Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Яна разгарнула шаўковую хустку, угледзелася і ледзь не войкнула: золатавалосыя светлыя юнакі былі якраз такімі, якімі не раз з'яўляліся перад ёю падчас мараў, трызненняў у далёкім Новагародскім храме, толькі яны тут, на іконе, былі ў доўгіх сініх туніках, і іхнія рукі смірэнна ўздымаліся наверх, да неба. А на чырвоных, сініх, зялёных чатырохкутніках-клеймах вакол іх месціліся розныя звяры, аднак жа самымі вялікімі былі коні!
— У нашых продкаў яны былі Дыяскурамі, грэкі надта любілі ўздаваць ім хваласпевы, — крануў яе за плячо Нікіфар. — Ты, можа, і не заўважыла, але і ў нас у парадным пакоі ёсць старадаўні абраз Казьмы і Даміяна, толькі невялікі. Яго заказаў наш бацька, калі мы нарадзіліся.
Насілкі крануліся, але на імгненне расчыніліся дзверы царквы, і яна ўбачыла святара, які, укленчыўшы перад алтаром, маліўся. Яна адчула ягоную няўпэўненасць.
- Імператар можа пакараць яго?
— Калі разгневаецца. Але хто паспее яму данесці, што абрад удачарэння праведзены толькі сёння? Я прасіў айца Іаана паставіць на пергаменце мінулы месяц, і ён гэта зрабіў, каб уратаваць мяне.
Нікіфар гаварыў гэта, але ўпершыню пачула дзяўчына страх і ў ягоным голасе — вялікі страх перад бязмежнай уладай, якая магла ў адно імгненне спапяліць яго, як маланка.
Дождж заціх, але жоўтыя лісты платанаў прыліпалі да роўных каменных пліт прыгажэйшай вуліцы Канстанцінопаля Месы, якая вяла да Галоўнага Палаца. Яны падалі і падалі, усцілаючы торг паміж форумам Канстанціна, а таксама плошчу Таўра. Чорная хмара, здавалася, зачапілася сваім хітонам за крыж на велічным храме Сафіі, а заліў Басфора за ёю быў свінцова-шэрым і непрыветным.
Насілкі, на якіх неслі Нікіфара і Жывену ў Вялікі Палац, былі ўжо не летнія, з артагазавымі* занавескамі, а прызначаныя для зімовага ўжытку, і рассоўваючы цяжкія завесы з нашытымі на іх гербамі роду Скліраў, Жывена старалася, каб халодны вецер не надта выстуджваў яе, бо была яна ў шаўковым адзенні, як таго патрабаваў прыдворны цырыманіял.
* Род шоўку.
Па загадзе гаспадара на досвітку ў дом прыехала адна з далёкіх цётак Скліра, якая ў маладосці служыла ў Палацы апаясанай папіяй*, а пасля трапіла ў няміласць і цяпер дажывала век шчодрасцю Нікіфара. Цётка дапамагла ёй апрануцца. Шапатлівая, шэрая, як моль, Ірына ажывілася, успомніўшы былое, і папрасілася ў кладавыя, дзе ляжалі скруткі тканін, сувоі карункаў, стаялі каштоўныя, шытыя золатам пантофлі былых уладальніц старадаўняга маёнтка, віселі дзібаджы**, дзівіцісіі***, скарамангіі. Вохкаючы ад таго, што зусім няма часу, яна падабрала для Жывены рэдкай прыгажосці тканіну — якраз пад фіялкавыя вочы, знайшла не надта дарагія падвескі з дробнымі жамчужынамі, сама прымерала дзяўчыне сандалеты, выбрала самыя маленькія, з сярэбранымі клямрамі. Рабыні хутка падшылі дзяўчыне туніку, злёгку падвялі вочы і нацерлі яе цела пахкім алеем.
* Высокі прыдворны тытул.
** Шаўковыя персідскія покрывы.
*** Параднае адзенне.
— Мы не будзем рабіць табе прапалому, усё ж гэта прычоска толькі для знатных жанчын, а ты, хаця толькі што стала знатнаю, у вачах імператара яшчэ нішто, — хутка завіхаючыся вакол Жывены, тлумачыла Ірына. — Мы надзенем табе на галаву сярэбраны абручык і распусцім валасы — яны самы лепшы твой убор. І трошачкі замажам цені пад вачамі, затое злёгку кранём чырвоным шчокі…
Дзяўчына не пазнала сябе, калі зірнула ў бронзавае люстэрка. Іранічна ўсміхнулася. Колькі значэння надаюць рамеі абрадам! Нельга ісці да імператара, калі на табе не будзе парфумы і пазногці не пакрытыя лакам. Але хіба справа ў гэтым? Яе моц не ў парфуме, і калі суджана перамагчы ў будучым паядынку, то толькі сілай духу. А ў яе сёння ёсць такая сіла, яна верыць, што не зможа імператар загадаць асляпіць ці пакараць яе смерцю. І таму, што не распусніцаю паўстане яна перад ім, а дачкой канюшага, і яшчэ таму, што падвойны знак падалі сёння Ашвіны. Менавіта ў царкве Казьмы і Даміяна яна і даведалася пра Нікіфара і Алусія, таксама блізнятаў. А сімвал гэты няпросты, ён значыць, што не ўсё, прызначанае ёй тут, у Візантыі, збыта і перажыта. Яшчэ ж нешта павінна тут адбыцца. Але толькі не смерць! Смерць яна адчула б. Вось толькі на які час затрымаюць тут абставіны?
І адразу падступіла пад сэрца нешта цяжка-злавеснае. Але, страсянуўшы галавой, скінула з сябе гэтае адчуванне Жывена. Не час, не месца. Усё роўна прыйдзе, што прызначана, і заспее яе там, дзе трэба…