Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 89 90 91 92 93 94 95 96 97 ... 174
Перейти на страницу:

Гэндальф засьмяяўся.

– Ну, найуедлівейшы з хобітаў! Усім чараўнікам добра мець хобіта ці двух пад рукою, каб вучылі, што значаць словы, і папраўлялі мудрых. Прашу прабачэньня. Аднак мушу сказаць, думаў я й пра такія простыя рэчы. Мы нясьпешна праедзем яшчэ колькі гадзінаў, пакуль не сягнем канца даліны. А ўжо заўтра паскачам хутка. Калі толькі ехалі сюды, плянавалі вяртацца проста ў каралеўскае жытло, у Эдорас. Гэтая вандроўка зойме колькі дзён па роўнядзях. Але ж цяпер, паразважаўшы, мы зьмянілі пляны. Вестуны памчалі ўХельмаў Яр папярэдзіць пра вяртаньне караля раніцою. Адтуль ён па горнай дарозе зь вялікім рушэньнем выправіцца ў Дунхэрэ. З гэтага часу ня болей за двое ці трое разам мусяць паказвацца на роўнядзях і ўдзень, і ўночы, калі толькі магчыма гэтага пазьбегнуць.

– Ад цябе ці пуста ці густа, – заўважыў Мэры. – Баюся, я далей за сёньняшні адпачынак не заглядваў. Што такое Хельмаў Яр і дзе ён? Дый усё астатняе? Я ж ня ведаю нічога пра гэты край.

– Тады даведайся болей, каб разумець, што адбываецца. Але ня зараз і не ад мяне – у мяне досыць тэрміновых клопатаў, каб іх абдумваць.

– Файна, тады я ля вячэрняга вогнішча падбяруся да Швэндала. Швэндал не такі гарачлівы. Але навошта столькі таямнічасьці? Мы ж выйгралі бітву!

– Так, выйгралі – першую зь бітваў. I пакуль толькі павялічылі нашую небясьпеку. Была нейкая сувязь паміж Ізенградкам і Мордарам. Як яна зьдзяйсьнялася, я яшчэ не зразумеў. Нейкім чынам яны абменьваліся зьвесткамі. А зараз, мяркую, Вока Барад-дуру будзе нецярпліва ўзірацца ў Чараўнікову даліну, дый у Рохан таксама. Чым меней яно заўважыць, тым лепш.

Павольна цягнуўся шлях, віўся ўніз па даліне. То бліжэй, то далей плынеў Ізен у камяністым ручве. З гор прыпаўзла ноч. Туманы растачыліся. Задзьмуў пранізьлівы вецер. Поўня запоўніла нябёсы на ўсходзе няяркім халодным зьзяньнем. Праваруч высокае адгор'е зьмянілася шэрагам голых схілаў. Шэрай прасьцінаю разьвінуліся наперадзе роўнядзі.

Нарэшце прыпыніліся. Збочылі з шляху на чыстую пругкую траву. Праехалі на захад зь вярсту й сягнулі лагчавіны, якая ўразалася ў паўднёвы схіл акруглага Дол-Берэну, апошняга пагорку, зялёнага, з купаю ядлоўцу, рыхтык карона, на вяршыні. Схілы лагчавіны калмаціліся леташняй папарацьцю, між якой ужо выбіраліся з салодкай вясновай глебы пругкія сьвежыя парасткі. На версе невысокіх схілаў расьлі калючыя кусты. Пад імі й зладзілі лягер, гадзіны за дзьве да паўночы. Расклалі вогнішча ў паглыбленьні паміж каранямі буйнога глогу, амаль дрэва, старога й пакурчанага гадамі, але ж моцнага кожным суком. На ўсіх кончыках галінаў ужо набрынялі пупышкі.

Выставілі двох вартавых. Астатнія, павячэраўшы, загарнуліся ў плашчы й коўдры й паклаліся спаць. Хобіты ляжалі крыху воддаль на кучы старой папараці. Мэры ўжо быў заснуў, але Піпіну ня спалася, штосьці непакоіла. Папараць храбусьцела й шаргацела, калі ён круціўся й варушыўся.

– Што здарылася? – спытаў Мэры нарэшце. – Ты што, лёг на мурашнік?

– Не, але мне нейк няўтульна, – адказаў Піпін. – Цікава, як даўно я ня спаў у ложку?

– На пальцах падлічы! – пазяхнуў Мэры. – Толькі трэба згадаць, калі мы пакінулі Лорыйн.

– Ды не. Я меў на ўвазе – у сапраўдным ложку.

– Ну, тады лічы ад Долага Яру, – пазяхнуў Мэры. – Але ж я сёньня дзе заўгодна засну.

– Пашанцавала табе, Мэры, – вымавіў Піпін ціха пасьля доўгага маўчаньня. – Ты з Гэндальфам ехаў.

– Ну дык што?

– Ці вызнаў ты якія зьвесткі, навіны ад яго?

– Так, і нямала. Болей як зазвычай. Але ж ты ўсё чуў, ці амаль усё. Бо ехаў побач, і мы не шапталіся, не сакрэтнічалі. Калі жадаеш, сам едзь зь ім раніцою. Мо сапраўды выцягнеш болей – калі ён захоча цябе ўзяць, вядома.

– Дзякуй! Файна! Але ён утойлівы, ці ня так? Зусім не зьмяніўся.

– Не, зьмяніўся, і яшчэ як! – запярэчыў Мэры, крыху стросшы санлівасьць і дзівячыся, што ж такое турбуе сябра. – Ён нібыта вырас, ці накшталт таго. Ён можа быць і больш строгім, і добрым, і радасным, і сумным за ранейшае, так мне падаецца. Ён зьмяніўся. Але ж пакуль не было дзе пабачыць, у якой ступені. Узгадай, як ён скончыў размову з Саруманам! Саруман стаяў калісьці вышэй за Гэндальфа, быў галавою Рады, што тое ні значыла б. Ён быў Саруман Белы. А цяпер Белы – Гэндальф. Саруман выйшаў, пачуўшы загад, і быў пазбаўлены кія. А тады папросту выслухаў загад ісьці прэч і пайшоў!

– Калі ён зьмяніўся, дык зараз сама час высьветліць, у якой ступені, – не здаваўся Піпін. – Рэч у тым, што ён бліжэй, чым раней. Напрыклад, гэны шкляны шар. Падаецца, Гэндальф надта задаволены, што атрымаў яго. Мабыць, ведае нешта пра яго ці здагадваецца. А ці кажа нам? Не, ні слоўка. А гэна ж менавіта я падхапіў шар, ня даў скаціцца ў калюжыну. "Гэй, хлопча, я гэта вазьму!" – вось і ўсё ад яго. Дзіўна, што ж гэта такое? Такі цяжкі, – Піпінаў голас зусім сьцішыўся, быццам Піпін размаўляў сам з сабою.

1 ... 89 90 91 92 93 94 95 96 97 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)