Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 98 99 100 101 102 103 104 105 106 ... 174
Перейти на страницу:

Ухапіўшыся за каменны край адхону, ён паціху апусьціўся ды, выпрастаўшы рукі амаль цалкам, знайшоў нагамі апору.

– На адзін крок уніз меней, – абвесьціў ён. – І тут палічка на схіле пашыраецца праваруч. Тут можна стаяць не чапляючыся рукамі. Я зараз... – і тут ён змоўк на паўслове.

Чорная навальніца з усходу моцна, хутка й нястрымна пакацілася на захад, цемра паглынула нябёсы. Бы расколатая скала, суха храснуў проста над галовамі гром. Асьляпляльная маланка абрынулася на ўзгор'е. Задзьмуў, завыў шалёны віхурысты вятрыска, і зь ім, мяшаючыся зь ягоным выцьцём, прынёсься пранізьлівы, жахлівы лямант. Хобіты чулі такі калісьці ў Багнючынах, уцякаючы з Хобіцку, і нават у шырскіх лясох ад яго ільдзянела кроў. А тут, пасярод пустэчы, ён захлынуў жудой нашмат мацнейшай, працяў сэрца халоднымі лёзамі адчаю й вусьцішы, перахапіў дыханьне. Сэм паваліўся ніцма. Фрода міжволі адпусьціў рукі, закрыўшы імі галаву й вушы. Тады пахіснуўся, пасьлізнуўся ды, загаласіўшы, паехаў уніз.

Сэм, пачуўшы, падпоўз да краю.

– Спадару, спадару! – паклікаў ён. – Спадарыку!

Адказу не пачуў. Сэм зразумеў, што ўвесь дрыжыць, аднак, сабраўшыся зь сіламі, удыхнуў і загукаў зноў: "Спадару!" Вецер, падавалася, запіхваў словы назад у глотку, але ж калі першая віхура пранеслася, выючы, па цясьніне й далей у горы, Сэм расчуў слабы водгук:

– Усё файна, Сэме! Я тут. Толькі анічога ня бачу.

Фрода адгукнуўся ціха. Насамрэч ён быў недалёка. Ён сасьлізнуў, а ня ўпаў, бразнуўшыся моцна пяткамі аб шырэйшую палічку ўсяго на некалькі локцяў ніжэй. На шчасьце, там скала была не такая стромая, дый вецер прыціснуў хобіта да сьцяны, так што ён не перакуліўся. Там ён абапёрся лепей, прыціснуўшы твар да каменю, адчуваючы, як грукоча сэрца. Ці цемра вакол зрабілася зусім апраметная, ці вочы ягоныя страцілі зрок – усё наўкол было чорным. Фрода падумаў: "А мо я асьлеп?" Уздыхнуў глыбока й пачуў з чарноцьця наверсе Сэмаў голас.

– Вяртайцеся! Вяртайцеся!

– Я не магу, – адказаў Фрода. – Я ня бачу анічога. Не знайду аніякай зачэпкі, бо ня бачу. Я пакуль не магу варухнуцца.

– Што мне рабіць, пане Фрода? Што мне рабіць? – гукаў Сэм, небясьпечна й далёка высоўваючыся за край адхону й дзівячыся, чаму ягоны гаспадар ня бачыць. Змрачнавата было, так, але ж ня цалкам цёмна. Ён добра вылучаў Фрода пад сабою, самотную шэрую постаць, распластаную па скале. Але ж да яго было анічым не дацягнуцца.

Ізноў ляснулі грымоты, і лінула зьліва – суцэльнае покрыва ільдзянай вады ўпярэмешку з градам забарабаніла па скале.

– Я лезу да вас, – выклікнуў Сэм, хоць не ўяўляў, чым можа дапамагчы, зьлезшы.

– Не, не, пачакай! – загаласіў Фрода гучней. – Я неўзабаве ачуняю. Мне ўжо лепш! Пачакай! Ты тут анічога ня зробіш безь вяроўкі!

– Вяроўка! – і Сэм замармытаў сабе пад нос, ашалела ад радасьці дый палёгкі. – Мяне трэба павешаць на гэнай самай вяроўцы, каб боўтаўся ў навуку астатнім тоўстагаловым. Разявака ты разявісты, вось ты хто, Сэме Гэйхадзе, – так мне часьцяком Дзед казаў, сама ягоныя словы. Вяроўка!

– Не стракачы як сарока! – Фрода дастаткова ачуняў, каб тое мармытаньне адначасова й сьмяшыла, і раздражняла. – Хопіць згадваць свайго Дзеда! Ці ты спрабуеш давесьці мне, што ў цябе ў кішэні вяроўка? Калі так, даставай яе хутчэй!

– Так, спадару Фрода, яна проста ў маёй кішэні! Сотні вёрстаў цягнуў яе з сабою й зусім на яе забыўся!

– Тады хутчэй за справу, працягні мне яе!

Сэм пасьпешліва скінуў хатуль, раскрыў дый укапаўся ў яго. Сапраўды, на самым дне адшукалася вязка шаўкавіста-шэрай лорыйнскай вяроўкі. Сэм апусьціў яе канец Фрода. I цемра нібыта зьнялася з вачэй ці раптоўна вярнуўся зрок. Бо ўжо вылучалася шэрая рыса вяроўкі, як яна спускаецца, гайдаючыся, і нібыта зьзяе слабым срэбным сьвятлом. Зараз было на чым спыніць погляд у цемры, і галава ня так кружылася. Нахіліўшыся наперад, Фрода абвязаўся вакол паса й учапіўся за вяроўку абедзьвюма рукамі.

Сэм адступіў на крок, упёрся нагамі ў пень локці за тры ад краю. Напалову выцягнуты Сэмам, напалову ўскараскаўшыся самастойна, Фрода пераваліўся за край дый расьцягнуўся на зямлі.

Грымоты грукаталі й бурчэлі недзе далёка, і залева яшчэ лупцавала што моцы. Хобіты адпаўзьлі крыху ўгару па цясьніне. Аднак сховішча там было кепскае. Па схілах пабеглі струменьчыкі вады й хутка зьліліся ў сапраўдную паводку, якая плёскала, і пырскала пенаю, і біла з краю адхону, бы зь сьцёкавай трубы з даху.

– Мяне там альбо затапіла б, альбо ўпрост змыла ўніз, – жахнуўся Фрода. – Як пашанцавала, што ў цябе гэтая вяроўка!

1 ... 98 99 100 101 102 103 104 105 106 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)