Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 96 97 98 99 100 101 102 103 104 ... 150
Перейти на страницу:

Думаючы пра ўсё гэта, Сэм вярнуўся да гаспадара. Але будзіць таго не давялося. Фрода ляжаў на сьпіне з расплюшчанымі вачыма, узіраючыся ў хмарныя нябёсы.

– Ну, спадару Фрода, – вымавіў Сэм, – я зірнуў вакол і крыху паразважаў. Па шляхах анічога ня рухаецца, і нам лепей зносіць ногі адсюль, пакуль мажліва. Ці здольны вы?

– Я здольны, – адказаў Фрода. – Я мушу здолець.

Зноў пачалі рух, перапаўзаючы ад яміны да яміны, хаваючыся за ўсім, што хоць крыху прыхоўвала, і кіруючы наўкось да ўзножжаў паўночных гор. Рушылі ўздоўж усходняга шляху, пакуль той не адвярнуў прэч, бліжэй да падэшваў гор, да сьцяны чорнага ценю далёка наперадзе. Ані орк, ані чалавек ня рухаліся па пляскатай шэрай паверхні, бо Чорны Ўладар амаль скончыў перагрупоўваць войскі й нават у цьвярдыні ўласнага каралеўства намагаўся рабіць усё пад покрывам цемры, бо баяўся вятроў, што абярнуліся супраць яго, разадраўшы завесы дыму й хмараў, дый непакоіўся зьвесткамі пра дзёрзкіх віжоў, што прабраліся за ягоныя заслоны.

Хобіты прайшлі некалькі надта стамляльных вёрстаў, калі нарэшце спыніліся. Падавалася, Фрода зьнясілеў зусім. Сэм зразумеў, што болей гэткім чынам наўрад ці адолеюць, прабіраючыся, хаваючыся, то надта павольна паўзучы праз падазроныя месцы, то бегучы з усіх ног і спатыкаючыся.

– Давайце назад, на шлях, пакуль сьветла, спадару Фрода! – прапанаваў ён. – Даверымся ўдачы зноў. Яна амаль падвяла нас апошнім разам, але ўсё-ткі ня здрадзіла. Пройдзем па роўным колькі вёрстаў, а тады адпачнем.

Ён спакушаў удачу ў значна большай ступені, чым падазраваў, Фродавы ж думкі перапаўняла толькі ягоная ноша й барацьба ў ягоным розуме, ён ня мог адмовіць. Надзею ён страціў, засталася поўная абыякавасьць. Таму сябры ўскараскаліся на дарожны насып і крочылі па цьвёрдым жудасным гасьцінцы, што вёў да самай Цёмнай вежы. Усё ж удача трывала: за ўвесь дзень яны не сустрэлі аніводнага жывога стварэньня, а ноч схавала іх мордарскаю чарнотаю. Уся зямля замёрла ў чаканьні, нібы перад нашэсьцем вялікай буры: правадыры Захаду мінулі Скрыжаваньне й падпалілі сьмяротныя лугі Імлад Моргулу.

Так цягнулася адчайная вандроўка. Пярсьцёнак рушыў на поўдзень, а харугвы каралёў – на поўнач. Для хобітаў кожны дзень, кожная вярста былі горшыя за папярэднія, бо сілы меншалі, а зямля люцела. Удзень не сустракалі аніякіх ворагаў. А раз-пораз уночы, калі ляжалі ці спалі неспакойна ў якім спраце побач з гасьцінцам, чулі выгукі й тупат мноства ног альбо хуткі перастук капытоў бязьлітасна гнанага каня. Але ж нашмат горш за любыя падобныя небясьпекі была вялікая пагроза, што ціснула, нібыта цяжар на карку альбо вецер у твар: жудасная пагроза моцы, што чакала, паглыбіўшыся ў думкі й бяссоннае ліха за цьмянай завесаю вакол свайго стальца. Усё набліжалася вежа, лунала чарней, нібы прышэсьце муроў ночы напрыканцы сьвету.

Ізноў надышла вусьцішная ноч, і калі правадыры Захаду набліжаліся да краю жывой зямлі, два вандроўнікі сягнулі гадзіны пустога адчаю. Чатыры дні мінула, як уцяклі ад оркаў, і той час ляжаў за сьпінамі кашмарам і ўсё паглыбляўся. Увесь апошні дзень Фрода маўчаў, а ішоў нахіліўшыся, часта спатыкаючыся, нібы вочы ягоныя ня бачылі болей, што пад нагамі. Сэм здагадваўся: гаспадар выносіў большы цяжар, ноша пярсьцёнка ўсё расла, катавала й цела, і розум. Занепакоена прыкмеціў, што левая рука Фрода часьцяком прыўздымалася, нібыта каб засланіцца ад удару ці захіліць паўзаплюшчаныя вочы ад вусьцішнага Вока, што прагнула зазірнуць у іх. А часам ягоная правая рука паўзла да грудзей, дрыжучы, а тады запавольвалася, быццам воля спраўлялася й паступова вяртала ўладу.

Калі чарноцьце ночы вярнулася, Фрода сеў, апусьціў галаву на калені, а рукі зьвесіў амаль да зямлі, ягоныя пальцы дрыжэлі. Сэм пазіраў на яго, пакуль ноч не прыкрыла іх абодвух і не схавала аднаго ад другога. Сэм не знаходзіў болей словаў, і думкі ягоныя зьвярнуліся да ягонай уласнай цемры. Хоць і стомлены, і пад ценем жаху, усё ж меў яшчэ нейкія сілы. Была ў лембасах дзіўная якасьць, безь якой даўно ўжо леглі б ды памерлі ў адчаі. Яны не насычалі цалкам, бо перад Сэмавым уяўленьнем увесь час усплывалі ўспаміны пра ежу, і ён тужыў па простым хлебе й мясе. I ўсё-ткі эльфаў вандроўны хлеб рабіўся карысьнейшым, калі харчаваліся толькі ім, ня зьмешваючы зь іншаю емінаю. Ён насычаў таксама й волю, даваў моц выносіць нягоды, моц волі над целам па-за сьмяротным вымярэньнем. Настаў час новага вырашэньня. Па гасьцінцы ісьці было нельга, бо ён вёў на ўсход у вялікі Цень, гара ж уздымалася праваруч, амаль проста на поўдні, і трэ было збочваць да яе. А перад ёю ляжала неабсяжная роўнядзь дымнай, запустэчанай, спапялёнай зямлі.

1 ... 96 97 98 99 100 101 102 103 104 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)