Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 88 89 90 91 92 93 94 95 96 ... 174
Перейти на страницу:
Земляродныя энты, бы горы старыя, Шыракакрочыя й вадапівыя, Дый пад'едку ахвотнікі, хобіты жвавыя, Сьмяшлівыя, малыя й лагодныя.

– Яны застануцца нашымі сябрамі, пакуль аднаўляецца лісьце на дрэвах. Добрага вам шляху! А калі раптам пачуеце навіны там у сябе, у Шыры, дык пашліце мне слоўца. Я маю на ўвазе, як пачуеце ці пабачыце што пра энтавак. Дый самі прыяжджайце, калі зможаце!

– Абавязкова! – адказалі разам Мэры зь Піпінам і хутка адвярнуліся.

Дрэвабарод зірнуў на іх і замаўчаў, задумліва ківаючы галавою. Тады павярнуўся да Гэндальфа.

– Дык Саруман не захацеў выйсьці? – спытаў ён. – Я й ня думаў, што ён адважыцца. Ягонае сэрца счарнела больш за найгоршае гаворнава. Тым ня менш, калі б мяне перамаглі й вынішчылі ўсе мае дрэвы, я таксама не сьпяшаўся б пакінуць нават і цесную цёмную нару, якая схавала б і ўратавала б мяне.

– Напэўна, – пагадзіўся Гэндальф. – Але ж ты не хітрыў таемна й злосна, каб пакрыць увесь сьвет сваімі дрэвамі й задушыць усялякае іншае жыцьцё. А Саруман застаўся тут песьціць старую нянавісьць і плесьці зноў ліха, якое здолее. Ён захаваў ключ Ортанку. I яму нельга дазволіць уцячы.

– Сапраўды так! – сказаў Дрэвабарод. – Саруман без майго дазволу й нагу ня высуне за дзьверы вежы. Энты за тым прасочаць.

– Файна! – адзначыў Гэндальф. – На тое я й спадзяюся. Зараз магу заняцца іншымі справамі й на адзін клопат у мяне паменела. Аднак сьцеражыся! Вада спала. Баюся, недастаткова будзе паставіць вартавых вакол вежы. Не сумняюся: пад Ортанкам пракапаныя глыбокія хады й Саруман цягам часу спадзяецца выходзіць і вяртацца неўпрыкмет. Калі б ты пагадзіўся зноў узяцца за працу ды зноў заліў бы вадою Ізенградак, я надта быў бы за тое ўдзячны. Няхай альбо Ізенградак зробіцца спакойным возерам, альбо знойдзецца выток водам. Калі ўсе пячоры й хады затопяцца ды ўсе вытокі будуць блякаваныя, вось тады Саруману насамрэч застанецца толькі тырчэць у вежы й выглядваць з вокнаў.

– Пакінь тое энтам! – запэўніў яго Дрэвабарод. – Мы абшукаем даліны зьверху да нізу, зазірнем пад кожны валунок. Дрэвы зноў будуць расьці тут – старыя дрэвы, зьдзічэлыя. Зарасьнік гэты мы назавем Вартавым лесам. Нават і вавёрка не праскочыць там без таго, каб я пра тое не даведаўся. Пакіньце тое энтам! Няхай міне й сем разоў па столькі гадоў, колькі ён катаваў нас, – і тады мы ня стомімся пільнаваць яго.

11. Палантыр

Сонца ўжо заходзіла за доўгае заходняе адгор'е, калі Гэндальф зь сябрамі й кароль з харугваю пакінулі Ізенградак. Гэндальф узяў у сядло Мэры, Арагорн – Піпіна. Два каралеўскія ваяры пагналі коней наперад і неўзабаве зьніклі з вачэй у панізьзях даліны. Астатнія ехалі нясьпешна.

Энты, як змрочныя статуі, маўклівым шэрагам стаялі ля брамы, узьняўшы доўгія рукі. Праехаўшы колькі па зьвілістым шляху, Мэры зь Піпінам азірнуліся. Нябёсы яшчэ асьвятляліся сонечнымі промнямі, але на Ізенградак леглі доўгія цені. Шэрыя руіны агарнула цемра. Дрэвабарод стаяў самотны воддаль ад астатніх – нібы абрубак старога дрэва. Хобіты згадалі першую сустрэчу зь ім на сонечнай тэрасе, далёка на памежжы Фангарну.

Сягнулі калёну зь Белай Рукой. Сама калёна яшчэ стаяла, але ж вусьцішная рука ляжала на зямлі, раструшчаная на маленькія аскепкі. Доўгі паказальны палец з пунсовым пазногцем, у змроку амаль чорным, валяўся пасярод дарогі.

– Ані на драбнічку энты не забыліся, – адзначыў Гэндальф.

Мінулі й паехалі далей. У даліне шчыльнеў змрок.

– Ці доўга нам яшчэ ехаць сёньня? – спытаў Мэры неўзабаве. – Я ня ведаю, як вашці едзецца зь недамерлым збродам, які боўтаецца за сьпінай, але той зброд стаміўся ды быў бы рады ня боўтацца, а прылегчы.

– А, дык ты расчуў? – заўважыў Гэндальф. – Ну, не крыўдуй занадта. Будзь удзячны, што не пачуў даўжэйшых абразаў. Бо ён цябе ўважліва разглядаў. Каб суцешыць твой гонар, дадам, што зараз ён пра вас зь Піпінам думае, напэўна, болей, чым пра каго з астатніх наведнікаў. Хто вы, як дабраліся да яго й чаму, што вы ведаеце, ці вас тады захапілі, а калі вас – як вы ацалелі, калі загінулі ўсе оркі, – вось такія нягеглыя загадкі турбуюць вялікі розум Сарумана. Кпіна ад яго, Мэрыядок, – вялікая пашана, калі табе пашэнціла быць нагодаю ягонай заклапочанасьці.

– Дзякуй вялікі! Пашана шчэ большая – матляцца за Гэндальфавай сьпінай. Бо тады, паміж іншым, ёсьць магчымасьць паўтарыць пытаньне. Ці доўга нам яшчэ ехаць сёньня?

1 ... 88 89 90 91 92 93 94 95 96 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)