Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Я ўявіла, а што, калі б ён сапраўды не прыйшоў у маю хату... І не зведала б я страху і болю апошніх дзён, і было б у мяне ўсё ціха і спакойна... І мяне аж скаланула ад такога ўяўлення. Я пагладзіла мужчыну па няголенай шчацэ са шнарамі і прамовіла словы, якія, была перакананая, не прамоўлю ніколі і нікому:
— А навошта мне жыць без цябе?
Бомм... Шкло ў шафах тонка задрыжэла. Гадзіннікі працягвалі старанна лічыць час, і ў іх галасах мне чулася злавесная радасць.
Юрась з цяжкасцю ўстаў, нацягнуў швэдар і рушыў да сцяны, упрыгожанай барвовым пухнатым кілімам, на якім была развешаная старажытная зброя — нібыта пакінутая пасля бойкі на залітым крывёй лузе. Павагаўшыся, Дамагурскі зняў з мацаванняў алебарду, такую самую, як у картачнага крыжовага валета. Начышчанае лязо блішчэла, як новенькае. Але, па маім перакананні, метал, які адбіраў жыцці, ніколі не будзе выглядаць звычайна. Лязо алебарды люстравала тыя стагоддзі, калі яно было зброяй смерці. І Юрась выглядаў, як сапраўдны рыцар... Апошні рыцар...
— Пайшлі ў майстэрню...
...Яны ўсё яшчэ беглі па коле, на вуснах — белая пена, хрыплыя галасы рытмічна выкрыкваюць нешта... Юрась падышоў да аднаго з гадзіннікаў, моўчкі паглядзеў у ягоны па-вар’яцку абыякавы масянжовы твар і з усяе сілы ўдарыў па ім алебардай.
Ніколі яшчэ антыкварыят не знішчаўся з такой апантанасцю. Юрась валіў гадзіннікі на падлогу, як смяротных ворагаў, адцягваў убок, разбіваў іх жалезныя вантробы... Я таксама дапамагала, як магла, узяўшы нейкі малаток. Дэталі пырскалі ва ўсе бакі, як дождж Апакаліпсісу. Ірваліся вяроўкі з авечых кішак... Каціліся званы, нібыта адсечаныя галовы... Хутка ціканне сціхла. А карагод усё танчыў. Я старалася не глядзець... Гэта было занадта жахліва... Але дэталі ўразаліся ў памяць. Ліля згубіла адзін туфель, на босай назе парвалася чорная ажурная панчоха, і мільгала яркай плямай ружовая пятка. Правае вока Макса чамусьці налілося крывёю... Шчокі тоўстага ахоўніка трасуцца, нібыта кашалёк у скупой руцэ...
— Што рабіць? — крыкнуў мне Юрась.— Як іх спыніць?
Я разгублена паціснула плячыма. Калі лунатыка раптоўна пабудзіць, ён можа і памерці...
Раптам Юрась наважыўся і з усяе моцы штурхануў таўстуна... Літаральна павіс на ім. А той нібыта не заўважае. Валачэ за сабой нечаканую перашкоду, як мядзведзь, у якога ўчапіўся малады хорт. Урэшце Юрасю ўдалося паваліць апантанага. Нейкі час таўстуна цягнулі за сабой іншыя, але рух запавольваўся. Людзі падалі, але іх ногі працягвалі танец, вусны нешта выкрыквалі...
Юрась пераступіў праз целы, узяў шкляны шар і бразнуў аб падлогу, як выпітую страмянную чарку.
— Усё... Дзякую за гасціннасць.
На развітанне я дастала з кішэні джынсаў канверт з грашыма і сыпанула зялёныя паперкі на пабітыя гадзіннікі.
Юрась зусім выбіўся з сілаў. Я ледзь змагла давесці яго да прыпынку... Але я ўжо ведала, што ніколі не пакіну гэтага чалавека. І гора, і пошасць, і ложак — усё напалам...
Гора хапала — пахаванне Стэлы. Юрась усё-ткі кахаў яе... Мне давялося ўзяць на сябе шмат клопатаў. Тым больш, што Юрасю рабілася блага, асабліва па начах, ён крычаў ад болю, трызніў... Відаць, наступствы тых «ампулак», што яму ўкалолі падчас допыту ў Людвісарава.
Цень Стэлы не стаяў між намі. Я проста часам адчувала, нібыта яна сумна назірае збоку, і яе цёмныя вочы блішчаць у начной шыбе не рэўнасцю або злосцю, а лагодным спачуваннем. Яна быццам разам са мной трывожылася за Юрася, як калісьці ён трывожыўся за яе. І дапамагала мне чакаць яго...
Я чакала яго ўвесь вечар... Гэта мусіў быць асаблівы вечар. Мы дамовіліся, што калі пройдзе сорак дзён пасля смерці Стэлы, ён перабярэцца жыць да мяне назусім.
Я сядзела ля акна ўсю ноч, і прамень фар кожнага выпадковага аўтамабіля нібыта разразаў маё сэрца на дзве палавінкі, а рыпенне снегу пад нагамі рэдкіх мінакоў здавалася землятрусам. Юрась не прыйшоў. Раніцай я пачала шукаць яго... Ніхто не ведаў, куды ён падзеўся. Ягоная маці паведаміла, што ён сапраўды сабраў увечары рэчы і пайшоў да мяне («знайшоў жа, да каго, хіба мала на ягоны век хапіла няўдаліц»,— чыталася ў заплаканых вачах маці).
Сваякі звярнуліся ў міліцыю... Але Дамагурскага так і не знайшлі, як не знайшлі забойцу Аркадзя. Я спрабавала ў адчайных пошуках выйсці на гаспадароў Людвісарава, але дарэмна. Калыванаў з’ехаў, даходзілі чуткі, нібыта ў Расіі яго спрабуюць засудзіць за грашовыя махінацыі. Баркунова ўдава таксама знікла, не зладзіўшы ані саракавінаў па забітым мужы, ані музея яго імя. Рэстаранчыкі і крамы на пляцы Старавежска абслугоўваюць дальнабойшчыкаў, а вежа стаіць пустая, пазірае сляпымі вокнамі-вачніцамі, як паднятая з саркафага мумія. Колькі я блукала вакол Людвісарава, спрабуючы нешта даведацца... Але там цяпер заўсёды цёмна і бязлюдна, нібы ў пустым склепе. Юрась знік бясследна.