Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Исторические приключения » Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:

У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Радзіму. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці расейскіх гардэмарынаў.
1 ... 88 89 90 91 92 93 94 95 96 ... 100
Перейти на страницу:

— Жывая. У адрозненне ад… Крэсіва не згубіў? Тут побач паходні.

— Чакай, зараз я падыйду… Дакладней падпаўзу. Вырвіч, а ты з месца не ўздумай кранацца, пакуль святло не здабудзем!

Калі паходня нарэшце запалала, вандроўнікі ўбачылі адно аднаго. Вядома, наяўнасць у свеце жывых радавала. Знешні выгляд — не вельмі. Асабліва па традыцыі дасталося Лёдніку — відаць, сапраўды планіда ў яго такая была.

Перш, чым пакінуць залу — цяпер яны выходзілі, як і належала чыстым сэрцам паломнікам, з пустымі рукамі — Саламея падыйшла да края пліты і паўзіралася ў прорву, у якой знік Ватман.

Толькі падняўшыся па прыступках у залу Веры і пачуўшы, як за іх спінай з грукатам і скрыгатам апускаецца сцяна, яны трохі перадыхнулі. Лёднік знясілена лёг на падлогу, прамармытаўшы сваё ўлюбёнае «не кароста, дык адзёр». І Саламея зноў узялася за лекаванне лекара. Перацягнула яму зламаныя рэбры паласой, ададранай ад кашулі, памацала плячо, на якое таксама абрынулася зброя Ватмана — тут косткі былі цэлыя, хаця сіняк наліваўся здаравучы. Доктар запэўніў устрывожаную жонку, што выжыве… Калі, вядома, не атрымае ад яе ў будучым такіх удараў у адчувальныя месцы, якія яна, аказваецца, так дасканала ўмее наносіць.

Каб галава ў яго і так не была разбітая, Саламея паказала б, па якім яшчэ слабым месцы ўмее лупіць недалікатных мужыкоў. Бо забойства — не самая лёгкая ношка для душы, не звыклай купацца ў крыві. Тут не да жарцікаў.

Яны ўтрох сядзелі на каменнай падлозе, глядзелі на фрэску з выявай Страшнага Суда, у прыцемку здавалася, што выявы варушацца, і вочы Вялікага Суддзі паглядаюць проста ў душу… І Пранцішу не хацелася нават думаць, што рабіць далей. Бо выйсця асабліва і не бачылася.

— Доктар, а клубок згарэў…

— Няважна, — прамармытаў Лёднік, які ўладкаваў пабітую галаву на калені Саламеі і цяпер цешыўся дотыкам яе прахалодных пальцаў да свайго вучонага ілба. — Я дарогу памятаю, не цяжэй, чым запомніць размяшчэнне сузор’яў. Але вось ці варта нам ёю вяртацца?

Пранціш не ведаў, што адказаць. Ён глядзеў на выявы грэшнікаў, што ішлі ў вогненнае мора, хаця, напэўна, кожны з іх пры жыцці зусім не спадзяваўся на такі вырак, а хтось і не задумваўся пра лёс сваёй бессмяротнай душы. А можа, былі і такія вартыя жалю дзівакі, якія ганарліва наяўнасць тае самае душы, «бесцялеснае субстанцыі», адмаўлялі, выдумляючы «жывёльны магнетызм» альбо «сусветную механіку». І вось вам — анёл з вогненным мечам… І не ўцячы, і не прыпыніцца.

І не атрымае цяпер Паланэя Багінская з рук свайго вернага рыцара Пранціша Вырвіча рамфею, і не стане сястрой караля, блаславёнага самім Небам…

Але святыня засталася ў Полацку. Назаўсёды…

— Трэба ісці, пакуль не дагарэлі апошнія паходні і свечкі. У нас жа няма такіх вачэй, як у Ватмана… — прамармытаў Лёднік. — І вады няма… І ежы…

— Куды ж нам ісці? — ціха прагаварыла Саламея. — Пашукаць хіба іншыя выхады з лабірынту? Але каля ўсіх храмаў людзі князя. Няма для нас месца на зямлі…

— Ага, засталося есці пацукоў, прывучыць вочы да цемры і тут пасяліцца, — злосна прамовіў Вырвіч. — Шляхціц не павінен нічога баяцца! Нават калі прайграў бойку, а самому не ўдалося загінуць з гонарам на полі — ганьба ўцякаць. Трэба з’явіцца да свайго харунжага ці самога гетмана і з годнасцю прыняць пакаранне. І, калі табе пакінуць жыццё, ісці ў новую бойку.

Вырвіч ускочыў на ногі, ускудлаціў русявы чуб і пераможна ўсміхнуўся. Гіпацэнтаўр з намі!

— Чаго вы кіснеце, як перастоенае цеста ў дзяжы? Пані Саламея абяцала рамфею ў абмен на жыцці мяне і Лёдніка? Багінскі першым парушыў слова, загадаўшы Ватману нас забіць. Значыць, ганьбы на нас няма, што не выканалі сваю частку дамовы. Рамфеі не будзе ў Багінскага — але яе не будзе і ні ў кога з ягоных супернікаў, хай гэтым і здаволіцца. Спадзяюся, ён стрымае хоць слова, што не будзе чапаць пані Лёднік.

— Не называйце мяне пані, пан Вырвіч, — ціха прамовіла Саламея, Арыядна, якая без дапамогі Тэзея заваліла Мінатаўра, і яе сінія вочы здаваліся вялікімі, як малююць на абразах. — Вы — пан… Вас вырасцілі высакародным і бястрашным ваяром. А мы — полацкія мяшчукі. Патэнт на шляхецтва — гэта проста гульня… Якую ніхто ўсур’ёз не прыняў.

Лёднік пяшчотна пацалаваў вузкую даланю жонкі.

— У Францыі любяць ставіць п’есу Мальера, якая называецца «Мяшчук у шляхецтве». Там такі купец, Журдэн, чалавек някепскі, дужа багаты, але спакушаны славай: карціць яму мець герб і прыдомак да прозвішча. Але толькі выстаўляе сябе на смех, спрабуючы паводзіцца «высакародна». Высокі род паперай не даецца. Вы сказалі правільна, пан Вырвіч. Мы не пацукі падзямельныя, каб бясконца хавацца. Мы вернемся. Раскажам усё, як было. І няхай вырашае Гасподзь.

1 ... 88 89 90 91 92 93 94 95 96 ... 100
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)