Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Усё па плане.
— Што за планы?
— Я да гэтага часу жыў у атэлі. Цяпер адшукаў добрую і ціхую кватэру на праспекце Шуха. Заўтра раніцай засяляюся. Пабачыш, мая Аль, што я не дарэмна хвалюся.
— О, я ўбачу? — нібыта здзівілася Аліцыя.
Друцкі збянтэжыўся:
— Дык… дык толькі для гэтага я яе і зняў.
Аліцыя засмяялася і хацела нешта сказаць, але якраз увайшла Юлька.
— Да пабачэння вам, — зрабіла яна какетлівы рэверанс. — Аля, будзь ласкавая, калі патэлефануе Янка, скажы ёй, што я ў Зоські. Добра?
— Добра, дарагая, толькі вярніся да дзевяці.
— Вярнуся. Да пабачэння!
Праз некалькі хвілін выйшла і Юзэфова.
Яны засталіся адны.
У цішыні пасляабедзеннага часу і блізкага змяркання, калі вусны дваіх так блізка, яны ўмеюць забыцца пра існаванне слоў і адшукаць значна больш важкія, вельмі красамоўныя сродкі выражэння.
Гадзіннік у сталовай адбіваў восьмую, калі яны рассталіся.
Аліцыя сапраўды пачала сваё жыццё наноў.
Раздзел 15
Прафесар Караль Бруніцкі паклаў трубку і сказаў:
— Будзе тут праз некалькі хвілін.
Доктар Кунокі буркнуў нешта ў адказ, не адрываючы вачэй ад кнігі, якую чытаў.
— Тэмпература ў сёмым пакоі знізілася?
— Трыццаць восем і шэсць.
— Вось як. Такое адчуванне, што ўкол быў занадта моцны.
Доктар Кунокі адклаў кнігу і з усмешкай паглядзеў на Бруніцкага.
— Вы сёння нервуецеся, сказаў ён спагадліва.
— Магчыма.
— Вы вельмі любіце пана Вінклера?
Прафесар не адказаў, і японец дадаў:
— Не дзіўна. У гэтым чалавеку ёсць прывабная жыццёвая сіла.
— Вы памыляецеся, доктар, я яго не люблю. Мне… не патрэбна яго жыццёвая энергія. Зрэшты, гэта вельмі складана.
Кунокі тактоўна змоўк. Але Бруніцкі праз хвіліну сам пачаў:
— Павінен ужо быць.
— Вы думаеце, — змяніў плынь размовы Кунокі, — адразу праз некалькі дзён пасля яго працэсу рызыкоўна даверыць яму гэтую справу? За ім могуць сачыць.
— Сумняваюся, — паціснуў плячыма Бруніцкі, — зрэшты, ён сам вырашыць.
Доктар выглянуў у акно якраз у момант, калі да варот пад’ехала таксі. З машыны выйшаў Друцкі.
Праз хвіліну ён быў ужо ў холе і, моцна трасучы руку прафесара, смяяўся:
— Бачыш, Караль, ніякія мяне чэрці не бяруць! Вітаю доктара! Як там вашыя… трусікі?
— Усё ў парадку.
— А гэтая малышка, за якую я буду высланы ў пекла?
— Можаце быць за яе спакойныя. Яна палюбіла раманы пра чарнаскурых.
— Чаму, чорт пабяры, пра чарнаскурых? — здзівіўся Друцкі.
Кунокі пытальна зірнуў на Бруніцкага і прадоўжыў за яго:
— Калі мы не памыляемся, яна хоча нарадзіць маленькае негрыцянятка альбо ў найгоршым выпадку мулата.
— Дык гэты яе кавалер не быў чарнаскурым?!
— Зразумела, і тым лепей. Мы робім першы эксперымент па пігментацыі. Таму гарантый не даём. Дакладна толькі, што будзе сын, мяркуючы па ўсім, здаровы і незвычайна моцны, які вырасце вельмі высокім і будзе вызначацца музычным талентам.
Друцкі з падазрэннем глядзеў на іх:
— Доктар, вы з мяне кпіце? — звярнуўся ён да прафесара.
— Не, — запярэчыў Бруніцкі, — доктар — аптыміст.
— Але якім чынам? На якой падставе можна гэта прадказаць?
— О, гэта не мае нічога агульнага з прароцтвамі, — усміхнуўся японец. — Проста справа ў дасягненні жаданага эфекту праз адпаведнае ўздзеянне на арганізм і псіхіку маці…
Прафесар перарваў:
— Давайце не будзем. Я не люблю гаварыць пра пачатыя даследаванні.
— Боязь няўдачы.
— Не.
— Боязь несур’ёзных адносін пабочных…
— Прафана? — падказаў Друцкі.
— Прафана ці спецыяліста, усё роўна. Павер, што з Калумба, які адплываў на Захад з мэтай адшукаць найбліжэйшую дарогу на Усход, смяяліся таксама як прафаны, так і прафесійныя маракі. А доктар Кунокі так стаміўся ад маёй кампаніі, што забываецца пра легендарную японскую стрыманасць.
— Я атрымаў гэта ў спадчыну ад маці, — засмяяўся Кунокі і паглядзеў на гадзіннік. — Ужо, відаць, час зняць бандажы?
— Відаць, — пацвердзіў прафесар, кінуўшы вокам на ўласны гадзіннік, — толькі не забывайце пра масаж.
— Вы гэтую маю небарачку так мучыце?
— Не, — запярэчыў японец, — у вашай выдатна развітая шчытападобная залоза ў пярэдняй частцы, а тут якраз…
— Вось балбатун! — з пагрозай усклікнуў Бруніцкі, і доктар, камічна развёўшы рукамі, выйшаў, не скончыўшы фразы.
— Ну?.. — спытаўся Друцкі пасля хвіліны маўчання.
— Я тэлефанаваў табе па дзвюх прычынах, — пачаў прафесар, — па-першае, хацеў цябе павіншаваць з удалым заканчэннем працэсу.