Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Сэм крочыў да Фрода й пацалаваўяму руку.
– Тады чым хутчэй мы пазбавімся ад яго, тым хутчэй адпачнем, – вымавіў запінаючыся, бо ня ведаў што яшчэ казаць.
А сабе пад нос прамармытаў: "Са словаў кашулі ня сшыеш" – і сабраў усё, што быў выкінуў. Не хацеў пакідаць сярод роўнага месца, каб кожны пабачыў.
– Сьмярдзяк, падаецца, тую орцкую броньку падчапіў і меч да яе дадаваць зусім ня варта. Ягоныя рукі й пустыя досыць непрыемныя. I ў каструльках маіх я яму кешкацца ня дам!
Аднёс рэчы да адной з мноства расколінаў што зеўралі непадалёк, дый кінуў туды. Бразгат каштоўных каструляў калі яны каціліся ў цемру, стаўся пахавальным звонам для ягонага сэрца.
Вярнуўся да Фрода й адрэзаў ад эльфскай вяроўкі кавалачак, каб падперазаць гаспадара, шчыльненька прымацаваць на ім эльфаў плашч. Рэшткі вяроўкі скруціў і сунуў назад у хатуль. Апрача таго, пакінуўтолькі недаедкі эльфскага хлеба й біклажку з вадою, ды Джала ўсё яшчэ боўталася на пасе, а ў кішэні камізэлькі на грудзёх ляжалі фіял Галадрыелі й яе маленькая скрыначка, падораная Сэму.
Нарэшце павярнуліся да гары й рушылі, ня думаючы болей пра тое, каб хавацца, перамагалі стому, зьбіралі ўсе невялікія сілы, толькі б ісьці наперад. У маркотнай шэрасьці дня нават у краіне віжоў няшмат вачэй заўважыла б іх, хіба апынуліся б зусім недалёка. З усіх рабоў Чорнага Ўладара толькі назгулы маглі папярэдзіць яго пра небясьпеку, малую на выгляд, але ж неадольную й гібельную, у самым сэрцы ягонага каралеўства. Але ж назгулы й іхнія чорныя крылы займаліся іншым: далёка адсюль сабраліся яны, зацяняючы паход правадыроў Захаду. Туды павярнулі думкі Цёмнай вежы.
Тым днём падалося Сэму, што гаспадар ягоны знайшоў новыя сілы, большыя, чым варта было чакаць ад невялікай палёгкі – кінутага орцкага рыштунку. На першых пераходах праходзілі болей і хутчэй, чым Сэм спадзяваўся. Па няроўнай і непрыемнай нагам зямлі пратэпалі шмат, і гара значна наблізілася. Аднак калі дзень пакаціўся ў сутоньне й смужнае сьвятло зблякла, Фрода нахіліўся й захістаўся, нібы адноўленым намаганьням аддаў безаглядна апошнія сілы.
I асеў на зямлю. Сказаў:
– Піць хачу, Сэме, – дый змоўк.
Сэм даў глыток вады. Заставаўся яшчэ адзін. Але сам ня стаў піць, хоць калі мордарская ноч зноў накрыла іх, усе ягоныя думкі былі пра ваду. Яму згадвалася кожная крынічка, рэчка ці ручаінка, якія бачыў у жыцьці: пад зялёным ценем вербаў ці бліскаўкамі сонца; сонечныя зайчыкі скакалі на гойданцы хваляў – бясконцай пакутаю ў сьляпых вачох. Сэм нібы наяве адчуваў прахалодны глей пад пальцамі, калі колісь пялёскаўся ў прырэчанскай сажалцы з Джолам Котанам, Томам ды Нібсам і іхняй сястрою Ружаю.
– Але ж тое было гады таму, надта далёка, – уздыхнуў ён. – Шлях назад, калі ён увогуле існуе, ляжыць праз гару.
Спаць ня мог і таму прыняўся спрачацца з сабою.
"Ну, чаго ж ты, мы ж лепей сёньня справіліся, чым ты спадзяваўся, – казаў сабе ўцята. – Файны пачатак. Мяркую, палову адолелі перад адпачынкам. Яшчэ дзень – і гатова!"
"Ня будзь дурнем, Сэме Гэйхадзе, – адказаў ягоны ўласны голас. – Ён назаўтра так ня пойдзе, калі ўвогуле здолее варухнуцца. I ты шмат не працягнеш, аддаючы яму ўсю ваду й большасьць ежы".
"Я досыць працягну".
"I дакуль ты дацягнеш?"
"Да гары, вядома ж".
"А што тады, Сэме Гэйхадзе, што тады? Калі патрапіш туды, што рабіцьмеш? Ён жа сам анічога ўжо ня зробіць".
У адчаі й прыкрасьці Сэм зразумеў, што адказу ня мае. Ён зусім ня ведаў, што далей. Фрода няшмат казаў пра мэту, і Сэм памятаў толькі, што пярсьцёнак неяк трэба сунуць у нейкае полымя.
"Пашча Лёсу, – прамармытаў згадаўшы даўні назоў. – Ну, можа, спадар скеміць, як дабрацца туды, бо я ня ведаю".
"Вось яно што! – прыйшоў адказ ад іншага голасу. – Усё гэта цалкам бескарысна. Ён сам тое казаў. А ты дурань, бо ўсё цягнесься ды спадзяесься. Маглі б ужо колькі дзён таму прылегчы дзе й адаспацца, калі б ня лезьлі наперад з гэткай уцятасьцю. А памрэш усё роўна. Мо й горш з тое. Магчыма было б наўпрост тут легчы й сканаць. Бо ўсё адно да верху не дабярэсься".
"Дабяруся, хоць бы пакінуў за сабою ўсё, апрача костак, – сьцьвердзіў Сэм упарта. – I спадара Фрода я сам панясу, нават калі хрыбет надарву й сэрца. Так што хопіць балбатні!"
У гэты момант пад ім задрыжэла зямля, і ён адчуў нібыта далёкае вуркатаньне, навальнічныя грымоты, замкнёныя пад зямлёю. Тады на момант пад аблокамі бліснула зіхоткае чырвонае полымя, дый згасла. Гара таксама спала неспакойна.