Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– А нашто яны былі людзям даўніны? – спытаў Піпін, узрадаваны й зьдзіўлены адказамі на такую колькасьць пытаньняў, цікавячыся, колькі яшчэ гэта працягнецца.
– Каб далёка бачыць, каб у думках перамаўляць адзін з адным. Гэткім чынам яны доўга служылі ахове каралеўства Гондар, аб'ядноўвалі яго. Людзі ўсталявалі палантыры ў Мінас Аноры, у Мінас Ітылі й у Ортанку, у кольцы Ізенградку. Галоўным – каменем-гаспадаром над усімі – быў камень пад Купалам Зор у Азгіліяце перад тым, як сталіцу Гондару зруйнавалі. Тры астатнія знаходзіліся далёка на поўначы. У сядзібе Эльранда кажуць: у Анумінасе й на Аман Сул, а камень самога Элендыля – на Вежавых пагорках, якія паглядаюць на Мітлянд у заліве Люн на шэрыя эльфавы караблі. Палантыры адгукаліся адзін аднаму, і ўсе гондарскія заўжды былі адкрытыя погляду з галоўнага каменя, з Азгіліяту. Відавочна, раз вежа Ортанку вытрымала навалы часу, вытрымаў і яе палантыр. Сам па сабе ён можа хіба што пабачыць маленькія выявы даўно прамінулых дзён і зьніклых рэчаў. Безумоўна, і тое надта прыдалося Саруману, але ён не спыніўся. Ён усё пільней узіраўся ў камень, сягаў усё далей, пакуль ня кінуў позірк на Барад-дур. Тады й патрапіў у пастку! Хто ведае, дзе ляжаць цяпер згубленыя камяні Арнару й Гондару – недзе пад зямлёю альбо глыбока пад вадою? Але ж сама мала адзін зь іх здабыты Саўронам і змушаны да службы яму. Мяркую, тое камень зь Мінас Ітылю, бо Вораг захапіў Мінас Ітыль ужо доўгі час таму й ператварыў гэтую крэпасьць у жытло ліха. Мінас Моргул стала называцца яна.
Цяпер лёгка здагадацца, як цікаўны позірк Сарумана быў прыкаваны й падпарадкаваны Саўронавай воляй, як потым Сарумана пераконвалі здалёк ці запалохвалі, калі ён не пагаджаўся. Гэтак драпежнік патрапіў мацнейшаму драпежніку, ястраб затрапятаў у арліных кіпцюрах, павук заблытаўся ў сталёвай сетцы. Цікава, як доўга вымушаны ён быў зноў і зноў прыходзіць да каменя, каб даносіць на самога сябе ды атрымліваць загады? Як даўно камень Ортанку так злучаны з Барад-дурам, што толькі асоба з воляю, цьвярдзейшай ад сталі, здолее вытрымаць і не дазволіць, каб яе розум і думкі адразу ж адкрыліся позірку з Барад-дуру? А як цяпер камень цягне да сябе! Ці ж я сам гэтага не адчуў? Нават зараз у маім сэрцы жыве жаданьне зірнуць у яго, паспрабаваць сваёй воляю вызваліць яго з-пад варожай улады й павярнуць на тое, што жадаю пабачыць: праз шырокую прастору мора й часу – сьветлы Тырыён, каб на ўласныя вочы назіраць за невымоўнаю працаю Фэяноравых рук і розуму, калі квітнелі й Белае, і Залатое Дрэвы!
Чараўнік уздыхнуў і змоўк.
– Хацеў бы я ведаць гэта раней, – заўважыў Піпін. – Я ж зусім ня меў разуменьня, што раблю.
– Не, ты добра разумеў, што робіш благое, і шкоднае, і дурное, – і казаў сабе так, але ж сам сябе ня слухаў. А раней я табе не патлумачыў таму, што толькі зараз, едучы з табою верхам і разважаючы над тым, што здарылася, я нарэшце зразумеў. Нават калі б я што й распавёў раней, твая прага не паменшылася б, і супрацьстаяць ёй ня стала б лягчэй – зусім наадварот! Не, пакуль сам не апячэсься, не навучысься. Пасьля апёку парада не кранаць гарачае адгукаецца ў самым сэрцы.
– Сапраўды, – пагадзіўся Піпін. – Калі б зараз усе сем камянёў расклалі перад мною, я заплюшчыў бы вочы й схаваў рукі ў кішэні.
– Файна! На тое я й спадзяюся.
– Але ж я хацеў бы ведаць... – пачаў быў Піпін.
– Зьлітуйся! – выгукнуў чараўнік. – Калі твая цікаўнасьць лекуецца толькі адказамі на пытаньні, тады мне да скону дзён жыць толькі імі! Што ж яшчэ ты жадаеш ведаць?
– Імёны ўсіх зораў, ды жывых істотаў, ды ўсю гісторыю Міжзем'я, нябёсаў і Забароннага мора! – Піпін засьмяяўся. – Усё разам і ні на залатнік меней! Але ж сёньня я не сьпяшаюся. Зараз мяне цікавіць той чорны цень над намі. Я пачуў: вашаць гукнуў "вястун Мордару!" Што ж гэта было? Што яно можа зрабіць у Ізенградку?
– Гэта быў Чорны Вершнік на крылах. Назгул. Напэўна, ён мог забраць цябе ў Барад-дур.
– Ён жа не па мяне прыляцеў, праўда? – прамармытаў Піпін, запінаючыся ад страху. – Я меў на ўвазе, ён жа ня ведаў, што я... што я...
– Вядома, не. Ад Барад-дуру да Ортанку напрасткі сотня з чвэрцю міляў ці нават болей. Назгулу спатрэбіцца колькі гадзінаў, каб даляцець ад аднаго да другога. Саруман, безумоўна, глядзеў у ортанкаў камень пасьля оркавага набегу, і болей ягоных патаемных думак, чым ён спадзяваўся, было прачытана й разгадана. Вось і паляцеў вястун высьветліць, што ён там сабе думае. А пасьля таго, што здарылася сёньня ўночы, паляціць другі, і хутка. Вось Саруман і дабраўся да канца шляху, на які стаў. Вязьня, каб адаслаць гаспадару, у яго няма. Каменя таксама, і таму на заклікі ён не адгукаецца. А Саўрон палічыць, што ён трымае здабычу й адмаўляецца падыходзіць да каменя. Нават калі Саруман распавядзе праўду вестуну, тое не дапаможа. Бо хоць Ізенградак зруйнаваны – Ортанк цэлы! Так што, хоча ці не, ён апынецца бунтаўніком. А нас ён адпрэчыў, каб менавіта гэтага й пазьбегнуць! Як ён выберацца з падобнай сітуацыі, не ўяўляю. У Ортанку, мяркую, у яго яшчэ стане моцы, каб адагнаць Дзевяцёх Вершнікаў. Ён можа яшчэ паспрабаваць захапіць назгула альбо забіць пачвару, якая нясе яго ў паветры. У гэтым выпадку няхай роханцы пільнуюць коней! Я не магу сказаць, чым гэта абернецца для нас, дабром ці ліхам. Магчыма, злосьць Ворага на Сарумана зблытае варожыя думкі, прымусіць змарнаваць час. Можа, ён даведаецца, што я быў ля Ортанку й стаяў на ягоным ганку – з хобітамі за сьпінай. Ці што нашчадак Элендыля жывы й стаяў побач з мною. Калі Зьмеяротага не падманулі роханскія латы, ён згадае Арагорна й тытул, які Арагорн абвесьціў. Гэтага я й баюся. Таму мы й нясемся – не ад небясьпекі, а ў небясьпеку яшчэ горшую. Кожны крок Ценяра нябліжае цябе да Зямлі змроку, Перыгрын Хват.