Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
На развітанне Мартыновіч пацалаваў Аліцыі руку, чаго ён ніколі не рабіў.
Было яшчэ рана, аднак Аліцыя хацела сёе-тое купіць і таму пакінула працу. У тры яна была ўжо дома.
Шчабятаннем і смехам сустрэла яе Юлька.
— Што за баль Сарданапала[27]! — радасна ўсклікнула яна, распакоўваючы набыткі. — Гэты пан Вінклер такі гурман?
— Думаю, такі ж, як і твой Сарданапал, — весела адказала Аліцыя. — Ну, што там у школе?
Далей была чарада справаздач, як заўсёды дэталёвых, пра заняткі, пра выкладчыкаў, пра сябровак. Аліцыя з Юлькай разам накрывалі на стол.
— У нас так даўно нікога не было на абедзе. Я вельмі рада, — гаварыла Юлька, — а ты, Аля, сёння цудоўна выглядаеш! Цудоўна! Ты пераапранешся?
— А як жа. Надзень і ты сваю крэмавую сукенку.
Юльцы перадаўся настрой Аліцыі. Яна адчувала, што гэты госць — болей, чым проста знаёмы, і ёй было настолькі цікава, што яна аж заружавелася.
Усё было гатова без дзесяці чатыры, і Юлька пастаянна выглядвала ў акно. Аліцыя вельмі хацела зрабіць тое самае, але стрымалася.
Як толькі прабіў гадзіннік, загучаў кароткі званок у вітальні.
— Дакладнасць — рыса каралёў, — ухваліла Юлька.
Аліцыя выйшла ў вітальню і ў прысутнасці Юзэфовай толькі падала Друцкаму руку. Ён моўчкі пацалаваў яе далонь, але погляд, якім ён акінуў Аліцыю, утрымліваў столькі захаплення, што па ёй пракацілася гарачая хваля.
Яна хутка адступіла ў сталовую:
— Будзьце ласкавыя… Вы дазволіце — мая кузіна Юлька, пан Вінклер.
— Я не ведала, што вы манарх, — выпаліла Юлька, але, убачыўшы, што госць не разумее яе прэтэнзій да Аліцыі, дадала: — Ну, таму што я была прадстаўлена вам, а толькі манархам прадстаўляюць жанчын.
Друцкі паглядзеў на яе з усмешкай.
— Ці добра так адразу ставіць ні ў чым не вінаватага чалавека ў няёмкую сітуацыю?
— Дарагая, ты недаацэньваеш перавагі сваёй маладосці, — засмяялася Аліцыя, радуючыся запалу Юлькі.
— І сівізну маіх валасоў, — зрабіў паважную міну Друцкі.
Юлька акінула вокам на яго сівеючыя скроні, сустрэла ўсмешлівы позірк і крыху збянтэжылася:
— Ну, на патрыярха вы не падобны.
— Сядайма за стол, — перарвала Аліцыя. — Звані, Юлька.
— Выдатна, бо я страшэнна галодны.
— І я таксама, — дадала Аліцыя.
— Сядайце ж, — звярнулася Юлька да Друцкага.
— Я не магу, прабачце. Толькі манархі дазваляюць сабе заняць месца раней за дам.
Юлька засмяялася і села.
Друцкі пачаў гаварыць пра этыкет і ўвогуле аб правілах паводзін, прынятых у розных экзатычных краінах. З гумарам ён расказваў пра сенсацыю, якую ён выклікаў некалі ў Нікарагуа, цалуючы даме руку. Гэта мода была адразу ж там перанята і набыла агульнае прызнанне.
Друцкі гаварыў свабодна і весела, дасціпна адказваючы на рэдкія пытанні, якія падкідвала Аліцыя.
Юлька прыглядалася да яго з усё большай цікавасцю. Ён не быў прыгожы, не быў нават надта сімпатычны, але меў у сабе штосьці дзіўна прыцягальнае. Юлька не ведала, чаму, але менавіта так яна ўяўляла сабе Алена Жэрбо[28]. Яго нізкі, глыбокі голас валодаў нейкай магіяй. Юлька паглядзела на Аліцыю — о! Ёй пэўна таксама падабаецца гэты пан Вінклер. Яму давялося шмат падарожнічаць…
Відавочна, іх думкі супадалі, таму што Аліцыя сказала:
— Дык вы аб’ехалі ўвесь свет!
— Ну, не ўвесь, — засмяяўся Друцкі, — я, напрыклад, ніколі не быў у Турцыі, у Сібіры, а Швецыю і Нарвегію ведаю толькі з партоў.
— Ах, дык вы марак! — усклікнула Юлька.
— Так, у асноўным марак.
— Ах, — уздыхнула Юлька, — калі б я была мужчынам, то пэўна стала б мараком. Я проста абажаю мора!
— Гэта, — жартам пачала каментаваць Аліцыя, — самая ідэальная любоў.
— Чаму? — спытаўся Друцкі.
— Ды таму, што я ніколі не бачыла мора. Але ў гэтым годзе мы паедзем з Аляй на Хель і будзем рабіць далёкія прагулкі ў адкрытае мора. Шкада, што вас з намі не будзе.
— О, гэтага я яшчэ не гаварыў, — запярэчыў Друцкі, магчыма, і я выберуся на Хель.
Пасля абеду Юлька заявіла, што яна ідзе да сяброўкі рабіць дамашняе заданне.
— Пойдзем у мой пакой, — прапанавала Аліцыя.
Юзэфова прынесла каву і, бразгаючы посудам, пачала прыбіраць са стала.
Калі яны засталіся адны, Друцкі абняў Аліцыю і прыцягнуў яе да сябе.
— Не, не, — стрымала яна яго, — Юлька прыйдзе развітацца…
Аліцыя дакранулася вуснамі да яго губ і дадала:
— Скажы мне цяпер, калі ласка, што Бох рабіў сёння зранку?
27
Сарданапал — персанаж старажытнагрэчаскай міфалогіі.
28
Ален Жэрбо (1893–1941) — французскі лётчык і тэнісіст, які спрабаваў самастойна на яхце перасекчы Атлантыку.