Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Дык вось што цябе турбуе! Піпіне, сябрук, ты не забывайся, што нам казаў Гільдар, а Сэм так любіў паўтараць: "Ня блытайся ў справы мудрых – іх цяжка зразумець і лёгка раззлаваць".
– Але ж усё нашае жыцьцё ўжо колькі месяцаў – суцэльная блытаніна ў справы мудрых, – абурыўся Піпін. – I я хачу даведацца хоць бы крышачку, няхай сабе й небясьпечнага. Хачу зазірнуць у той шар.
– Лепей сьпі! – параіў Мэры. – Ты ўсё даведаесься раней ці пазьней. Даражэнькі мой Піпіне, яшчэ ніводны Хват не пераўзышоў Бронь-Быча ў цікаўнасьці. Зараз не найлепшы час тое мяняць.
– Файна! Вядома, нічога ж ня здарыцца, калі я распавяду табе пра сваё жаданьне адным вочкам зірнуць на той камень. Усё адно не атрымаецца: стары Гэндальф сядзіць на ім, як нясушка на яйках. Але якое расчараваньне пачуць ад цябе толькі "ты нічога ня можаш і таму ідзі сьпі"!
– А што яшчэ мне казаць? – падзівіўся Мэры. – Прабач, Піпіне, але ж насамрэч лепей адкладзем справу на раніцу. Пасьля сьняданку я буду цікаўнейшы за цябе й дапамагу, як здолею, выцягнуць зьвесткі з чараўніка. Але ж зараз ня маю сілаў. Калі яшчэ раз пазяхну, галава адваліцца, адарваўшыся ад вушэй. Дабранач!
Піпін не сказаў болей анічога. Ляжаў спакойна, аднак пра сон і ня думаў. I нават мяккі подых Мэры, які прыснуў праз колькі хвілінаў, як даў дабранач, санлівасьці не навяваў. У цішыні й спакоі думкі пра цёмны шар толькі мацнелі. Піпін зноў адчуваў ягоны цяжар у руках, зноў уяўляў таямнічую барвовую глыбіню, куды зазірнуў усяго на імгненьне. Круціўся, неспакойна варушыўся, намагаўся думаць пра што іншае.
Нарэшце ня выцерпеў. Устаў. Агледзеўся. Было золка, і ён загарнуўся шчыльней у коўдру. Месяц зьзяў халодна й празрыста, і цені кустоў падаваліся чорнымі. Навокал усе спалі. Абодвух вартавых відаць не было – мо яны стаялі наверсе, над лагчынаю, ці хаваліся ў папараці. Падштурхнуты жаданьнем, якога й сам не разумеў, Піпін асьцярожна падкраўся да Гэндальфа. Падавалася, чараўнік сьпіць, але павекі ягоныя закрыліся ня цалкам і з-пад доўгіх веек блішчэлі вочы. Піпін хутка адсунуўся назад. Але чараўнік не варухнуўся, і, зноў заваблены, хобіт амаль супраць волі падпоўз да чараўніка ззаду. Гэндальф быў загорнуты ў коўдру й яшчэ накрыўся плашчом. А побач, паміж чараўніковым бокам і сагнутаю правай рукою, ляжаў куль, нешта круглае, захінутае ў цёмную тканіну. Рука, напэўна, толькі-толькі сасьлізнула зь яго на зямлю.
Ледзь дыхаючы, Піпін папоўз бліжэй, ступню за ступнёй. Нарэшце ўстаў на калені й нахіліўся. Выцягнуў ціхенька рукі й павольна падняў куль. Той зусім не падаваўся цяжкім. "Напэўна, куча якога шмацьця ды ўсё", – падумаў зь дзівоснай палёгкай. Аднак куль на месца не паклаў. На момант замер, сьціскаючы здабычу. Тады раптоўна яго натхніла. Ён на дыбках пракраўся прэч, знайшоў вялікі камень і вярнуўся.
Хутка зьняў тканіну з куля, загарнуў у яе камень і, стаўшы зноў на калені, паклаў куль з новым начыньнем назад, да чараўніковай рукі. Тады, нарэшце, зірнуў на раскрыты шар. Ён падаўся гладкім, крышталёвым, змрочным – мёртвым й голым на зямлі. Піпін падняў яго, хуценька агарнуў коўдраю й азірнуўся, каб ісьці на сваё месца. У гэты момант Гэндальф прамармытаў нешта на незнаёмай мове. Ягоная рука пашнарыла вобмацкам, сьціснула загорнуты камень. Чараўнік уздыхнуў і заціх зноў.
– Вось дурань! – прашаптаў Піпін самому сабе. – Я ж залезу зараз у такое, з чаго потым ня вылезу! А ну, пакладзі назад! – загадаў сабе.
Але зараз ягоныя калені дрыжэлі, і ён не адважыўся наблізіцца да чараўніка, каб дацягнуцца да куля.
– Не, ужо немагчыма замяніць, Гэндальф абавязкова прачнецца, – падумаў хобіт. – Трэба супакоіцца, вычакаць. Так што можна й разгледзець, пакуль ёсьць час. Ня тут, вядома.
Ён ціхенька адышоўся й сеў на зялёны пагорачак непадалёк ад свайго месца. Поўня якраз вызірнула з-за краю лагчавіны.
Піпін сядзеў з ссунутымі каленкамі, прыціснуўшы шар да іх, нахіліўшыся над ім нізка, – нібы галоднае малое над місаю ежы ў куточку воддаль ад астатніх. Разгарнуў коўдру, глянуў на шар. Самое паветра, падалося, застыла й напружылася вакол яго. Спачатку шар быў цёмны, чорны, як абсыдыян, і месяцовае сьвятло блішчэла на ягонай паверхні. Тады нешта ўзварухнулася, засьвяцілася ў ягоным асяродку, прыкавала позірк – так што Піпін ужо ня мог і вачэй адвесьці. Неўзабаве ўся нутрына шара ажно палала вагнём, і ці тое шар пачаў круціцца, ці тое закруціліся вагні ў ім. Зьнянацку полымя згасла. Хобіт сутаргава выдыхнуў, зацялёпкаўся, але застаўся схіленым, сьціскаючы шар абедзьвюма рукамі. Ніжэй і ніжэй нахіляўся да яго, а тады здранцьвеў. Ягоныя вусны бязгучна варушыліся. Нарэшце з прыдушаным крыкам упаў на сьпіну й замер, нерухомы.