Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 96 97 98 99 100 101 102 103 104 ... 174
Перейти на страницу:

– Вось трасца! – прабурчэў Сэм. – На ўсенькай зямлі ёсьць адно знанае месца, якое зусім ня хочацца пабачыць зблізёку, і ў гэна сама месца мы валачэмся! I ня можам патрапіць аніякім чынам! Мы ўвогуле ня так ішлі, падаецца мне. Ніяк ня спусьцімся, а калі б здалелі, дык і знайшлі б, што ўся гэная зялёная роўнядзь, безумоўна, агіднейшая дрыгва. Ф-фу! Чуеце, як патыхае?

Ён прынюхаўся да ветру.

– Так, чую, – згадзіўся Фрода, але ж не варухнуўся, і вочы ягоныя па-ранейшаму неадрыўна пазіралі на чорны абрыс і бліснулы праменьчык.

– Мордар, – прамармытаў ён ледзь чутна. – Калі ўжо я мушу йсьці туды, дык хутчэй дабрацца б і скончыць усё гэта!

Ён уздрыгнуў. Вецер дзьмуў ільдзяны, аднак нёс цяжкі смурод гнілаты.

– Ну, – Фрода нарэшце адвярнуўся ад агеньчыка, – усю ноч нам тут нельга бавіцца – у тупіку мы ці не. Мусім знайсьці прыхаванае месца дый пераначаваць, а раніцою мо адшукаем шлях.

– Альбо наступнай раніцою, альбо пазанаступнай, – прамармытаў Сэм, – альбо зусім аніякай. Не туды мы пайшлі.

– Я вось што мяркую, – вымавіў Фрода, – кон мой – ісьці туды, да Ценю. Таму я веру, што шлях знойдзецца. Да ліха ён ці да дабра – вось у чым пытаньне. Уся нашая надзея – у хуткасьці. Усялякае маруджаньне ворагу на карысьць. I вось я тут, затрыманы. Ці мо воля Цёмнай вежы кіруе намі? Усе мае вырашэньні абярнуліся ліхам. Я мусіў пакінуць Зьвяз ужо даўно дый прабрацца ўніз па рацэ, па ўсходнім беразе, і абысьці Эмін Мюйл, і рушыць па цьвёрдай і пляскатай роўнядзі Вялікай Бітвы да Брамы Мордару. А зараз мы з табою шляху назад ня знойдзем, дый оркі шнараць па ўсходнім беразе. Кожны дзень, які мы змарнавалі, – гэта страчаны каштоўны шанец. Я стаміўся, Сэме. Я ня ведаю, што рабіць. Колькі ежы засталося ў нас?

– Толькі гэныя, як вы іх клічаце, лембасы, спадару Фрода. Ладны прыпасец, так скажу. Яны лепшыя за нічога, нашмат лепшыя. Адылі я й уявіць ня мог, калі ўпершыню на зуб іх клаў, што яны прыядуцца й захочацца чаго іншага. А вось зараз ужо хачу. Лусту звычайнага хлеба, куфаль – не, хай паўкуфля – піўка, вось тое пайшло б на здароўе. Я свае прылады для гатоўкі ад ракі валаку, і навошта? Па-першае, вогнішча няма з чаго раскласьці, па-другое, гатаваць – што? Нават і травы няма!

Адвярнуліся ад краю й спусьціліся ў камяністую лагчавіну. Заходнае сонца патанула ў аблоках, і ноч хутка агарнула навакольле. Хобіты ўладкаваліся ў вынятцы пад вялізнай вострай, вызубранай і патрэсканай скалою. Было зімна. Прачыналіся, неспакойна варушыліся. Аднак скала, прынамсі, захіляла ад усходняга ветру.

– Ці бачылі вы іх зноў, спадару Фрода? – спытаў Сэм, калі раніцою, скалелыя й адубянелыя, хобіты сьнедалі ссохлымі лембасамі ў шэрым халодным сьвятле новай раніцы.

– Не, – адказаў Фрода, – я ўжо дзьве ночы анічога ня бачыў і ня чуў.

– I я таксама. Гы-ы! Ад вачэй гэных у мяне дрыжыкі. Можа, мы ўсё-ткі зьбілі яго зь сьледу. Ну й смурода склізкая, пачварань! Я яму "глыкс" ягоны ў глотку ўваб'ю, калі толькі пашанцуе рукі да яго прыкласьці.

– Спадзяюся, табе аніколі не давядзецца. Ня ведаю, як ён раней высочваў нас, але ж тут, напэўна, згубіў, як ты й кажаш. У гэтым ссохлым зьмярцьвелым краі наўрад ці мы пакінулі шмат сьлядоў, і паху таксама, які ні быў бы ён там нюхач.

– Хоць бы так і было! Хоць бы мы ад яго назаўжды пазбавіліся!

– I я хачу гэтага, – пагадзіўся Фрода, – але цяпер галоўны мой клопат – ня ён. Хутчэй бы нам прыбрацца прэч з гэтых пагоркаў! Я іх ненавіджу! На тым адхоне я быццам голы, і паміж мною й Ценем анічога, апрача мёртвых роўнядзяў. А зь Ценю пазірае Вока! Хадзем! Нам трэба абавязкова спусьціцца сёньня.

Але ж і гэты дзень набліжаўся на канца, і надвячорак зьмяніўся прыцемкамі, а хобіты ўсё караскаліся паўз хрыбет, не знаходзячы шляху ўніз.

Час ад часу ў цішыні гэтай запустэчанай краіны ўяўлялася, быццам за сьпінай чуваць слабыя гукі: падае камень ці нават пляскаюць голыя ступакі па камянёх. Аднак калі хобіты прыпыняліся, прыслухоўваючыся, чулі толькі посьвіст ветру над скаламі, але й тое нагадвала шыпячы выдых пачвары з вострымі, прагнымі зубамі.

Увесь гэты дзень, запоўнены карасканьнем, паступова збочвалі на поўнач, уздоўж краю Эмін Мюйлу. Цяпер ля ўсходняга адхону цягнуліся шырокія патрэсканыя тэрасы шчарбатага, выветранага каменю, прарэзаныя часам стромымі расколінамі, падобнымі да равоў, што спускаліся да глыбокіх вызубрынаў у сьцяне-адхоне на ўсходнім краі. Каб адшукаць шлях праз гэтыя цясьніны, што рабіліся ўсё часьцейшымі й глыбейшымі, Фрода з Сэмам павярнулі налева, далей ад краю, і спачатку не заўважылі, што ўжо колькі вёрстаў павольна й паступова спускаюцца: край адхону паціху зьніжаўся.

1 ... 96 97 98 99 100 101 102 103 104 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)