Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Исторические приключения » Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:

У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Радзіму. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці расейскіх гардэмарынаў.
1 ... 87 88 89 90 91 92 93 94 95 ... 100
Перейти на страницу:

— Жывы!

— Часткова.

Бутрым з цяжкасцю сеў, патрос галавой, абцёр з твару кроў.

— Паспеў вывернуцца ў апошні момант. Я ж тварына слізкая… Хаця пару рэбраў Герман мне зламаў. Ён дзе?

— Пайшоў за Саламеяй.

Лёднік узняўся, абапёршыся на шаблю, пастаяў, апусціўшы галаву, каб разамгліўся туман.

— Бяры паходню… Рушым! Хутчэй!

У зале Надзеі іх чакала страшнае відовішча. Саламея стаяла на вузкай дарожцы, трымаючы руку з рамфеяй над прорвай. Перад ёй, на адлегласці трох крокаў, высіўся Ватман з шабляй, якая цягнулася да жанчыны, як гадзюка.

— Падыдзеш — кіну ўніз! — цвёрдым, хаця й задыханым голасам гаварыла Саламея. Лёднік таксама ступіў на чырванаватыя пліты.

— Ватман, суніміся! Давай дамаўляцца — я ж бачу, ты можа ўпершыню ў жыцці не хочаш забіваць!

— Мала што не хачу, ёсць такое слова — трэба! — змрочна прагаварыў Ватман. — А ты, доктар, проста як блыха: здаецца, прыціснуў пазногцем, раздушыў — на табе, далей скача. Без рамфеі я адсюль не выйду! І вы не выйдзеце.

— Паслухай, ну ўяві, што будзе, калі гэтая рэліквія апынецца ў руках нават такога мяккага чалавека, як князь Багінскі… Хіба ёсць магнат, які не скарыстаецца ёю на карысць свайго самалюбства? Зноў пачнуць свае ж рэзаць сваіх, далучацца чужыя, спаляць гарады, вытапчуць палі… — Лёднік казаў мякка, павучальна…

Як быццам падчас душэўнай бяседы. І патрошку пасоўваўся наперад.

— А табе што да гэтага, Фаўст? — насмешна папытаўся Ватман. — Хто ты такі? Недавершаны астролаг, няўдалы алхімік, недапечаны шляхцюк? Ці даўно цябе прадавалі, як цяля на рынку? Ці даўно гэты баявіты хлопчык аб цябе боты выціраў? І раптам — дзяржаўны клопат. Ой, не веру. Гэта ты перад каханачкай сваёй вырабляешся. Быццам не ведаеш, што і без рамфеі тут будуць рэзаць адзін аднаго. А так хаця б адзін мацнейшы ўладар утворыцца, вакол якога згуртуецца шляхта. І не рухайся далей, я ўсё бачу.

Лёднік спыніў сваё прасоўванне па дарожцы. Аблічча ў Ватмана было страшнае, як на старажытнай ілюстрацыі да «Бестыярыя». Яму таксама дасталося: галава і твар збітыя кнігамі, на баку неглыбокая, але ж рана, адзежа пашкуматаная лёзамі. Але ён усё яшчэ быў неверагодна дужы і спрытны, здавалася, аб яго можна толькі разбіцца.

— Пан Ватман, я выклікаю вас на двубой! — выкрыкнуў Пранціш. — Вы — нягоднік і мужык! Калі адмовіцеся — вам ганьба!

— Ганьбай больш, ганьбай менш, а нябожчыкі не пляткараць, — абыякава прамовіў Ватман, нават не азірнуўшыся, і пасунуўся да Саламеі.

— Красунечка мая, аддай дзіду! Хіба ты не баішся, што за гэткае вольнае абыходжанне са святой рэччу Бог цябе пакарае?

— Бог бачыць мае намеры! Не падыходзь! — прагаварыла Саламея і адступіла далей.

Ясна было, што бойка на гэтым мастку над прорвай, дзе дваім ніяк не разысціся — праўдзівая смерць. Вырвіч паклаў паходню на край пліты, падыйшоў да Лёдніка, які застыў на сцежцы, крануў за плячо, зашаптаў:

— Ты паранены… А я змагу! Падскочу да яго са спіны… Прапусці!

Ватман, не гледзячы, працягнуў у бок доктара і шкаляра руку з чаканам, у той час, як шабля ў другой руцэ па ранейшаму цэлілася да Саламеі:

— Нават не думайце!

Шкаляру стала вусцішна: няўжо Ватман яшчэ і слых звярыны мае?

Саламея зрабіла яшчэ крок, адступаючы спінай да выхаду… Ватман засунуў чакан за пояс, сціснуў і расціснуў прабітую сцілом руку… А далей зноў было, як падчас начной навальніцы, калі ў святле частых маланак паспяваеш разгледзець толькі асобныя малюнкі, якія не адразу складаюцца ў адзін сюжэт. Найміт кінуўся да жанчыны, спадзеючыся перахапіць рамфею… Але пані Лёднік вельмі трапным, можна сказаць, адпрацаваным рухам, дала яму нагой у тое месца, у якое мужчыне страшней за ўсё атрымаць удар. Прынамсі, у гэтым белавалосы нічым не адрозніваўся ад іншых прадстаўнікоў люду паспалітага, якія паводле закону носяць нагавіцы, бо завыў ад болю і сагнуўся, а яшчэ раз’ятрыўся… А Саламея з крыкам «Прабач, Госпадзе!» расціснула пальцы. Ватман памкнуўся ўхапіць рамфею — і атрымаў ад Чароўнай Дамы такога выспятка ў яшчэ адно не самае прыстойнае месца, што паляцеў услед за рэліквіяй. Нават не ўскрыкнуў. Услед за ім упаў ліхтар… І амаль адразу ж павалілася і паходня, якую Пранціш зачапіў нагой.

Здарылася тое, чаго яны так баяліся апошнім часам: панаванне цемры. Страшной, усемагутнай цемры сутарэнняў.

Цемра… І ціша. Толькі чуліся сутаргавыя ўздыхі Саламеі.

— Залфейка, ты як? — трывожна папытаўся Лёднік сцішаным голасам, нібыта баяўся, што на шум прыйдуць новыя белавалосыя, а можа й чарнявыя альбо лысыя Мінатаўры, не такія паблажлівыя, як іх нядаўні спадарожнік.

1 ... 87 88 89 90 91 92 93 94 95 ... 100
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)