Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
І перайшоў на італьянскую мову:
— Я не хачу губляць яе! Не хачу! Што яшчэ можна зрабіць, каб не страціць золатавалосую славянку?
— Нічога, — змрочна адрэзаў Міхаіл. — Альбо яна — альбо выгнанне ці нават смерць.
— Тады спачатку я дам ёй вольную. А вы будзеце сведкамі.
У зачыненыя вокны білася непагадзь, дождж барабаніў па каляровым шкле, і свечкі мігцелі, ад чаго святыя на абразах глядзелі спачувальна і здаваліся жывымі. Пісец рыпеў пяром па пергаменце.
Пакідаючы за сабой ручаіны, шлёпаючы намакрэлымі сандалетамі, увайшоў Мікіта і расказаў, што ніводзін карабель не выйдзе заўтра ў Понцкае мора. Нікіфар сам нагбом выпіў віно, якое засталося ў чашы, загадаў слугам размясціць гасцей па пакоях.
— У першы час* вас разбудзяць, — сказаў ён. — Будзьце гатовыя. А я пашлю яшчэ ганца ў манастыр Касмідыя**.
* У 7 гадзін раніцы.
** Усе справы сям'і павінна была засведчыць у Візантыі царква.
— Прасі айца Іаана ад усіх нас. Мы ўсё ж разам хадзілі ў школу, і мой бацька дапамог яму атрымаць гэтае месца ў сталічным храме, — ужо на парозе нагадаў друнгарый віглы.
Усе разышліся. Але ў сем гадзін, хто на насілках, хто на кані — усе яны былі ля дзвярэй царквы Касмідыя. Да іх дадаўся яшчэ вольнаадпушчанік сям'і Скліраў Дыянісій, які меў багатую краму ў раёне Маландзійскай брамы, і яго жонка.
Дождж калаціўся ў паўночную сцяну храма, ранішняе святло неахвотна запаўзала ў высокія вокны; на пантофлях святара абсыхала чырвоная гліна. Скарамангій* Нікіфара — карычневы, з бліскучай сярэбранай каймою, вісеў на ягоных плячах як чужы.
* Адзенне накшталт каптана для выхадаў у свет.
— Пачнём, — распарадзіўся айцец Іаан.
Коміт з адчаем глядзеў на Жывену, было бачна, што ў ім адбывалася барацьба — вочы гарэлі, як у звера, у якога вырываюць здабычу. Яна ж вачэй не ўздымала, але твар быў бледны, як у нежывой.
— Пачынай! — штурхануў сябра пад локаць Міхаіл. Тады, як апамятаўшыся, той вывеў дзяўчыну да алтара і аб'явіў:
— Жонка мая хацела даць гэтай рабыні вольную. Я ж, улічваючы вялікую дапамогу дзяўчыны ў час хваробы жонкі і цяпер, хачу павялічыць літасць нашага дома і аб'яўляю яе сваёй дачкой, а таксама прашу блаславення царквы на гэтую добрую справу.
Голас яго перарываўся, нібыта душылі коміта парывы халоднага ветру.
— Калі ў прысутных ёсць пярэчанні, хай скажуць пра гэта зараз, — святар абвёў усіх вачыма, але ніхто не паварушыўся.
— Хачу, каб ты пакляўся святымі дарамі, што не меў з вольнаадпушчаніцай, будучай сваёй дачкой, ніякай грахоўнай справы, — загудзеў святар.
— Клянуся святымі дарамі.
— А па якой прычыне ты робіш яе прыёмнай дачкой?
— Я спавядаўся табе пра ўсё, святы айцец. Але няхай гэта застанецца закрытым для іншых, бо ніхто не ведае шляхі гасподнія, якімі прыходзяць да царквы грэшнікі, - Нікіфар, сам таго не заўважаючы, да болю сціснуў руку Жывены, на ілбе ў яго заблішчэлі кроплі поту.
Тады, кіўнуўшы галавой, зноў загудзеў на ўсю царкву святар:
— Я аб'яўляю вольнаадпушчаніцу Жывену прыёмнай дачкой Нікіфара Скліра, шчырага сына царквы і аднаго з нашых дабрачынцаў, і даю ёй новае імя — Ефрасіння, — святар працягнуў руку, куды служка ўклаў загадзя падрыхтаваны скрутак паперы. — І даю гэтае сведчанне ў тым, што было ўсё зроблена згодна з законамі, зацверджанымі яшчэ пры Канстанціне Вялікім і яго маці Алене… Вы, прысутныя, падпішаце гэтае сведчанне.
— А ты, — звярнуўся ён да Жывены, — павінна не забывацца на сваіх новых родзічаў, памінаць іх у малітвах — камітэсу Еўдакію, твайго дзядзьку Алусіяна, род Скліраў…
Святар раздаў усім невялікія абразы, але Жывена ад хвалявання не разгледзела, што намалявана на іх, толькі загарнула ў шаўковую хустку, якая была ў яе на плячах.
Абрад скончыўся, але ўсе стаялі прыгнечаныя, пасля сталі паціху разыходзіцца.
Нікіфар пасадзіў Жывену ў свае насілкі.
— Ты цяпер мне дачка, дык прывыкай.
Некаторы час яны сядзелі моўчкі. Пасля дзяўчына ціха запыталася:
— У цябе быў брат, гаспадар?
— Не проста брат, а блізнюк, падобны да мяне як дзве кроплі вады.
- І што з ім сталася?
— Ён памёр ад ліхаманкі. Я таксама цяжка хварэў, аднак выжыў. Тады ж наш род уклаў у гэтую царкву вялікі дар за памінанне майго брата, бо Казьма і Даміян — таксама боскія браты-блізняты, як і мы з братам. Зрэшты, на іконцы, якую даў табе святар, блізняты надта падобныя на нас з Алусіем, яшчэ юных.
Хмурая непрыветная раніца, бляклае полымя свечак, пах сырасці — усё, што паглыбляла яе адчай, нібы адступілася. Выцвілы, як пасля засушлівага лета, ейны свет зноў напоўніўся фарбамі, заспяваў, набыў сваю пукатасць і выразнасць. Ашвіны не пакінулі яе, яны тут, і няхай носяць іншае імя, але гэта яны, яны! Дый яна сёння змяніла сваё ранейшае імя, схавала яго ў глыбіні душы, як хавалі некалі глыбока ў зямлю клады, заклінаючы іх духамі.