Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Ён асьцярожна падняў Піпіна й аднёс да ягонай посьцілкі. Мэры пацягнуўся сьледам і сеў побач.
– Паляжы тут, адпачні, калі здолееш, – параіў Гэндальф. – Даверся мне. Калі ў цябе ў руках зноў засьвярбіць, скажы мне. Гэта можна ацаліць. Але ў любым выпадку, даражэнькі хобіт, не падсоўвай мне пад локаць камень! Пакуль я пакіну вас двох сам-насам.
Гэндальф вярнуўся да астатніх, якія стаялі вакол ортанкавага шара, задумліва паглядаючы на яго.
– Бяда прыходзіць уночы, калі яе чакаеш меней за ўсё, – вымавіў чараўнік. – Мы ледзь уратаваліся.
– Як Піпін? – спытаў Арагорн.
– Мяркую, зь ім цяпер усё добра. Трымалі яго нядоўга, а хобіты ацаляюцца надзіва хутка. Успаміны ці іх вусьціш хутка зьнікнуць. Надта хутка, мажліва. Ці возьмеш ты, Арагорн, камень Ортанку, каб захоўваць яго? Гэта небясьпечная праца.
– Сапраўды, небясьпечная, але не для ўсіх, – адказаў Арагорн. – Бо ёсьць той, каму ён належыць паводле права. Бо ж гэта, безумоўна, палантыр з скарбніцы Элендыля, усталяваны ў Ортанку каралямі Гондару. Мой час набліжаецца. Я вазьму яго.
Гэндальф зірнуў на Арагорна і, на зьдзіўленьне астатніх, падняў прыкрыты тканінаю камень ды працягнуў Арагорну, пакланіўшыся.
– Прымі яго, уладар, як прадвесьце ўсяго, што мусіць вярнуцца да цябе, Але ж, калі мне дазволена параіць табе, не карыстайся ім пакуль! Пасьцеражыся!
– Ці быў я калі пасьпешлівы ці неасьцярожны, чакаючы й рыхтуючыся доўгія-доўгія гады? – спытаў Арагорн.
– Дасюль – не. Дык не спатыкніся ж напрыканцы шляху, – адказаў Гэндальф. – Ва ўсялякім выпадку, трымай гэтую рэч у таямніцы. Ты й усе астатнія, хто прысутнічае тут! Перш за ўсё сачыце, каб хобіт Перыгрын Хват ня ведаў, дзе схаваны палантыр. Бо ліхая прага можа зноў адолець яго. На жаль, ён трымаў яго й зазіраў у яго, гэтага не павінна было здарыцца. У Ізенградку я мусіў пасьпяшацца, каб ён не дакрануўся да яго. Але ж я думаў толькі пра Сарумана й не адразу ўцяміў сутнасьць гэтага каменя. А калі я ляжаў, разважаючы, стома й санлівасьць адолелі мяне. Надоечы шмат чаго высьветлілася!
– Так, без сумневаў, мы нарэшце ведаем, што злучала Мордар зь Ізенградкам і як выпрацавалася іх сувязь. Шмат чаго зараз ясна, – склаў Арагорн.
– Дзівосная моц нашых ворагаў і дзівосная іх слабіна! – адгукнуўся кароль Тэядэн. – Аднак нездарма гавораць: ліха часьцяком ліху ж і шкодзіць.
– Шмат разоў адбывалася такое, – пагадзіўся Гэндальф. – Гэтым разам нам дзівосна пашанцавала. Магчыма, гэты хобіт выратаваў мяне ад цяжкой памылкі. Я разважаў, ці скарыстаць мне камень самому, каб высьветліць, да чаго ён прыдатны. Калі б я зрабіў так, я адкрыўся б Чорнаму Ўладару. Я не гатовы пакуль да такога іспыту – калі здольны вытрымаць яго ўвогуле. Але нават калі б я сабраў усе сілы, каб адарвацца ад каменя й ад яго, усё ж я быў бы апазнаны, і тое магло б стаць шкодай для нас, бо нашае выратаваньне – трымацца ў таямніцы як мага даўжэй, пакуль не надыдзе час выступіць адкрыта.
– Гэты час ужо надышоў, – сьцьвердзіў Арагорн.
– Яшчэ не, – сказаў Гэндальф. – Вораг яшчэ сумняецца, і гэтыя хвілі мы мусім выкарыстаць. Відавочна, Вораг лічыць, што камень пакуль у Ортанку – чаму ж яму ня быць там? Значыць, і хобіт там, і Саруман катуе хобіта, прымушаючы глядзець у шар. Чорны розум уладара Барад-дуру пакуль што забаўляецца выглядам хобітавага твару й прадчуваньнем забавы на допыце. Мо колькі часу міне, пакуль ён зразумее сваю памылку. Гэты час нам на карысьць, і мы мусім скарыстацца ім. Мы разьленаваліся, адпачываючы. Трэба рушыць! Навакольле Ізенградку – ня месца для адпачынку. Я паеду наперад зь Перыгрынам Хватам. Тое будзе лепей, чым ляжаць у цемры, пакуль астатнія сьпяць.
– Я вазьму Эямэра й дзесяць вершнікаў, – прапанаваў кароль. – Яны рушаць з мною на сьвітанку. Астатнія няхай едуць з Арагорнам, калі ім захочацца.
– Як пажадаеш, – згадзіўся Гэндальф. – Але ж едзьце што моцы, каб як мага хутчэй сягнуць горнага сховішча, Хельмавага Яру!
У гэты момант на іх лёг цень. Зыркае месяцовае сьвятло раптоўна зьнікла, захіленае. Некалькі вершнікаў гукнулі й прыселі, прыкрыўшы рукамі галовы – нібы абараняючыся ад удару зьверху. Сьляпы жах і сьмяротны холад агарнулі іх. Скурчыўшыся, зірнулі ўгару. Вялізманы чорны цень прасьлізнуў пад поўняй, як чорнае воблака. Павярнуў і накіраваўся на поўнач, летучы хутчэй за любы міжземны вецер. Зоры бляклі перад ім.
Раптам ён зьнік. Людзі стаялі нерухомыя, бы стоды. Гэндальф пазіраў угору, скамянеўшы ад напругі, апусьціўшы рукі, сьціснуўшы кулакі.
– Назгул! – выгукнуў ён. – Вястун Мордару! Навала набліжаецца. Назгулы прыйшлі за Андуйн! Скачыце, скачыце! Не чакайце сьвітанку! Няхай хуткія не чакаюць павольных! Скачыце!