Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Дамовіліся, — апусціў галаву Друцкі.
Прафесар паціснуў яго руку і спешна дадаў:
— Але доктару Кунокі пра гэта ні слова!
— Добра.
Бруніцкі замкнуў фатаграфію ў стале, пачаставаў госця папяросай і сказаў:
— Вось што яшчэ я хацеў у цябе спытаць: ты не баішся, што за табой сочаць?
— О, гэта выключана. Дзеля чаго?
— Тады мог бы ты заняцца дастаўкай нам новай пацыенткі?
— Чорт, а не занадта для мяне! — вылаяўся Друцкі.
— Як мне гэта разумець? Ты адмаўляешся?
— Не адмаўляюся, ліха яго бяры, толькі табе не здаецца, што я вымушаны адразу закінуць усе свае ўласныя справы?!
Бруніцкі пакачаўся ў крэсле:
— Ну канечне, я не настойваю, каб ты з гэтым спяшаўся, хоць доктар Кунокі тэрмінова патрабуе новай пацыенткі, таму што гаворка ідзе пра вельмі важную праверку пэўнага эксперымента. Я сказаў таксама, што ты б мог гэтым заняцца. Можа ж так здарыцца, што ты заўважыш патрэбны аб’ект.
— Ну, можа, — неахвотна буркнуў Друцкі, давячы недакурак у попельніцы.
— Справа яшчэ ў тым… Такім чынам, доктар, — звярнуўся прафесар да ўваходзячага японца, — пан Вінклер бярэцца знайсці нам маладую бландзінку.
— Раз вы такі ласкавы, — дадаў доктар, — я б хацеў, каб яна не была худая.
Друцкі суха засмяяўся:
— Можаце яе адкарміць, тысяча чарцей!
Друцкага хацелі затрымаць на абед, але ён быў настолькі сыты па горла абодвума, што падзякаваў і адмовіўся.
Зрэшты, толькі сёння ён перасяліўся на праспект Шуха і хацеў непасрэдна заняцца ўладкаваннем кватэры, таму што ў сем павінен быў першы раз прыняць у сябе Аліцыю.
Акрамя таго, трэба было хоць на чвэрць гадзіны зазірнуць да Залкіндаў, з якімі з дня пасяджэння ў судзе ён зусім не бачыўся.
Друцкі паехаў на Наваліп’е.
Любы не было дома. Яго сустрэў Барыс з кампрэсам на галаве.
— Зноў да мяне вярнуліся гэтыя невыносныя мігрэні, капітане, — наракаў ён, — мяне хочуць выслаць на нейкі французскі курорт, але ж я нават марыць пра гэта не магу, бо каму б я даверыў свае справы? Сёння роднаму брату нельга давяраць.
— Не трэба перабольшваць, Джэк, у цябе ёсць свае дырэктары, адвакаты…
— Зразумела… Ёсць адзін чалавек, якому я цалкам давяраю, але…
— Але я таксама з’язджаю на лета, — уратаваўся Друцкі.
— Канечне, — уздыхнуў Залкінд. — Зрэшты, я б і так не асмеліўся вас прасіць пасля гэтага морфіевага жарту. Але… Ведаеце, Люба, відаць, мела рацыю, што там была замяшаная жанчына.
— Так, была.
— Дык вы ўжо ведаеце?
— Ведаю.
Залкінд засвісцеў:
— Бабы да дабра не давядуць, — рэзюмаваў ён сентэнцыяй.
— Вы і Любу маеце на ўвазе? — пажартаваў Друцкі.
— Ні ў якім разе, — жахнуўся Залкінд. — Люба — анёл. Як яна будзе шкадаваць, што яе не было дома ў гэты час, але, можа, зараз падыдзе…
Ён выглянуў у акно.
— На жаль, — Друцкі ўстаў. — Мне трэба ісці. У мяне цяпер шмат важных спраў і часу ні секунды.
— Работа, капітане? — зацікавіўся Залкінд.
— Дзе там… Так, крыху… асабістыя гісторыі. Пакуль. Кланяйся пані Любе. Калі будзе вольная хвілінка, зазірну зноў. Ага… Я пераехаў. На праспект Шуха.
— Навошта?
— Хопіць з мяне атэльнага жыцця. Можа, старэю, Джэк, а?
— Ну-ну! — недаверліва буркнуў гаспадар, замыкаючы за ім дзверы.
Па дарозе Друцкі зайшоў у магазін кветак і загадаў прыслаць шмат руж і гваздзікоў. Забег у найбліжэйшы бар на лёгкі перакус і паехаў дадому.
«Дадому, — засмяяўся ён, — я, відаць, да канца жыцця не буду ведаць, што значыць слова „дом“, уласны дом, сапраўдны дом».
Аднак ён хацеў, каб яго кватэра нагадвала Аліцыі дом.
Дзверы ён заспеў адчыненымі, а ў кватэры знаходзілася ўся сям’я вартавога, якая заканчвала ўборку. Два здаровыя хлопцы расцягвалі дыван і ставілі на яго нізкую мяккую мэблю. Іх маці, высокая, мажная баба ў спадніцы, закасанай вышэй за калені, шаравала ванны пакой, нахіліўшыся так, што яе шырокі, як у кабылы, зад хістаўся ўправа і ўлева, у такт з рухамі шчоткі, на магутных мускулістых нагах.
— Ну, як там, маці! — прыязна паклікаў Друцкі сярод шуму вады, якая цякла з душа.
Жанчына падняла на яго зачырванелы твар і выпрасталася. Друцкі акінуў поглядам яе купалападобныя грудзі, моцнае тулава, магутныя сцёгны і спіну, разважаючы: «Маці, менавіта так і павінна выглядаць маці. Што за непараўнальны экзэмпляр! Калі б людзі ладзілі для сябе такія выставы, як робяць для пародзістых жывёл, яна б атрымала залаты медаль, хоць ёй павінна быць ужо за сорак».