Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Исторические приключения » Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега

Электронная книга - «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега». Краткое содержание книги:

У прыгодніцка-гістарычным рамане Людмілы Рублеўскай вы сустрэнецеся са збеглым вучнем Менскага езуіцкага калегіюму Пранцішам Вырвічам і доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку, якім давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцку, Менску і Полацку, выратаваць Сільфіду, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, здабыць дзіду Святога Маўрыкія і не аднойчы біцца за ўласны гонар і за Радзіму. Тлум прыдарожнай карчомкі, абед у князя Гераніма Радзівіла, змова менскага магістрату супраць Пане Каханку, таямніца полацкага аптэкара Лейбы… Яскравы партрэт эпохі, дзе ёсць месца і сляпому лірніку, і вялікаму гетману, найміту-забойцу і італьянскаму опернаму спеваку, сястры ўсемагутнага магната і прадажнаму суддзі… Вы пераканаецеся, што прыгоды беларускіх герояў не менш захапляльныя, чым французскіх мушкецёраў ці расейскіх гардэмарынаў.
1 ... 89 90 91 92 93 94 95 96 97 ... 100
Перейти на страницу:

— Ведаеш, Лёднік, — цвёрда прамовіў Вырвіч, — расказваць буду я. Тое, што трэба расказаць. А ты лепей памаўчы. Адна справа — ісці насустрач смерці, іншая — займацца самазабойствам. З’ясаваў?

Пранціш сам не заўважыў, як зноў загаварыў голасам гаспадара з бяспраўным слугою. Але Лёднік толькі мармытнуў нешта пра «Бог знае круцяля» і скрушна прастагнаў:

— Ё-маё… А кнігі якія пакідаем, Залфейка! Ты бачыла — Полацкі летапіс! Кірыла і Мяфодзій! Хоць бы што прыхапіць… Калі раптам выжыву — не дарую сабе…

Саламея таксама цяжка ўздыхнула, але прамаўчала — ясна, не да кніг цяпер.

Сутарэнні таксама маўчалі, атрымаўшы ахвяру і захоўваючы свае таямніцы. А Вырвіч не мог стрымаць усмешкі, калі падумаў, якую кашчунную карціну пабачаць іхнія наступнікі — скарбашукальнікі ў пакоі мудрасці, які яны сёння так раскалашмацілі.

Раздзел шаснаццаты

ЯК САЛАМЕЯ І ПАЛАНЕЯ СУТАРЭННІ ЎЗАРВАЛІ

У старажытных рукапісах часам можна пабачыць дзіўнае стварэнне: верхняя палова тулава — праўдзівы рыцар, у даспехах, са шчытом. У руцэ замест мяча — бізун. Галава — ад пеўня, замест ног — два змяіныя тулавы.

Цяжка ўявіць жыццё гэткай няскладнай істоты. Але назву яна мае гучную: Абраксас. Не горш, чым Гіпацэнтаўр. Певень сустракае сонца, вястуе пачатак дня і канец панавання цёмных сілаў. Шчыт абараняе ад спакусаў, бізун — наадварот, дае спакусу ўлады. А дзве змяі так і цэляць разпаўзціся, вярнуцца ў звыклыя цемру і тло.

Усё ёсць у душы чалавечай, якую сімвалізуе абраксас. І шукальнікі рамфеі з цяжкасцю пераадольвалі памкненне свайго «змяінага» складніка схавацца, не выпаўзаць на згубнае сонца, да якога, аднак, таксама не маглі не цягнуцца.

Першая, каго пабачыў Пранцысь, падымаючыся па драбінах у пограб Лейбы, была Паланея Багінская, якая нават ускрыкнула ад здзіўлення, пабачыўшы Вырвіча. Як магла б збыцца мара! Усе дэкарацыі гатовыя… Але…

— Ні слова пра рамфею! — хутка і трывожна прашаптала Паланэя, устала.

Прагучаў яе звонкі голас:

— Яны ўжо тут! Зараз самі пабачыце — ніякай таямніцы няма. Проста смелыя мужыны ратавалі кабету, якая па неасцярожнасці ўвалілася ў пограб суседа.

Бутрым, Саламея і Вырвіч жмурылі вочы на марозным сонцы, нібыта начныя птахі. Сонца кідала скупыя жмені промняў на чарапічныя, гонтавыя ці проста крытыя саломай і аерам дахі слаўнага гораду Полацку, жыхарам якога, па праўдзе кажучы, усе падземныя жахі падаваліся куды менш страшнымі і цікавымі, чым мітрэнгі іхняга штодзённага жыцця, з падаткамі падымным, пагалоўным, ваенным, чопавым, паштовым, на соль, на дарогі, з кватарункам войска, з кватарункам дэлегатаў соймаў і соймікаў, ды яшчэ з бясконцымі шляхецкімі разборкамі і нападамі чужынцаў…

Князь Багінскі з сумнай фізіяноміяй паглядаў некуды ў шэра-блакітнае, як модны камзол, ліцвінскае неба, перадаверыўшы тлумачыцца сваім сёстрам. А тлумачыць было трэба. Таму што побач стаяў полацкі ваявода Аляксандр Сапега, на гэты раз не ў парыку і камзоле, а ў спрадвечным сармацкім строі — парчовы жупан, чырвоны кунтуш з саеты з залатымі галунамі, шапка з аграфам — і нават прытупваў ад гневу чырвонымі ботамі па тонкім снежным покрыве. Яшчэ адзін заўважны персанаж сцэны, сівавусы магутны шляхціц у гарнастаевай дылеі паўзверх залатога жупану, з булавой пры баку яшчэ больш ускладняў расстаноўку сілаў, таму што быў гэта сам вялікі гетман Міхал Казімір Радзівіл па мянушцы Рыбанька. Натуральна, кожны з магнатаў быў не сам-адзін, хаця пакуль і без войскаў і вялікай світы. Гэткі прыватны сойм на заднім двары полацкага аптэкара.

— Дзе рамфея, шаноўныя нябожчыкі? — Аляксандр Сапега сціснуў руку на дзяржальне шаблі так, што пальцы збялелі, і, магчыма, быў на валасіну ад таго, каб зрабіць Саламею, Лёдніка ды Вырвіча нябожчыкамі не фальшывымі, а сапраўднымі.

— Няма ніякай рамфеі, ваша княская мосць! — злосна патлумачыла Алена з Багінскіх, якая стала за плячом брата, нібы рыхтуючыся падперці яго, як непахісная калона. — Гэтая дзеўка ўвалілася ў пограб, патрапіла ў старыя сутарэнні. Вы што, бачыце тут якія-небудзь скарбы?

— Не тлуміце мне галаву, вашамосць, — адрэзаў Сапега. — Мы ўсе ведаем, за чым вы пасылалі гэтую кабету. Але вы не маеце права забіраць святыню сабе!

— Чаму гэта не маем права, ваша мосць? — атрутным голасам папыталася пані Алена. — Наш род не горшы ад вашага!

— Пане-браце, — густым уладным голасам прамовіў Радзівіл. — І сёстры… — ён кінуў насмешны позірк на княгіню. — Давайце не будзем высвятляць, чый род магутнейшы. Мы з’явіліся на мірныя перамовы. Мы хочам даведацца праўду… Ці ёсць у Полацку дзіда Отана, і калі ёсць, у чыіх руках ёй належыць знаходзіцца.

1 ... 89 90 91 92 93 94 95 96 97 ... 100
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)