Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
– Орцкая кальчуга гэтых шыпоў не трымае, – адказаў Фрода. – Дый скураная камізэля таксама.
Выбірацца з зарасьцяў сталася нялёгка. Калючкі й шыпы былі мацнейшыя ад дроту й чапляліся, што кіпці. Калі нарэшце прадраліся, плашчы зьвісалі лахманамі.
– Зараз долу, Сэме, – прашаптаў Фрода. – Хутчэй уніз па даліне, а тады на поўнач так хутка, як толькі здолеем.
Вонкі над сусьветам зноў пачынаўся дзень. Далёка па-за смугою Мордару сонца караскалася на ўсходні ўскраек Міжзем'я, але тут усё было нібы пад начным змрокам. Гара Выраку задыміла, і агні яе згасьлі. Барвяныя водбліскі зьніклі з скалаў. Усходні вецер, што дзьмуў з часу, калі пакінулі Ітыльён, зараз зусім замёр. Павольна й цяжка прадзіраліся хобіты долу, спатыкаючыся, лезучы сярод камянёў, ды калючак, ды мёртвых дрэваў, між сьляпых ценяў, усё ўніз ды ўніз, пакуль далей ужо не было куды.
Там нарэшце спыніліся й паселі побач, прываліўшыся сьпінамі да валуна. Абодва сапрэлі.
– Калі б сам Шаграт паднёс мне шклянку вады, я паціснуў бы яму лапу, – вымавіў Сэм.
– Не кажы так! – абарваў яго Фрода. – Гэтак толькі горш.
Тады выпрастаў ногі, стомлены й змарнелы, і колькі часу маўчаў. Нарэшце зь цяжкасьцю ўзьняўся – і ўбачыў зьдзіўлена, што Сэм заснуў!
– Абудзіся, Сэме! – паклікаў ён. – Давай, час нам зноў намагацца.
Сэм падняўся, хістаючыся.
– Ну, я ж зусім ні адзіным вочкам! Напэўна, адключыўся. Даўнютка ўжо я ня спаў, спадару Фрода. Мае вочы ўпрост самі заплюшчыліся.
Фрода пайшоў наперадзе, кіруючы, як мог, на поўнач, прабіраючыся паміж каменьня й валуніскаў, што густа засейвалі дно вялізнай цясьніны. Аднак раптам спыніўся.
– Сэнсу ў ёй няма, Сэме, – вымавіў Фрода. – Ня здужу я зь ёю. З кальчугай. Не ў цяперашнім стане. Нават міфрыльная бронька падавалася цяжкой, калі я стамляўся. А гэта ж значна грубейшая. А якая карысьць зь яе? Мы ж ня будзем прарывацца з боем.
– Але ж, вераемна, у якую бойку й патрапім, – запярэчыў Сэм. – А тут яшчэ й нажы ўсялякія ёсьць ды стрэлы шалёныя. Глыкс жывы, вось у чым праблема. Не падабаецца мне думка пра тое, што паміж вамі й лязом аднекуль зь цемры – адна толькі скура.
– Ты паслухай, Сэме, хлопча мой. Я стомлены, надта стомлены. I надзеі ў мяне амаль не засталося. Але ж мушу рушыць да гары Выраку, пакуль здольны рухацца. Пярсьцёнка болей чым занадта для мяне. А залішняя вага мяне папросту забівае. Мушу скінуць яе. Але ж ня думай, што я ня ўдзячны. Мне нават і думаць ня хочацца пра бруд, які ты выцерпеў сярод мярцьвячыны, пакуль шукаў памер для мяне.
– Ды не кажыце вы пра тое, спадарыку Фрода, толькі каб вам было добра! Я вас на сьпіне панёс бы, каб мог. То хадзем тады!
Фрода зьняў плашч, сьцягнуў оркаву кальчугу й выкінуў прэч. Перасмыкнуў плячыма.
– Што мне насамрэч трэба, дык гэта нешта цёплае. Або пахаладнела, або я прастыў.
– Можаце мой плашч накінуць, спадару Фрода, – прапанаваў Сэм, а тады скінуў заплечнік, расшпіліў яго й дастаў эльфаў плашч. – Вось што я скажу: загарніцеся ва ўсё орцкае шмацьцё й пас прычапіце, а эльфаў плашч – зьверху. Вядома, не зусім па-орцку выглядацьме, але ж вам цяплей. Да таго ж, мяркую, і ад бяды засьцеражэ лепей, чым любая іншая апратка ці рыштунак. Бо гэна ж панна зрабіла.
Фрода накінуў плашч і зашчапіў фібулку.
– Так лепей! Значна лягчэй. I ісьці далей магу. Аднак гэтая сьляпая цемра цісьне на сэрца. Калі ляжаў у каморы, Сэме, я намагаўся ўзгадаць Бранявін, і Ляснакуцьце, і на Ваду-ля-Стромы, што бяжыць праз млын у Хобіцку. Я не магу бачыць іх цяпер, Сэме.
– Зараз вы, спадару Фрода, пра ваду кажаце! Каб толькі панна магла бачыць альбо чуць нас, я сказаў бы ёй: Вашая найсьвятлейшая мосьць, усё, чаго жадаем мы, – гэта сьвятло й вада. Простая чыстая вада й звычайнае дзённае сьвятло лепшыя за любыя дыяманты, перапрашаю за дзёрзкасьць. Ды не, далёка да Лорыйну, – Сэм уздыхнуў ды махнуў рукою ў бок Эфэл Дуату, здагадацца пра які можна было толькі па цені, глыбейшым за чарноцьце чорных нябёсаў.
Рушылі далей. Неўзабаве Фрода прыпыніўся.
– Чорны Вершнік над намі, – сказаў ён. – Я чую яго. Лепей ня рухацца пакуль што.
Запоўзшы за вялізны валун, селі моўчкі, пазіраючы назад, на захад. Неўзабаве Фрода выдыхнуў з палёгкай: "Мінула!" Паўсталі й пачалі азірацца навокал, зьдзіўленыя. Леваруч, на поўдні, нябёсы шарэлі, і на іхнім тле чорнымі выразнымі абрысамі вымалёўваліся пікі й грабяні высачэзнага хрыбта. За сьпінамі распальвалася сьвятло. Павольна хобіты рушылі на поўнач. Наверсе ў нябёсах разыгралася сапраўдная бітва. Узьвіраныя мордарскія хмары гнала назад, іхнія краі разьляталіся рызманамі, бо вецер жывога сусьвету адмятаў смугу й дым да іхняй чорнай радзімы. Пад прыўзьнятую вусьцішную накрыўку сачылася ў Мордар шэрае сьвятло, нібы бледная раніца зазірала ў закарэлае турэмнае ваконца.