Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Прыгожая гісторыя!
— Каб пастараўся забяспечыць ёй шмат забаў. Напрыклад, можаш яе браць у тэатр, на прагулкі, у сваю «Аргенціну». Карацей, я б вельмі хацеў, каб у яе з’явілася адчуванне, што ты ставішся да яе вельмі прыязна, добразычліва і па-сяброўску. Усе звязаныя з гэтым выдаткі пакрыеш, зразумела, з сумы, якую я табе выдзяляю.
Друцкі моўчкі закурыў.
— Ты згодны? — нецярпліва спытаўся Бруніцкі.
— Але чаму ты з гэтым звяртаешся да мяне? Няўжо ты не можаш даверыць гэта каму-небудзь са сваіх асістэнтаў, слухачоў, каму-небудзь?
— Не магу. Мне важна, каб гэта быў менавіта ты.
— Чорт! — вылаяўся Друцкі. Яму зараз няёмка было займацца нейкай бабай, да таго ж, нямой.
Друцкі ўстаў, пачаў хадзіць па пакоі і раз’юшана штурхнуў тоўстага ката, які трапіў яму пад ногі.
Кот пранізліва мяўкнуў, а Друцкі ўскрыкнуў:
— Даруй, Караль, але гэта патрабаванне не адносіцца да прынятых мной абавязкаў. Гэта не мае нічога агульнага са справай… са справай твайго… бацькоўства.
Прафесар падціснуў вусны, а Друцкі дадаў:
— Ты не можаш ад мяне гэтага патрабаваць. Я ў тваім распараджэнні ва ўсім, што можа пераканаць цябе, што светлай памяці пані Ванда была табе вернай жонкай. Я разумею тут твае пакуты і, як мімавольны іх віноўнік, гатовы да любых ахвяр. Але я не збіраюся дзеля тваіх фантазій станавіцца медсястрой ці гувернанткай…
— Пачакай, Багдане, — ціха перарваў Бруніцкі. — Мая просьба не фантазія, яна непасрэдна звязана са справай, пра якую ты гаворыш. Пачакай…
Прафесар адкрыў стол і дастаў адтуль фатаграфію.
— Вось, Багдане, а ну прыгледзься да здымка жанчыны, якую я хачу даверыць табе пад апеку.
Друцкі заўважыў, што рука прафесара дрыжала.
Хвіліну Друцкі спакойна прыглядаўся да жанчыны, але раптам пабляднеў, а бровы яго падняліся ад здзіўлення. Ён паглядзеў на прафесара:
— Караль?!.
— Ты бачыш, — выдыхнуў Бруніцкі і зноў закусіў вусны.
— Яна… яна ж так падобная на Ванду! — гаварыў Друцкі, углядаючыся ў фатаграфію. — Неверагодна! Гэта амаль яе партрэт!
— Не зусім, — працадзіў прафесар, — але ў любым выпадку падабенства незвычайнае. Больш за тое, у яе падобны тэмперамент, захапленні, блізкі характар.
— Слухай, Караль, а яна часам не якая-небудзь…
— Сваячка памерлай? Не. Яна з ёю нават не пародненая праз самых далёкіх сваякоў. Я ўважліва гэта вывучыў. Разумееш, я сам быў шакіраваны гэтым падабенствам. Калі яе даставілі ў клініку, у мяне быў сардэчны прыступ…
Друцкі не мог адарваць вачэй ад фатаграфіі.
— Не дзіўна. Колькі ёй гадоў?
— Дваццаць шэсць.
— Такім чынам…
— Проста збег абставін.
— І яна цяжарная?
— Так. Заканчваецца другі месяц.
Друцкі паклаў фота, працёр скроні і плюхнуўся ў крэсла:
— Цяпер разумею, — уздыхнуў ён.
Бруніцкі сутаргава схапіў яго за руку:
— Разумееш? Разумееш?..
— Так. Разумею, што ты патрабуеш ад мяне подласці.
— Чаму подласці? Ты ж выцягнеш гэтую няшчасную з яе калецтва, выцягнеш яе з роспачы! Сам падумай!
— Ты хочаш, — цэдзячы словы, сказаў Друцкі, — каб я пастараўся… закахаць яе ў сябе, каб, не кахаючы яе, я разыгрываў перад ёй камедыю…
— Зусім не! Не трэба камедый! Ты спачувай і сімпатызуй ёй настолькі, колькі гэта беднае стварэнне заслугоўвае.
— Беднае стварэнне, — горка засмяяўся Друцкі, — і ты хочаш гэтаму беднаму стварэнню даць новае расчараванне. Ты хочаш для гэтага беднага стварэння новай трагедыі…
— Памыляешся.
— Ну дык якога ліха, — узарваўся Друцкі, — ты, часам, не спадзяешся, што я з ёю ажанюся?!
— Не. Я спадзяюся толькі, што яна, адшукаўшы ў табе суцяшальніка, забудзецца пра таго, а што найважней, верне голас, які яе корміць.
Друцкі моўчкі курыў.
— Я ўпэўнены, — працягваў прафесар, — што нерв адновіцца.
— Чаму ж яна анямела, а не аслепла або аглухла?
— Яна спявачка. Уся яе ўвага, свядома ці падсвядома, заўсёды канцэнтравалася на галасавых звязках.
— Як жа я з ёю пазнаёмлюся?
— Вельмі проста. Зайдзі заўтра да гадзіны дня ў клініку. Я прыму яе ў тваёй прысутнасці.
— І ты мяне прадставіш урачом?
— Не, сваім сябрам. Думаю, што лепш за ўсё будзе для вашага збліжэння, калі ты прапануеш нам, гэта значыць, ёй і мне, праехацца на машыне.
— Мая машына на дзве асобы, — заўважыў Друцкі.
— Возьмем маю. Па дарозе вы высадзіце мяне на Дэмбовай, а самі паедзеце далей. Астатняе даручаю табе.
— А калі яна ўвогуле не захоча са мной знацца?
— О, гэта нават можна прадбачыць, улічваючы яе псіхічны стан. Я, са свайго боку, парэкамендую ёй тваю кампанію, ды і, думаю, ты як спрытны… спакушальнік дасі сабе рады. Такім чынам… Дамовіліся?