, напалову згідзіўшыся, напалову зьдзівіўшыся, на гэтую ненавісную зямлю. Паміж імі й смуроднай гарою ды на поўдзень і на поўнач ад яе ўсё падавалася зруйнаваным і мёртвым, выпаленай, здушанай пустэчай. Дзівосна, як толькі гаспадар Цёмнай зямлі трымаў і карміў сваіх рабоў ды войскі? Бо войскі ж ён насамрэч меў. Паўсюль, куды толькі сягаў хобіцкі позірк, уздоўж схілаў Маргаяў і далей на поўдзень, цягнуліся вайсковыя лягеры, некаторыя з намётаў, а іншыя зладжаныя, што мястэчкі. Адзін з найвялікшых быў проста перад хобітамі. Мо зь вярсту ад іх на роўнядзі нібы згрувасьцілася магутнае гняздо нейкіх мурашоў: доўгія шэрагі хацінак і даўжэразных нізкіх нягеглых будовінаў. Вакол мітусілася безьліч народу. Ад лягеру шырокі шлях вёў на паўднёвы ўсход, дзе далучаўся да моргульскага бальшаку, па ім сьпяшалася мноства шэрагаў маленькіх чорных постацяў.
– Не падабаецца мне ўсё гэта, ну зусім, – уздыхнуў Сэм. – Безнадзейна, я сказаў бы. Адно толькі: дзе столькі сабралася тых пачвараў, там будуць і калодзежы ці крыніцы, ня кажучы пра ежу. А тое ж людзі, ня оркі, калі мяне вочы цалкам не падманваюць.
Ані ён, ані Фрода нічога ня ведалі пра вялізныя палі на поўдні гэтай неабсяжнай краіны, далёка ад дымоў гары Выраку, дзе ля цьмяных маркотных водаў возера Нурнен працавалі мордарскія рабы. Ня ведалі й пра бальшакі, што вялі на Поўдзень і на Ўсход, да земляў даньнікаў, пра доўгія караваны вазоў з дабром, здабычаю й новымі рабамі, гнаныя ваярамі Цёмнай вежы. У паўночных жа частках знаходзіліся кузьні й капальні, тут зьбіраліся на даўно заплянаваную вайну войскі й тут чорная моц расстаўляла іх, бы фігуры на шахматнай дошцы, дзеля нападу. Першыя рухі, першыя спробы на Захадзе, Поўначы й Поўдні не ўдаліся. Таму гаспадар адвёў пакуль што сілы, гуртуючы войска ля Кірыт Гаргару для ўдару помсты. А таксама гэта сталася найвыдатнейшай абаронай гары ад любога, хто адважыўся б наблізіцца.
– Ну й трапілі! – працягнуў Сэм свае разважаньні. – Што б яны ні елі й ні пілі, нам да таго не дабрацца. I спуску тут няма, як я бачу. I не перабярэмся мы праз голую роўнядзь, на якой ворагаў кішма кішыць.
– І ўсё-ткі нам трэба паспрабаваць, – запярэчыў Фрода. – Я не чакаў лепшага. Я ніколі й не спадзяваўся дабрацца. I цяпер надзеі ў мяне няма. Аднак мушу зрабіць, што здолею. Зараз у нас адна задача: пазьбегнуць палону, пакуль магчыма. Таму, мяркую, рушым на поўнач, дзе роўнядзь вузейшая, а там пабачым.
– Думаю, там будзе горш. Дзе вузей, там оркі зь людзьмі гусьцей. Запомніце мае словы, спадару Фрода.
– Напэўна, запомню, калі дайду так далёка, – вымавіў Фрода й адвярнуўся.
Неўзабаве выявілі, што паўзь верх Маргаяў ці паблізу верху прабрацца немагчыма, бо сьцежак там не было, а хрыбет расьсякалі глыбокія логі. Урэшце спусьціліся па той самай лагчавіне, па якой падымаліся, і сталі шукаць шлях па даліне. Тое давалася цяжка, бо на сьцежку ўздоўж заходняга боку выбрацца не адважваліся. Празь вярсту ці каля таго пабачылі мур й купу каменных хацінак, што прыляпіліся да ўзножжа скалы вакол цёмнай пячорнай зеўры, – оркаў лягер, пра блізкасьць якога здагадаліся раней. Аніякага руху хобіты не заўважылі, але ж усё адно краліся асьцярожненька, прабіраючыся па калючых кустах, якімі ў гэтым месцы густа зарасьлі абодва берагі рэчышча.