Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Інакш і быць не магло, бо я не вінаваты.
— Калі гаворка пра морфій, то так.
— А ў чым яшчэ справа?
Прафесар барабаніў пальцамі аб падлакотнікі крэсла і ўважліва прыглядаўся да Друцкага.
— Справа, — працадзіў ён, — у дэфларацыі, учыненай Багданам Друцкім у дачыненні да пансіянеркі Марыі Аліцыі Жэраньскай.
Друцкі зачырванеўся. Ён падумаў, што ўжо Бруніцкі ведаць не можа! Тут ён паціснуў плячыма:
— Караль, дарагі, мяне ніхто не мог пазнаць, з таго часу мінула столькі гадоў.
— Канечне, — не спускаў з яго вачэй Бруніцкі, — ніхто. Ніхто, за выключэннем Марыі Аліцыі з Жэраньскіх, цяпер пракурора Аліцыі Горн.
Ён быў упэўнены ў каласальным эфекце і не расчараваўся. Друцкі пабляднеў. Адкуль, якім шляхам прафесар мог да гэтага дайсці? Якую выгаду ён захоча ад гэтага мець? Друцкі ўпіўся поглядам у нерухомыя вочы Бруніцкага.
Усталявалася маўчанне.
Раздзел 16
Друцкі ў думках узважваў цяжкасць сітуацыі. Калі прафесар Бруніцкі якім бы тое ні было чынам захоча капнуць мінулае, трэба найперш перасцерагчы Аліцыю, ну і дзейнічаць…
— Дык ты яе не пазнаў? — ціха засмяяўся прафесар. — Блаславі свой лёс, што і яна цябе не пазнала. Кажу табе: пракурор Аліцыя Горн, твая абвінаваўца, — тая самая дзяўчына, з-за якой ты зламаў сабе жыццё і кар’еру.
— Неверагодна! Як ты да гэтага прыйшоў?
— Гэта няважна. Збег акалічнасцей. Я цябе нават хацеў папярэдзіць перад працэсам, але не стаў гэтага рабіць, баючыся за твой нервовы стан. Думаю, ты быў бы не такі спакойны падчас разбору, калі б ведаў, хто цябе абвінавачвае.
— Дапусцім, — прамармытаў Друцкі і падумаў, што раз Бруніцкі ўсё ведаў раней і не перасцерагаў яго, то ў яго была нейкая мэта.
— Дзіўна, праўда? — пытаўся прафесар.
— Вельмі дзіўна. Нечувана дзіўна, ну… але зараз ужо ўсё роўна… Паколькі яна не пазнала мяне на судзе… Напэўна, я больш ніколі ў жыцці яе не ўбачу.
— Значыць, яна больш не прыходзіць у «Аргенціну»?
— Не. Даўно.
— У любым выпадку, Багдане, асцерагайся яе.
Друцкі скрывіўся:
— А цябе так хвалюе мая бяспека?
— Хвалюе, і гэта ўжо іншая справа.
— Я слухаю.
— Тыдзень таму адна з маіх пацыентак…
— Альбо адзін з тваіх трусікаў?
— Не, пацыентка з псіхіятрычнай клінікі была выпісана. Гэта тып псіхастэнічкі, які па пэўнай прычыне мяне вельмі цікавіць.
— І што? — панура спытаўся Друцкі. — Я павінен даставіць яе на тваю бойню?
— Пачакай. Дык вось, гэта маладая і вельмі прыстойная жанчына. Па прафесіі оперная спявачка, якая цяпер у поўнай нястачы па той простай прычыне, што… анямела.
— Як гэта, анямела?
— Анямела. Псіхічнае расстройства на сексуальнай глебе. Паслухай, што я скажу, гэта будзе важна пры выбары тактыкі.
— Можа, прымусіш мяне яе лячыць? — здзівіўся Друцкі.
— Пра гэта я хацеў цябе папрасіць, — няпэўна ўсміхнуўся прафесар.
— Ну дык я слухаю.
— Карацей, гэта ўвогуле інтэлігентная дзяўчына. Скончыла гімназію, кансерваторыю і вучылася на юрыдычным. Была даволі паспяховай спявачкай, што дазваляла ёй забяспечваць сябе, яе старых бацькоў, якія жывуць недзе ў Сухачаве ці ў Пултуску, я ўжо не памятаю. Як я ўжо казаў, яна анямела. Адбылося гэта месяц таму, калі яна даведалася, што цяжарная…
— Ага!
— Не «ага». Пацвярджэнне цяжарнасці яе вельмі парадавала.
— А яна не замужам?
— Так. Яна была ўпэўнена, што паведамленне пра гэты стан яе каханаму ашчаслівіць яго і схіліць да жаніцьбы. Падкрэсліваю, што гэта экзальтаваная асоба, відаць, таму яна пераацэньвала высакароднасць партнёра.
— А той змыўся? — здагадаўся Друцкі.
— Так. І даволі брутальна. Гэты нечаканы ўдар так узрушыў маю пацыентку, што яна замкнулася ў сваім пакоі і тры дні не ела і ні з кім не гаварыла — гэта від чорнай меланхоліі. Калі прыехалі бацькі, выкліканыя знаёмымі, яна была ўжо нямая…
— Можа, у дадатак і глухая?
— Не. Параліч галасавых звязак, а хутчэй — на маю думку — часовае паражэнне нерва, які адказвае за складкі, што называюцца plicae ventriculares[29]… але гэта ўжо табе не цікава. Дык вось, урач, якога выклікалі да гэтай дзяўчыны, накіраваў яе ў псіхіятрычную клініку. Пасля кароткага, але дэталёвага агляду, я прыйшоў да высновы, што гэта вылечны выпадак і…
— І ты хочаш даверыць пацыентку мне.
— Табе.
— Як я яе павінен апякаць?
— Вельмі проста. Гаворка пра тое, каб ты праводзіў з ёй па некалькі, няхай, па дзве гадзіны на дзень. Каб стараўся быць з ёю прыемным, сардэчным, далікатным…
29
Plicae ventriculares (лац.) — вентрыкулярныя складкі, якія адносяцца да жалудачка (сэрца, галаўнога мозга).