Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
— Ты гэтым дапаможаш Нікіфару, а таксама, магчыма, выратуеш і сябе, — стаў угаворваць яе Васіль.
— Да таго ж яшчэ і невядома: а раптам заўтра на дасвецці ты будзеш сядзець на карме і глядзець, як знікае з тваіх вачэй такі ненавісны для ўсіх нявольнікаў Цар-горад, — мякка-ўкрадліва загаварыў Міхаіл.
Адчайнае жаданне выпрабаваць свой лёс, сваю ўдачу захапіла дзяўчыну. Здалося — стаіць на высокім будынку і вось-вось альбо ўпадзе, каб разбіцца да смерці, альбо… І колькі ж пачуццяў змяшчаецца падчас у адным-адзіным імгненні!
— Я згодная! — сказала яна рашуча.
— Мікіта! — закрычаў Нікіфар, і амаль у тое ж імгненне служка з'явіўся на парозе; выслухаўшы распараджэнне, увесь падабраўся, як ганчак, каб імчацца, куды скажа гаспадар, і знік.
Няўлоўная ноч глядзела скрозь вокны варожа і падазрона: жывы агонь свечак быў яе ворагам, бо адганяў прэч ад людзей у час, які належаў толькі ёй. Непагадзь, якая ўсчыналася, была, наадварот, памочніцай — людзі ўлягуцца ў свае норы, свае ложкі-труны і будуць цалкам належаць ёй, і толькі яна будзе рашаць, каму наслаць сон ці жахлівы кашмар. І, нягледзячы на свечкі, яна спрабавала падступіцца бліжэй, наваліцца цяжарам… Ды Нікіфар, нібы адчуўшы тое, зноў крыкнуў: «Музыку!», і амаль тут жа ў пакой праслізнуў заспаны арфіст, які, беражліва паставіўшы арфу ля каленяў, стаў ціха перабіраць струны.
Але душа Жывены, як сойка, кружылася над служкам, які, адварочваючы галаву ад шалёнага ветру, што імчыцца па пустэльных вуліцах горада, ляцеў зараз на кані да Ўлахернскай гавані. Вось ён дабіраецца да прычалаў, дзе моцныя якары ледзь утрымліваюць на месцы цяжкія гружаныя лодзіі — кумварыі, цяжкія баявыя караблі — драмоны, усіі, памфілы. А больш лёгкія стругі і халендзіі калоцяцца на месцы, гатовыя ўзляцець разам з цёмнымі, халоднымі хвалямі, якія сёння нават тут, у гавані, нястрымна б'юцца аб бераг, а зусім недалёка, у моры, уздымаюцца ў цемры, сцяна за сцяной ідуць на горад і з жахлівым шумам разбіваюцца аб скалы. Жрыца амаль дакладна бачыла, як хлопец углядаецца ў стругі, але ніхто не чуе яго, і ён кіруе да высокай вежы, дзе гарыць агеньчык, пасля караскаецца па прыступках і заходзіць да гемілахіта — камандзіра атрада воінаў, якія дзяжураць тут удзень і ўначы. Шыракалобы, мажны, як бык, у жалезным панцыры на грудзях і кароткіх скураных штанах, прыкрытых, пакуль ён дрэмле, цёплай ваўнянай хламідай, гемілахіт слухае пасланніка коміта, пачціва прапануе яму сесці, але на пытанне, ці ідуць сёння караблі ў Херсанес, адмоўна ківае галавой. «О, не адмаўляй», — моліць яго Жывена, моліць адчайна, з усёй сілай надзеі. Але не — яе сіла тут ні пры чым, ён пацвярджае: заўтра ў мора не выйдзе ніводзін карабель, пра гэта казаў і галоўны наглядчык.
А гэта значыць, што яна застаецца тут, у гэтым доме, і не зможа збегчы, знікнуць адсюль!
— Ох! — вырвалася ў Жывены, яна схілілася над сталом, упала рукамі і галавой на вышыты залатымі грыфонамі абрус. Гэта не Ашвіны падалі ёй знак, гэта страшная багіня смерці Мара засланіла ёй вочы, асляпіла залатымі агеньчыкамі свечак і цяпер стаіць над ёю і зласліва смяецца…
— Што з табой? — Нікіфар падняў яе галаву, дзынькнула разгубленай нотай струна, Васіль падскочыў з кратэрам віна.
…Яна застанецца тут, у праклятым горадзе, дзе вырываюць распаленымі абцугамі вочы, а пасля сцелюцца на падлозе перад абразамі! І просяць даравання, і зноўку робяць тое самае! Птушкі-пачвары, вышытыя золатам, здалося, ажылі пад яе рукамі, пад локцямі, яны стараюцца задзяўбці яе, не даць вярнуцца назад, у свой храм, на сваю зямлю, дзе на Менцязі сцелюцца і абвіваюць яе ногі шаўковыя травы, дзе мякка спаць на верасах, дзе…
— Караблі не ідуць сёння ў Херсанес! — прастагнала дзяўчына.
— Адкуль яна ведае? — здзівіўся Васіль.
— Я ведаю гэта!
Візантыйцы пераглянуліся.
— Нікіфар, можа, мы робім нядобрую справу — калі яна чараўніца, то тады зразумела, што на нас найшло і чаму мы згадзіліся ілжэсведчыць, — выказаўся Міхаіл. Астатнія разгублена маўчалі. Але Нікіфар гнеўна глянуў на сяброў:
— У каго з нас у такую вось хвіліну не раскрываюцца вочы? — ён павысіў голас. — Уратаваць нявінную істоту, урэшце, проста прыгажосць — хіба не абавязак кожнага эліна?
— Магчыма, ты маеш рацыю, — прамовіў нарэшце Васіль. Гермаген, хаця і няўпэўнена, згодна кіўнуў галавой.
— Ну, вось і добра, — з палёгкай уздыхнуў Нікіфар. Ён падышоў да дзяўчыны.
— Выпі, - і ён амаль ткнуў ёй у вусны кратэр. Павярнуўся да сяброў, разгублена патлумачыў: — Яна не ў сабе, бо добра разумее, што яе можа чакаць заўтра.