Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Исторические приключения » Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:

У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Радзіму. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці расейскіх гардэмарынаў.
1 ... 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100
Перейти на страницу:

Расейцы таксама не былі баязліўцамі. Смерць усё пашырала свой карагод, хаця за што тут біліся і паміралі, ведала толькі некалькі чалавек. А месцічы проста зачыняліся ў дамах і маліліся Госпаду… Ім не прывыкаць: што ні соймік, пабоішча. Што ні суд, крывавая звада.

Праз нейкі час Вырвіч больш не адчуваў сябе на свяце. Па-праўдзе, ён толькі цяпер зразумеў, што вайна — гэта сапраўды проста цяжкая праца, якую трэба выконваць вельмі старанна і цярпліва. Мірачыся з тым, што не кожны твой геройскі ўчынак будзе заўважаны і ацэнены — не тэатр, панове. Але, здаецца, пакуль не схібіў… Жывы. Толькі русявы чуб зрэзаны чужой шабляй. Ды ніяк не пазбавіцца ад таго гідкага адчування, якое перажыў, калі загнаў падораны Паланэяй кінжал у бок вусатаму казаку, што і зрэзаў Пранцішаў чуб. Біццё чужой крыві перадавалася праз лязо, нібыта на нейкае імгненне Вырвіч і забіты ім чалавек сталі адной істотай… А потым вочы казака згаслі, з іх знікла душа. Страшна бачыць гэтак блізка, вочы ў вочы, як пакідае цела душа.

Вырвіч апусціў Гіпацэнтаўр, які раптам зрабіўся неверагодна цяжкім, выцер шапкай спацелы твар і паспрабаваў аддыхацца. Як там вучыў Лёднік… Кантроль… А дзе, дарэчы, Лёднік?

— Гетман у небяспецы! — закрычалі побач.

Пранціш агледзеўся: на тым баку пляца ўтварылася нейкая куча… Туды ўжо нехта бег, прыпусціў і Пранціш з Гіпацэнтаўрам… Але пакуль наблізіўся, куча распалася. Казімір Радзівіл спрабаваў узняцца з брукаванкі, снег вакол яго быў увесь чырвоны. Вялікага гетмана захінаў сабой сын полацкага гарбара і двойчы доктар, ледзь утрымліваючы абедзьвума рукамі шаблю. А вакол ляжалі прыхадні. Большай часткай мёртвыя. І шмат, дзесяткі са тры. Ляжала і некалькі радзівілаўскіх янычараў, іх белыя суконныя жупаны шчодра афарбаваліся чырванню.

— Ваша мосць, куды вас паранілі?

Да Радзівіла беглі, падымалі, ратавалі… Пранціш падхапіў Лёдніка, які ўжо валіўся з ног, дапамог апусціцца на брукаванку. Доктар, і без таго не смуглявы, зараз быў белы, як новая папера, і ўвесь у крыві. «Нічога, ён жывучы…» — круцілася ў галаве Пранціша.

— Ды адкасніцеся, я нармальна… Вунь таму дзецюку памажыце, — гэта раўнуў гетман, і да Лёдніка адразу павярнуліся, падбеглі, пачалі перавязваць раны.

Раптам пачуўся страшны свіст і конскі тупат. Вершнікі з крыламі за спінай, у якіх з жудкім выццём біўся вецер, у апераных шлемах пранесліся па брукаванцы, як прывіды.

— Ваша мосць, гусары з’явіліся! — узрадвана крыкнуў нехта. — Маскоўцы бягуць!

Цяпер кроў на снезе здавалася чорнай. Дый стапталі збольшага той снег, агаліўшы брукаванку, а з камянёў — што ўзяць? Колькі па іх прайшло ўжо мінакоў, праехала калёс, колькі на іх памерла народу, не пакінуўшы следу. І наступныя пакаленні будуць хадзіць па гэтай брукаванцы, не падазраючы, што праходзяць па месцу чыёйсці смерці.

Казімір Радзівіл Рыбанька падыйшоў да Лёдніка, той з дапамогай Пранціша так-сяк узняўся.

— Назавіся, хто такі, — уладна загадаў гетман.

— Баўтрамей Лёднік, доктар, сын полацкага мяшчука Гаўрылы Лёдніка, — прахрыпеў той.

— Значыць, не шляхціц… — задумліва прамовіў гетман.

— Ваша мосць, яму далі патэнт на шляхецтва! Яго мосць князь Багінскі… — улез Пранціш.

Гетман перавёў на шкаляра цяжкі позірк.

— Патэнты гэтыя — цьху, ганьба! Нічога яны не значаць. Я б такіх новых шляхціцаў у балаган адпраўляў, замест медзвядзёў. А ты хто ёсць?

— Пранціш Вырвіч з Падняводдзя, герба Гіпацэнтаўр! — Пранціш падпёр плячом Лёдніка, які так і мерыўся зваліцца, а зараз гэта было недарэчы.

— Чарнакніжнікі абодва? — са змрочнай насмешкай папытаўся Радзівіл.

— Гэта паклёп, ваша мосць! — горача запэўніў Пранціш. — Мы абодва добрыя хрысціяне, доктар нават адмовіўся гараскопы складаць, каб гаданнем не грашыць! Ну скажы, што так, Бутрым!

Вакол пачалі збірацца ацалелыя людзі, нехта крычаў «Віват!», «Перамога!».

Гетман дастаў з похваў свой палаш і звярнуўся да доктара:

— Значыць, так, рыбанька. Патэнт свой можаш парваць і выкінуць, гонару ён табе не дасць. Бо набілітацыю можа ўчыніць альбо Трыбунал, альбо вялікі гетман на полі бітвы за выбітны подзвіг. Вось другі прэцэдэнт і маем перад сабой. Так, панове?

Навакольныя ўхвальна загулі.

— Вы ўсе бачылі, як гэты ваяр выратаваў жыццё вялікага гетмана, і як біўся, не шкадуючы сябе, з надзвычайным майстэрствам і мужнасцю. Давай, рыбанька, на калені станавіся…

1 ... 91 92 93 94 95 96 97 98 99 100
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)