Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
Панна Лэнска адмоўна паматала галавой.
— Абсалютна прыемнае, шаноўная пані, — працягваў прафесар. — Яму якраз прапісалі як мага больш весяліцца. Прагулкі, гульні, танцы, вясёлая кампанія… Усё мінула бясследна, без найменшага следу.
Пацыентка слаба ўсміхнулася і, дастаўшы з сумачкі нататнік і аловак, напісала:
«Вельмі прыгожая казачка».
— Ну, слухай, скажы пані, што гэта не казачка.
— Паверце мне, — няўпэўнена сказаў Друцкі.
«У вашага сябра няма таленту „дыдактычнага падману“», — напісала жанчына.
Бруніцкі рассмяяўся і падаў нататнік Друцкаму. Гэты ж састроіў вельмі заклапочаную міну і прамовіў:
— Што ж мы можам зрабіць з вашай праніклівасцю? Здаёмся… Хм… але, спадзяюся, гэта не падрывае вашай веры ў паспяховасць рэцэпта прафесара? Я свята веру, што ён у гэтых рэчах не памыляецца.
Жанчына кіўнула галавой і напісала:
«Я веру ў рэцэпт, але не веру, што мне гэта дапаможа».
— Чаму?
«Таму што я не ўмею весяліцца», — напісала яна пасля хвіліны вагання.
— Глупства, шаноўная пані, — абурыўся прафесар. — Будзеце весяліцца як міленькая. Гэта ўжо прашу пакінуць нам…
Яна здзіўлена паглядзела на абодвух.
— Я кажу нам, — патлумачыў прафесар, — таму што баюся, што такі зануда, як я, не здолее нікога развесяліць. Таму я папрасіў пана Вінклера, каб ён мне дапамог. Вы, хіба, будзеце за гэта на мяне крыўдаваць?
Жанчына з усмешкай паціснула плячыма.
— Вы мне павінны паабяцаць толькі адно: добрую волю і выкананне маіх указанняў. Згода?
Яна пацвердзіла кіўком галавы.
— Ну, тады я спакойны. У сувязі з гэтым мы сёння пакінем даследаванні і вы адвезяце мяне дадому.
Пацыентка згадзілася.
Яны занялі месцы ў лімузіне Бруніцкага, і прафесар гаварыў бесперапынку. Ён расказваў пра апошнія навуковыя падзеі, пра новыя метады лячэння псіхастэніі, пра перавагі актыўнага жыцця:
— Сённяшняя навука абвергла традыцыйныя навуковыя погляды, калі сцвярджалася, што найлепшыя лекі — гэта цішыня, спакой і пазбяганне моцных узрушэнняў. Цалкам наадварот. Для псіхічнага здароўя неабходна як мага больш уражанняў і, наколькі магчыма, разнастайных. Страх, гнеў, весялосць — лепшыя, чым сузіранне. Трэба шмат працаваць і шмат адпачываць.
— Medice, cura te ipsum[31], — засмяяўся Друцкі. — Вы ведаеце, пані, што прафесар сам не прытрымліваецца сваіх рэкамендацый…
— Бясспрэчна, я дакладна прытрымліваюся.
— Ну, ты шмат працуеш, але цябе немагчыма ўгаварыць павесяліцца.
— Няпраўда. Я адпачываю. Толькі мой адпачынак іншага роду. Мне, запэўніваю вас, мае дарагія, значна больш эмоцый прыносіць мікраскоп, чым іншым танцы… Але прызнаюся, што я павінен усё ж цікавіцца і танцамі. Калі я не магу сабе гэтага дазволіць, гэта даказвае маю… няздольнасць. І паглядзіце, наколькі відавочныя вынікі гэтага. Мы з Вінклерам аднагодкі, аднак я выглядаю, мякка скажам, на яго дзядзечку! Праўда?
Жанчына прыгледзелася да абодвух і запярэчыла рухам галавы.
— Не? Але ў любым выпадку я з ім адчуваю сябе засушанай моллю побач са скакуном. А чаму? Таму што ён працуе, як вол, і весяліцца, як малады козлік, а я гэтага не ўмею. Таму з яго жыццё аж плешча, а я капчу сабе, як старая свечка.
Пацыентка зноў запярэчыла і напісала:
«Я зусім так не думаю. Вы проста належыце да розных тыпаў, і ўсё».
— Так, — няшчыра засмяяўся прафесар, — толькі да такіх тыпаў, як ён, належыць жыццё. Няхай пані сама памяркуе. Калі б, напрыклад, вам прапанавалі выбраць аднаго з нас — толькі папрашу не саромецца — каго б вы абралі? Ну? Шчыра!
Жанчына акінула іх сумным позіркам і са слабай усмешкай указала на прафесара.
Друцкі не стрымаў смех:
— Бачыш? Ты сябе недаацэньваеш!
— Э… Вы з мяне жартуеце, — Бруніцкі раптам пабляднеў і змоўк.
Аўтамабіль спыніўся перад яго вілай. Выходзячы, прафесар выціснуў пару вясёлых фраз на развітанне і папрасіў Друцкага, каб ён не саромеўся і карыстаўся машынай столькі, колькі будзе патрэбна.
Яны вярнуліся праз горад, потым пераехалі цераз мост на Вісле і Грохуў[32].
Друцкі апусціў шыбы і сказаў:
— Я не люблю закрытых аўтамабіляў. Чалавек пазбаўляецца найвялікшага задавальнення ад язды: паветраны паток, ты нібыта перастаеш адчуваць хуткасць. Праўда, шаноўная пані?
Жанчына кіўнула галавой.
— Некалі ў мяне быў сябар, думаю, яго прозвішча ў вас на слыху. Гэта Мак Вулд. Нейкі час ён лічыўся «самым хуткім чалавекам Злучаных Штатаў». Дык вось, я некалькі разоў меў прыемную магчымасць ездзіць з ім падчас трэніроўкі на спецыяльным гоначным цмоку, які разганяўся да чатырохсот кіламетраў за гадзіну. Я не памятаю, каб калі-небудзь перажываў такія ж незвычайныя эмоцыі.
31
Medict, cura te ipsum (лац.) — вылечы самога сябе.
32
Грохуў — частка Варшавы, размешчаная на правым беразе Віслы.