Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Я ніколі не раблю таго, што ўсе і заўсёды, — жартаўліва сказаў ён.
Яна, аднак, успрыняла гэта ўсур’ёз і задумліва пацвердзіла:
— Так… Гэта праўда… Вы не такі. Тады скажыце, чым павінны займацца, на вашу думку, маладыя паненкі?
— Я думаю, сваёй маладосцю. Клуб — гэта карысна для разладжаных і вытрапаных нерваў, якія шукаюць штучнага хвалявання. А маладосць? О, у маладосці яшчэ багата рэчаў для пазнавання, трэба зрабіць столькі адкрыццяў, столькі сапраўдных радасцей і стымулаў…
Друцкі пацёр лоб і зрабіў шырокі, няпэўны жэст рукой.
— Вы так прыгожа гэта сказалі.
— Я не ўмею прыгожа гаварыць. Таму я кажу тое, што адчуваю.
— А…
— Што адчуваю, гэта, можа, нават не тое, што… думаю.
Друцкі зараз падаваўся яшчэ больш незвычайным, яшчэ больш цікавым.
— А вы, — спыталася Юлька. — Вас забаўляе «клуб»?
— Мяне? — задумаўся госць. — Мяне ўсё забаўляе… Можа, клуб менш за астатняе, але гэта таму, што пастаянна… што пастаянна ў маёй галаве зялёна… Скажу вам па сакрэце, што калі б я пераканаўся, што перастала быць зялёна, то не ведаў бы, навошта я жыву… Я так расфіласофстваваўся, відаць, для таго, каб даказаць вам, што розум не з’яўляецца разам з сівымі валасамі, мая малышка.
Юлька глядзела на яго залатыя з усмешкай вочы, на сівеючыя скроні і смуглыя шчокі. Як ён да яе звярнуўся: мая малышка… Цудоўна сказаў…
І раптам ёй прыйшло ў галаву, што яна ні ад каго б не пацярпела такой паблажлівай бесцырымоннасці. Не павінна гэтага цярпець, таму што яна амаль дарослая.
«Калі-небудзь я яму скажу», — вырашыла яна.
Увайшла Аліцыя, і падалі абед.
Раздзел 17
Міналі дні і тыдні.
Жыццё Аліцыі Горн увайшло ў сваю каляіну, глыбокую, трывалую і спакойную, адшукала свой поўны сэнс і найвышэйшую вартасць, у моц якой яна верыла без агаворак, так, як верыла ў моц і незнішчальнасць пачуцця, якое злучала іх дваіх.
— Наша каханне, — гаварыла яна Друцкаму, — гэта тое для нашага існавання, што дух для цела. Яно напаўняе існаванне зместам, надае яму апраўданне і мэту. Гэта самамэта.
— Я так не думаю, — адказваў Друцкі, — я заўсёды думаў, што каханне — гэта толькі сродак, дарога, якая вядзе да мэты.
Аліцыя ж абараняла свой пункт погляду, а яе спраўны розум не падводзіў у падборы аргументаў і ўменні аперыраваць імі.
Друцкі саступаў. Увогуле ён не любіў такія размовы. У абстрактнай сферы ён адчуваў сябе проста непатрэбным, лішнім, заблуканым. Зрэшты, дастаткова было фактаў: яны кахаюць адно аднаго, ці ж гэтага мала?
Аднак Аліцыі было мала. Яна хацела перажываць гэтае каханне цалкам, здабыць з яго не толькі эмацыянальныя скарбы, не толькі найпрыгажэйшую вясёлку і ўсю гаму асалоды, але і звышвартасці, якія дае інтэлектуальнае вывучэнне яго валакно за валакном, дэталёвы, ды такі захапляльны аналіз найдрабнейшых праяў, найменш даступных сувязей, прычын і вынікаў.
— Ты ставішся да кахання, мая Аль, — смяяўся Друцкі, — як гурман да рыбы. Я ўпэўнены, што ад яго застануцца адны косці.
— А ты яго глытаеш сырым? — падыгрывала яму Аліцыя.
Яны настолькі жылі сённяшнім днём, што іх размовы амаль ніколі не краналі мінулага. Зрэдку пры розных абставінах Друцкі згадваў пра тыя ці іншыя здарэнні падчас сваёй вандроўкі па свеце. Аднак Аліцыя, бачачы, як загараюцца яго вочы, як шмат цяпла тады набывае яго голас, не любіла гэтых момантаў і крыху баялася гэтай адзінай сваёй саперніцы, якую спазнала і адчула ў тузе Друцкага па бясконцых дарогах качэўніка.
Яна абажала ў ім гэты ўвабраны ягоны свет, але жадала трымаць скарбонку зачыненай.
Пра будучыню яны таксама не гаварылі. Толькі раз Друцкі пачаў:
— Ведаеш, Аль, мы робім не зусім разумна.
— Чаму?
— Таму што абое вольныя. Мы б маглі, замест таго каб хавацца са сваім каханнем, пабрацца і ўсё.
— Не, Бох, не, — паматала яна галавой.
— Здаецца ж, няма ніякіх перашкод?
— Так, Бох. Вельмі міла з твайго боку, што ты просіш маёй рукі, але, на жаль, я вымушана табе адмовіць.
Друцкі спахмурнеў і, адвярнуўшы галаву, сказаў:
— Разумею.
— Нічога ты не разумееш, — засмяялася Аліцыя.
— Ты не можаш стаць жонкай чалавека, які перад законам… злачынец.
— О!.. Бох! Як ты можаш мяне так крыўдзіць?!
— Я толькі канстатую факты.
— Ты мяне вельмі зачапіў гэтым падазрэннем.
— Мне шкада. Даруй, і не будзем больш пра гэта.
— Бох!
— Не будзем. Усё зразумела.
— Наадварот. Я павінна табе патлумачыць…
— Аль, — перарваў Друцкі, — я цябе запэўніваю, што не крыўджуся на цябе. Я зрабіў гэтую прапанову не падумаўшы, але зараз бачу яе поўную недарэчнасць. Пракурорка становіцца жонкай злачынца… Ха… ха…