Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
Прайшлі яшчэ дзьве-тры вярсты, і орцкі лягер зьнік за сьпінамі. Аднак не пасьпелі ўздыхнуць з палёгкай, як пачулі грубыя й гучныя орцкія галасы. Сябры адразу схаваліся за рудым нізкім кустом. Галасы наблізіліся. Вось і першая пара оркаў. Адзін – нейкай дробнай пароды, чарнаскуры, з шырачэзнымі трапяткімі наздрынамі, апрануты ў цёмна-рудыя лахманы й узброены лукам з рогу. Напэўна ж нейкі выведнік ці сьледапыт. Другі – вялікі орк-ваяр, падобны да оркаў Шагратавай каманды, з пазнакаю Вока. Таксама з лукам, прымацаваным за сьпінаю, з кароткай шыракалёзай дзідай у лапе. Як і заўсёды, оркі сварыліся, а паколькі належалі да розных пародаў, сварыліся на Агульнай мове, перайначанай на свой лад.
Усяго крокаў за дваццаць ад месца, дзе хаваліся хобіты, меншы орк спыніўся.
– Гы! – фыркнуў ён. – Я дахаты.
I паказаў на орцкі лягер на другім баку даліны.
– Няма сэнсу нос на гэтых камянёх псаваць. Тут аніякіх сьлядоў не засталося. Цябе слухаючыся, сьлед і згубіў. У горы сьлед пайшоў, не па даліне, кажу табе.
– Аніякай карысьці з вас, нюхачоў недарослых, – буркнуў вялікі орк. – Вочы лепшыя за вашыя саплівыя насы.
– I што жты імі бачыў? Гы! Ня ведаеш нават, каго шукаем.
– І чыя тут віна? Не мая ж. Тое зь Верху прыйшло. Напачатку кажуць – вялізны эльф у зыркай брані, тады – нейкі ці то гном, ці то чалавек недарослы, а пасьля – банда бунтоўных урук-хаяў ці мо ўсё разам.
– Каб табе! – фыркнуў сьледапыт. – Самі яны глузды страцілі, вось што. А з каго-кольвек наверсе таксама й скуру злупяць, мяркую, калі праўда ў чутках. Кажуць, налёт быў на ваш замак, сотні вашых ухайдохалі, а вязень уцёк. Калі гэткім чынам вы, ваяры, справы ладкуеце, дык благія зьвесткі з вайны не зьдзіўляюць.
– Хто кажа, што зьвесткі благія?
– Га! А хто кажа, што не?
– Тое клятыя бунтоўныя прамовы, і калі не затыкнесься, я цябе на дзіду насаджу!
– Добра, добра! Болей казаць ня буду, буду толькі думаць. Але пры чым тут чорны гэты праныра? Шныр той з пляскатымі лапамі?
– Ня ведаю. Мо й ні пры чым. Не на добрае ён тут шныпарыць ды вынюхвае, маё табе слова. Кляты пачварань! Як толькі ад нас уцёк, прыйшлі зьвесткі, што яго жыўцом трэба браць, і як мага хутчэй.
– Спадзяюся, ужо ўзялі й разьбіраюцца цяпер, – прабурчэў сьледапыт. – Бо сьляды спаскудзіў, падхапіўшы кальчужку тую скінутую дый цяпаючы паўсюль навокал.
– Яна яму жыцьцё ўратавала. Я ж, ня ведаючы яшчэ, што жыўцом трэба, стрэліў, дакладненька, з паўсотні крокаў ды ў сьпіну. А ён усё адно ўцёк.
– Гы, ды ты прамазаў! Спачатку стрэліш бязглузда, бегчы толкам ня можаш, а тады па небаракаў сьледапытаў шлеш. Усё, досыць мне з табою бадзяцца.
I паклыпаў прэч.
– А ну стой! – загадаў ваяр. – А то я на цябе данясу!
– Каму? Не твайму ж каштоўнаму Шаграту. Болей ня быць яму кашталянам.
– Я твой нумар і імя назгулу скажу, – тут ваяроў голас сьцішыўся да шыпу. – Адзін зь іх зараз ачольвае замак.
Меншы орк прыпыніўся, і голас ягоны зазьвінеў страхам і шаленствам.
– Кляты баязьлівы стукач! – загаласіў ён. – Справы сваёй рабіць ня можаш, нават з сваімі трымацца ня здольны! Дык ідзі да сваіх гідкіх віскуноў, і каб яны табе мяса з костак адмарозілі! Кажуць, іхняга найпершага ўжо прыстукнулі. Спадзяюся, тое праўда!
Вялікі орк кінуўся на меншага зь дзідаю ў руцэ. А сьледапыт, скочыўшы за камень, пусьціў стралу проста ў вока "сябру", і вялізны ваяр на бягу грымнуўся долу. Малы ж орк пабег праз даліну й неўзабаве зьнік.
Пэўны час хобіты сядзелі моўчкі. Нарэшце Сэм вымавіў:
– Ну, я сказаў бы: ліха ліху блага. Каб гэткае сяброўства было па ўсім Мордары, дык нашых праблемаў напалову паменшала б.
– Цішэй, Сэме, – прашаптаў Фрода, – іншыя, магчыма, непадалёк. Нам надта пашанцавала, бо ўсё вісела на валасінцы. Паляўнічыя ўзялі наш сьлед хутчэй, чым я думаў. А ты бачыў самы дух Мордару, ягоную сутнасьць, Сэме, і ў кожным мордарскім куце ён менавіта такі. Оркі заўжды паводзілі сябе менавіта так – ці так кажуць усе паданьні, – калі сам-насам заставаліся. Аднак не выводзь з таго шмат надзеі. Нас яны ненавідзяць нашмат болей, чым адзін аднаго, ненавідзяць усе разам увесь час. Калі б гэтыя двое нас пабачылі, то забыліся б на ўсе свае сваркі, пакуль не забілі б нас.
Замаўчалі зноўку й надоўга. Тады Сэм загаварыў першы, але шэптам:
– Ці чулі вы, што казалі яны пра "чорнага праныру", спадару Фрода? Ці казаў я вам, што Глыкс жывы?
– Так, казаў. Я яшчэ зьдзівіўся, адкуль ты ведаеш. Ну, давай зараз распавядай. Мяркую, нам лепей ня рухацца, пакуль не сьцямнее. Так што распавядзі мне ўсё, што ведаеш, усё пра апошнія здарэньні. Толькі ціха, калі можна.