Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— У момант будзе гатова, — вышчарыла дзяўчына на Друцкага роўныя белыя зубы і, агледзеўшыся, узялася ўбокі. — Аж блішчыць!
— Сапраўды, — згадзіўся Друцкі. — Панна Зоська, відаць, добра папрацавала.
— Ну дык для сябе і не шкада.
— Як гэта, для сябе? — не зразумеў ён.
— Дык матуля казала, што я буду вам гатаваць, як што спатрэбіцца. Што нібы я павінна асвоіцца, — захіхікала дзяўчына, — з уласнай гаспадаркай.
Раптам яна спалохана паглядзела на Друцкага.
— Хіба, хіба, можа, вы не хочаце?..
— З чаго б, — запярэчыў ён, — чаму б гэта мне не хацець?
— А я ведаю?.. Можа, у вас будзе служка.
— Вось гэта не. Не будзе ў мяне ніякага служкі, і я рады, што панна Зося будзе мне гатаваць.
— Рады ці не, не заракайцеся, бо, можа, якраз не спадабаецца.
Зоська рассмяялася і пачала паласкаць анучы над злівам.
— Маё шанаванне пану, — пачуў Друцкі за сабой голас вартаўніка.
— А, як вашы справы?
— Дзякуй вяльможнаму пану. Я прыйшоў паглядзець, ці навялі тут мае парадак.
— Дык я вам дзякую, — падаў яму руку Друцкі, — кватэра выглядае як лялька. Ужо ж на сваю сям’ю вы не павінны скардзіцца.
— Нібыта? — падрапаў ён сябе па цемені. — Ну, так, яны спраўныя, я не скарджуся.
Вартаўнік сказаў гэта з наколькі было магчыма абыякавай мінай, але было відаць, што пахвала вельмі парадавала яго, нават узрушыла, бо кашлянуў ён амаль панура.
Друцкі ўзгадаў тое, што некалі, яшчэ маладым хлопцам, ён пачуў ад дзядзькі: «Польскія мужчыны і англійскія джэнтльмены маюць адну агульную рысу: і адны, і другія лічаць выказванне сваіх пачуццяў найвялікшай непрыстойнасцю».
Праз пятнаццаць хвілін Друцкі застаўся адзін. Ён стаяў ля акна і чакаў, пакуль не ўбачыў Аліцыю, якая ішла плаўным, пругкім крокам.
Вітаючыся, яна падала яму абедзве рукі і сказала:
— Гэта так банальна, што я прыходжу да цябе, і ўсё ж, як любая жанчына, якая прыходзіць па абдымкі да мужчыны, я хачу ў гэтым бачыць нешта незвычайнае… Скажы, гэта не смешна?
— Гэта цудоўна, — сказаў Друцкі, моцна прытуляючы Аліцыю.
Яна падумала: заўсёды тое, што акцёры лічаць прыгожым, у глядзельнай зале, аднак, успрымаецца як наіўнае і банальнае, але, нягледзячы на гэта, яно менш важнае за факт валодання ім, адчування непарыўнай моцы яго рук, прагнасці яго пацалункаў…
— Паглядзі, Аль, як табе падабаецца мая пячора, — Друцкі пацягнуў госцю наперад.
— Столькі кветак! — усміхнулася яна.
— Для цябе, Аль.
Аліцыя стала і ўперылася ў яго вочы.
— Ты ўвесь для мяне… Толькі для мяне… — сказала яна ціха.
— Для цябе, — прызнаў ён з усмешкай.
— Для мяне і ні для каго больш…
Яе пальцы ахапілі твар Друцкага захопніцкім рухам.
— Ні для каго больш, — запэўніў ён.
— Я ведаю, — пачала Аліцыя пасля паўзы, — што ты не разумееш, якое гэта вялікае шчасце… Нічога больш я не прагну… Хачу толькі верыць, што ты мой, што… ніколі мяне не пакінеш. Ніколі! Скажы, ці не зашмат я жадаю ад жыцця?
— Замала, — сур’ёзна прамовіў Друцкі. — Ты магла б, мая Аль, пажадаць яшчэ келіх добрага віна і, калі б гэта зрабіла, я як упаўнаважаны жыцця адкаркаваў бы бутэльку і…
Аліцыя закрыла яму вусны пацалункам.
Ёй падабалася «пячора», хоць яна заявіла, што жыллё не ў стылі Друцкага.
— Ты б па-іншаму ўладкаваў сваю кватэру.
— А ці ўвогуле ўладкаваў бы? — засмяяўся Друцкі. — Можа, гэта ўплыў качавога ладу жыцця, а можа, проста мая прырода, але я не адчуваю патрэбы ў кватэры ці пэўным месцы жыхарства.
— Дзіўна, што мы так мала ведаем адно пра аднаго. Амаль нічога, а між тым… добра знаёмыя. Праўда?
— Відаць, можна кагосьці ведаць без вялікай колькасці звестак пра яго.
— Не, мне не патрэбна біяграфія, важныя дэталі настрою, погляды, звычкі. Дык вось, гледзячы на цябе ці думаючы пра цябе, я ўяўляю цябе цалкам, поўны вобраз, і калі задумваюся пра якую-небудзь частку, ведаю, што яна павінна быць такая і не можа быць іншая…
— Дэдукцыя?
— Не зусім. Хутчэй інтуіцыя.
— І што ж яна табе падказвае?
— Як і раней, не шкадуе для цябе кампліментаў.
Абое засмяяліся.
Аліцыя хацела вярнуцца дадому ў дзесяць, але так атрымалася, што яны не звярнулі ўвагі на гадзіннік. Набліжалася поўнач, калі Друцкі адвёз яе на машыне і паехаў у «Аргенціну».
— У кабінеце пана дырэктара чакае адна жанчына! — далажыў яму парцье.
— Якая жанчына?
— З выгляду яўрэйка, але ўвогуле — вышэйшы клас!
«Гэта Люба!» — падумаў Друцкі.
Ён не памыліўся. Зразумела, яна сядзела за сталом і ад няма чаго рабіць назірала за спінай нахіленай над машынкай Тэці.