Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
– Я паспрабую, хоць калі ўзгадваю таго сьмердзюка, такая злосьць бярэ, што галасіў бы голасна.
Тады хобіты ўладкаваліся пад прыкрыцьцём калючага куста, і, пакуль маркотнае сьвятло Мордару павольна згасала ў глыбокай, бяззорнай ночы, Сэм распавядаў ціхенька Фрода на вуха ўсё, для чаго толькі мог адшукаць словы, пра здрадны Глыксаў напад, пра жахлівую Шэлаб ды ўласныя прыгоды сярод оркаў. Калі скончыў, Фрода не сказаў анічога, толькі ўзяў Сэмаву руку й сьціснуў.
– Добра. Мяркую, нам зноў трэба рушыць, – вымавіў нарэшце. – Цікава, праз колькі часу нас усё ж такі схопяць і ўсе нашыя адчайныя намаганьні й карасканьні пойдуць прахам.
Ён устаў.
– Зараз цёмна, і фіял панны нельга выкарыстаць. Трымай яго ў бясьпецы для мяне, Сэме. Мне няма дзе захоўваць яго цяпер, хіба што ў руцэ, але ў начной цемры мне спатрэбяцца абедзьве рукі. А Джала я дару табе. У мяне ёсьць орцкі нож, але ж думаю, што наўрад ці мне давядзецца біцца хоць калі.
Цяжка й небясьпечна было рушыць ноччу па бясьсьцежкавых гарах. Аднак павольна, увесь час спатыкаючыся, хобіты лезьлі гадзіну за гадзінай уздоўж усходняга краю камяністай даліны. Калі шэрае сьвятло зноў напаўзло на заходнія вяршыні – нашмат пазьней за раніцу ў землях за гарамі, – хобіты зноў схаваліся й паспалі крыху па чарзе. Калі наступала Сэмава чарга вартаваць, яго апаноўвалі думкі пра ежу. Нарэшце, калі Фрода абудзіўся й загаварыў пра сьнеданьне й новы пераход, Сэм задаў пытаньне, што турбавала яго болей за ўсё:
– Прашу прабачэньня, спадару Фрода, але ж ці ўяўляеце вы, колькі нам яшчэ йсьці?
– Не, не ўяўляю. У Долым Яры перад нашым сыходам мне паказалі мапу Мордару, якую зрабілі да таго, як Вораг вярнуўся сюды. Але ж згадваецца яна цьмяна. Ясьней за ўсё памятаю, што ёсьць на поўначы месца, дзе доўгія адгор'і заходняга й паўночнага хрыбтоў амаль датыкаюцца. Да таго месца ад мосту ля Кірыт Унгал сама менш дванаццаць міляў. Там, магчыма, нам лепей за ўсё прабрацца праз роўнядзь. Вядома, калі туды дабярэмся, дык да гары будзем далей, вёрстаў шэсьцьдзесят, мяркую. А ад мосту мы адышлі, мяркую, міляў на сем. Нават калі ўсё пойдзе файна, я наўрад ці здолею сягнуць гары раней чымсьці праз тыдзень. Баюся, Сэме, што ноша мая зробіцца яшчэ цяжэйшай, і чым бліжэй мы будзем, тым павольней буду ісьці.
– Якраз таго я й баяўся, – уздыхнуў Сэм. – Ну, ваду ўжо ня згадваю, але мусім есьці крыху меней, спадару Фрода, альбо рушыць крыху хутчэй, ва ўсялякім разе пакуль мы ў даліне. Яшчэ кусьнем разок, і ежы канец, апрача толькі эльфавых хлябцоў.
– Я паспрабую рухацца жвавей, Сэме, – вымавіў Фрода, глыбока ўздыхнуўшы. – Ну рушма тады! Пачнем новы пераход!
Яшчэ не зусім сьцямнела. Хобіты клыпалі наперад, у ноч. Гадзіны міналі ў цяжкім карасканьні, прыпынкаў было няшмат, і да таго ж кароткіх прыпынкаў. Як з-пад ускрайкаў вялізнай дымавой завесы засьвятлела, хобіты схаваліся зноў у цёмнай яміне пад навіслай скалою.
Паціху днела. Моцная віхура з захаду цяпер цясьніла мордарскі дым нават і ў вышыні. Неўзабаве хобіты маглі ўжо разгледзець абрысы мясцовасьці на колькі вёрстаў наперад. Дно правалу паміж Эфэл Дуатам і хрыбтом Маргаяў на поўначы падымалася, і Маргаі ператвараліся ва ўступ на стромых унутраных схілах большых гор. Але ж на ўсходзе, на роўнядзі Гаргарату схілы заставаліся адхонамі. Наперадзе рэчышча сканчалася, утыкаючыся ў расьсечаныя логамі скальныя прыступы, бо тут ад галоўнага хрыбта адыходзіла адгор'е, прасоўваючыся сьцяной на ўсход. Насустрач яму з шэрых засмужаных Эрэд Літуі адыходзіла другое вузкае адгор'е, бы працягнутая рука, заставаўся толькі вузкі праход, Карах Ангрэн, Жалезная Пашча, за якой ляжала глыбокая даліна Ўдун. Тая даліна, загароджаная звонку Марананам, шчэрылася тунэлямі й глыбокімі збраярнямі, зробленымі паслугачамі Мордару для абароны Чорнай Брамы сваёй зямлі. Там цяпер Чорны Ўладар пасьпешліва зьбіраў найвялікшае войска, каб сустрэць правадыроў Захаду. На адгор'ях былі пабудаваныя замкі й вялізныя крэпасьці, палалі вартавыя агні, а праз увесь праход цягнуліся вал ды глыбокі роў перад ім, церазь які вёў толькі адзіны мост.
За некалькі вёрстаў на поўнач, высока ў куце, дзе заходняе адгор'е адгаліноўвалася ад хрыбта, стаяў стары замак Дуртанг, які цяпер зрабіўся адным з мноства орцкіх жытлішчаў, раскіданых па даліне Ўдун. Шлях, ужо бачны ў праясьнелым сьвятле, віўся долу ад яго, а за вярсту-дзьве ад таго месца, дзе хаваліся хобіты, збочваў на ўсход і па палічцы ў баку адгор'я спускаўся на роўнядзь, да Ізенмуту.
Для хобітаў усё выглядала так, быццам іхняя вандроўка на поўнач сталася цалкам бессэнсоўнаю. На змрочнай і задымленай роўнядзі праваруч ня бачылася ані войскаў, ані вайсковых намётаў, але ж увесь той край быў пад наглядам фортаў Карах Ангрэну.