Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Ён кінуўся прэч, клікнуўшы Ценяра на бягу. Арагорн пабег сьледам. Падскочыўшы да Піпіна, Гэндальф падхапіў яго на рукі.
– Ты цяпер едзеш з мною. Цяняр пакажа табе, што такое хуткасьць.
Тады чараўнік падбег да месца, дзе спаў. Цяняр ужо стаяў побач. Закінуўшы малы мяшэчак – увесь свой вандроўны пакунак – за плечы, чараўнік ускочыў на сьпіну каню. Арагорн падняў Піпіна, загорнутага ў плашч і коўдру, і пасадзіў наперадзе Гэндальфа.
– Да пабачэньня! Хутчэй за мной! – гукнуў чараўнік. – Скачы, Цяняр!
Вялікі конь ускінуў галаву. Шаўковы хвост бліснуў у месяцовым сьвятле, заструменіўся ў ветры. I конь памкнуў наперад, пырснуўшы глебаю з-пад капытоў, і панёсься, як паўночны вецер з гор.
– Вось вам цудоўная ноч і вось вам шыкоўны адпачыначак! – пажаліўся Мэры Арагорну. – Шанцуе ж некаторым. Спаць не хацеў, хацеў праехацца з Гэндальфам – і вось яму! I гэта замест таго, каб яго самога ў камень ператварылі ды пакінулі стаяць тут слупом назаўсёды, папярэджаньнем для іншых цікаўных.
– А калі б ты першы падняў ортанкаў камень, а ня ён – мяркуеш, з табой здарылася б што лепшае? – спытаў Арагорн. – А можа, значна горшае, хто ведае. Але, баюся, табе пашанцавала ехаць з мною. I зараз жа. Бяжы й рыхтуйся, ды прыхапі Піпінавы рэчы. Сьпяшайся!
Цяняр ляцеў над роўнядзьдзю без панукваньняў і кіраваньня. Прайшло меней за гадзіну, а ўжо сягнулі бродаў Ізену й перасеклі іх. Курган Вершнікаў і ягоныя халодныя дзіды шэрым прывідам засталіся ззаду.
Піпін паціху ажываў. Вецер у твар быў моцны й асьвяжальны, але хобіт сядзеў у цеплыні. Ды побач з Гэндальфам. Жах ад каменя, вусьцішных ценяў, якія закрывалі поўню, паціху адпускаў яго, заставаўся за сьпінай, быццам горны туман ці мімалётны сон. Ён глыбока ўздыхнуў.
– Я ня ведаў, што вашаць езьдзіць безь сядла верхам, – вымавіў нарэшце, – у вашаці ні вузды, ані цугляў!
– Так, на эльфаў манер я ежджу толькі на Ценяру, – адказаў чараўнік, – ды Цяняр і не захоча цугляў. На ім ня езьдзяць верхам. Гэта ён нясе – калі захоча. Тады аніякі рыштунак не патрэбны. Конь сам сочыць, каб ты заставаўся на ягонай сьпіне – вядома, калі табе раптам не ўзбрыдзе да галавы саскочыць на бягу.
– Як хутка ён ідзе? – спытаў Піпін. – Мяркуючы па ветры, хутка. Але ж гэтак гладка. I які лёгкі поступ!
– Ён рысьсю бяжыць гэтак хутка, што нават найспрытнейшы звычайны конь не дагоніць яго намётам, – адказаў Гэндальф. – Але для яго гэта яшчэ ня хуткасьць. Тут мясцовасьць паціху падымаецца, ды ўсялякіх лагчавінаў і прыгоркаў болей, чым ля ракі. А пабач, як набліжаюцца Белыя горы! Як зьзяе зорнае сьвятло над імі! Вунь там пікі Трайгірну, бы чорныя дзіды. Неўзабаве мы сягнем шляху на Эдорас ды ўедзем у Хельмавую даліну, дзе была бітва дзьве ночы таму.
Піпін маўчаў пэўны час. Чуў, як Гэндальф напявае сабе пад нос ці вышэптвае абрыўкі вершаў на мностве моваў, пакуль вярста за вярстою адставалі й губляліся за сьпінай. Нарэшце чараўнік засьпяваў песьню, зь якой хобіт зразумеў колькі словаў. Жменя радкоў ясна пачулася скрозь прысьвіст ветру:
– Пра што ты, Гэндальф? – спытаў Піпін.
– Я якраз узгадваў некаторыя вершы з досьведу даўніны, – адказаў чараўнік. – Хобіты, мяркую, даўно забыліся іх, нават калі ведалі.
– Не, ня ўсе, – запярэчыў Піпін. – І сваіх стварылі шмат, хоць яны, напэўны, вашаць не зацікавяць. Але ж такое я аніколі ня чуў. Што гэта – сем зораў і сем камянёў?
– Гэта пра палантыры каралёў даўніны, – патлумачыў Гэндальф.
– А што яны такое?
– Назоў значыць: тое, што паглядае далёка. Камень Ортанку – адзін зь іх.
– Дык ён ня быў зроблены, – Піпін завагаўся на момант, – зроблены Ворагам, так?
– Не. Нават і не Саруманам. Гэта па-за ягоным майстэрствам, і Саўронавым таксама. Палантыры – ажно з-за Заходняй зямлі, з Эльдамару. Іх вырабілі эльфы нолдар. Мажліва, Фэянор сам змайстраваў іх калісьці так даўно, што цяжка вымераць час у гадах. Але ж Саўрон можа што заўгодна павярнуць да ліха. Шкада Сарумана! Зараз я бачу: палантыр і стаў шляхам да ягонага падзеньня. Прылады, якія па-за нашаю сілаю разуменьня й стварэньня, – небясьпечныя для нас. Аднак віна Сарумана з таго не памяншаецца. У глупстве сваім ён не сказаў ні слова пра палантыр анікому з Рады. А мы й не падумалі, што зрабілася з палантырамі Гондару сярод бясконцых спусташальных войнаў. I людзі на іх амаль забыліся. Нават у Гондары веды пра іх былі таямніцай, якой валодала няшмат людзей. А ў Арнары дунаданы захавалі толькі даўні верш, кавалак паданьня пра іх.