Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
– Мы зайшлі ў тупік, Сэме, – вымавіў Фрода. – Каб далей рушыць, трэба йсьці да той оркавай вежы, а адзіны шлях да яе – той, што ад яе спускаецца. Хіба назад павярнуць. Бо ані на захад, ані на ўсход мы не ўскараскаемся.
– Тады мусім рушыць па шляху, спадару Фрода. Мусім папрабаваць, калі ёсьць якая ўдача ў Мордары. Бо астатняе ўсё роўна: альбо бадзяцца, альбо назад паварочваць, альбо адразу здацца. Бо ежы ж няма! Мусім прабегчы хуценька!
– Добра, Сэме. Вядзі мяне, пакуль у цябе застаецца надзея. Бо ў мяне яе ўжо нямашака. Толькі я ня здолею хуценька, я паклыпаю ўвасьлед за табою.
– Перад клыпаньнем, спадару Фрода, выспацца вам трэба дый падсілкавацца. Ну, давайце, паспрабуйце таго й гэтага!
Ён даў Фрода вады й на блінок лембасу болей ды зрабіў з свайго плашча падушку. Фрода быў надта стомлены, каб спрачацца, а Сэм і не прызнаўся, што гаспадар выпіў апошнюю ваду й зьеў Сэмаву долю ежы разам з сваёю. Калі Фрода заснуў, Сэм нахіліўся над ім, прыслухаўся да подыху й уважліва разгледзеў твар: схуднелы, з абвостранымі рысамі, Фрода ўсё ж ува сьне падаваўся задаволеным і пазбаўленым страху.
– Ну, гэтак яно павярнула! – прамармытаў Сэм сабе пад нос. – Трэ мне пакінуць вас на крышачку дый выпрабаваць удачу. Бо мусім жа знайсьці ваду альбо болей ня здолеем ісьці.
Сэм выпаўз і, крадучыся ад каменя да каменя нават асьцеражней, чым звычайна хобіты, спусьціўся да ручва, прайшоў па ім колькі на поўнач, пакуль не сягнуў каменных прыступак, дзе калісьці даўно ўвесну, напэўна, скакаў долу маленькі вадаспадзік. Усё цяпер падавалася ссохлым і маркотным, але ж, не паддаючыся адчаю, Сэм стаяў ды прыслухоўваўся – і, да сваёй буйнай радасьці, злавіў танюткае дзынканьне. Ускараскаўшыся крыху, знайшоў маленечкі струменьчык цьмянай вады, што высочвалася з боку гары, зьбіраючыся ў невялічкай лужыне, перацякала церазь яе край ды хавалася пад голымі камянямі.
Сэм пакаштаваў: вада падалася прыдатнай. Тады напіўся ўдосыць, напоўніў бутэльку й павярнуўся, каб ісьці назад. I ў гэты момант заўважыў пробліск нечага чорнага, цень, што мільгануў сярод камянёў непадалёк ад Фрода. Ледзь ня выкрыкнуўшы ад злосьці, Сэм скочыў уніз і пабег, пералятаючы з валуна на валун. Хобіт ледзь пабачыў пачвару – надта сьцярожкі, – але сумневаў ня меў. Толькі прагнуў ухапіць злыдня за кастлявую шыю. Але той пачуў Сэмава набліжэньне й адразу сьлізнуў прэч. Сэм падумаў, што, напэўна, пабачыў яго яшчэ раз, калі той вызірнуў за край стромага ўсходняга адхону, а тады адсунуўся й зьнік.
– Ну, удача мяне не падвяла, – прамармытаў сабе Сэм, – хоць зноў на валасок прайшоў! Ці ж мала нам тысячаў оркаў? Яшчэ й гэты смуродны зладзюга вокал шнырыць! Каб жа яго падстрэлілі!
Сеў побач з Фрода, ня будзячы яго, але сам заснуць не адважыўся. Нарэшце, калі адчуў, што вочы наўпрост зьліпаюцца й болей ад сну не ўтрымацца, асьцярожна пабудзіў сябра.
– Баюся, Глыкс ізноў недалёка, спадару Фрода. Ну, ці калі гэта ня ён, тады існуюць два такія. Я пайшоў па ваду й не пасьпеў абярнуцца, як яго заўважыў. Мяркую, небясьпечна нам абодвум спаць адначасова, таму прашу прабачэньня – я павекі ўжо разьнімаць ня здольны.
– Ды калі ласка, Сэме! Кладзіся й пасьпі! I ўсё-ткі Глыкс для мяне лепшы за оркаў. Ва ўсялякім разе, ён нас ня выдасьць, калі яго самога ня схопяць, вядома.
– Але ж ён сам па сабе можа ўчыніць ліха ці забойства, – прабурчэў Сэм. – Вы ўжо сачыце, спадару Фрода! Вады поўная біклажка. Піце ўдосыць, бо напоўнім зноўку, калі рушым.
I Сэм праваліўся ў сон.
Калі прачнуўся, сьвятло ўжо амаль згасла. Фрода сядзеў, абапершыся сьпінаю аб камень, і спаў. Біклажка спусьцела. Глыкса ж і сьледу не было.
У Мордар вярнулася цемра, і люта запалалі барваю вартоўныя вогнішчы на гарах, калі хобіты рушылі ў найнебясьпечнейшую частку сваёй вандроўкі. Пайшлі спачатку да крынічкі, а тады, ускараскаўшыся асьцярожна, выбраліся на дарогу ў тым месцы, дзе яна збочвала да Ізенмуту, да якога заставалася вёрстаў дваццаць. Нешырокі шлях ня меў на краі ані сьцяны, ані агароджы, а прорва леваруч, за краем, усё глыбела. Хобіты ня чулі гуку аніякіх рухаў і, паслухаўшы крыху, паклыпалі на ўсход.
Прайшоўшы вёрстаў дванаццаць, сябры спыніліся за паваротам на поўнач, які загарадзіў ад погляду адоленую частку бальшаку. Вось тое й абярнулася ім на згубу. Адпачылі колькі хвілінаў і рушылі далей, але нядоўга, бо зьнянацку сярод начнога спакою пачулі гук, якога ўвесь час баяліся й з жахам чакалі: тупат мноства ног. Ён ляцеў ззаду яшчэ даволі здалёку, але першыя паходні мільгалі за вярсту ці каля таго й рухаліся хутка. Надта хутка. Фрода ня здолеў бы ўцячы ад іх па бальшаку.