Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
А калі б ён не прыйшоў?..
Відаць, не магло быць іначай, відаць, ёсць, аднак, нейкая вышэйшая сіла, якая гуляе з намі ў шахматы… Чаму яна не магла сцерці яго з памяці?.. Не таму ж, што да яго цягнуцца рукі ўсіх іншых самак, наадварот, якраз гэта яе адштурхоўвала ад яго… А з морфіем… у яе не было ніякіх сумненняў, што ў гульню замяшаная жанчына! Аднак… аднак Аліцыя жыць без яго не змагла б…
Калі тады, у змроку адкрыліся яе вочы, калі яна ўбачыла над сабой гэтыя самыя залацістыя зрэнкі… І за што ж яна павінна была яго ненавідзець? Таму што гэта не ён, а злачынныя каноны грамадскай маралі, якія пужаюць бязмернасцю крывадушнай дурноты, зруйнавалі яе жыццё… Не, частку яе жыцця — мінулае… Калі б не гэтыя каноны, калі б не гэтыя крукі параграфаў, якімі народ раніць сваё жывое цела, што б перашкодзіла, калі б ужо тады людзі засталіся сам-насам з сабой?
Ох, як жа яна ненавідзела грамадства! Як жа яна пагарджала гэтым бажком, якому служыла з ключамі ад вязніцы ў руцэ, гэтым балванам, вылепленым з экскрэментаў пакаленняў і са сліны, выплюнутай несмяротным крывадушшам традыцый!
Аліцыя стаяла ў першым шэрагу жрацоў, якія б’юць чалом перад гэтым бажаством, і першая кінула б у яго камень, калі б не ведала, што шчарбіна тут жа будзе ліквідавана руплівымі рукамі вернікаў, а святататніца загіне, закіданая камянямі.
Аліцыя Горн, кандыдат правазнаўства, падпракурор Акруговага Суда, ведала, што барацьба з балванам права, грамадскага парадку і грамадскай маралі, што змаганне з гэтым калосам бессэнсоўнае. Нават тады, калі пачвара будзе разбітая, як гліняны гаршчок, на дробныя чарапкі ўзбунтаванымі вернікамі, яны адразу ж кінуцца ляпіць другога, таксама пустога і напоўненага толькі іх жаласным нявольніцкім скавытаннем.
У тысячах рэвалюцый ад пачатку свету знішчаны тысячы ідалаў, каб ляпіць новых, усё больш грозных, злых, усё больш помслівых, якія ўсё мацней прыгнятаюць сваімі пачварнымі тушамі жыццё чалавека, усё больш засланяюць яму сонца і зоры…
У нейкім асуджальным вар’яцтве чалавецтва ўсё тужэй заціскае пятлю забарон на сваёй шыі, усё ніжэй б’е чалом Малоху, выдуманаму імі ж сабе на пакуты…
Так думала Аліцыя Горн, пільны вартавы культу, няўмольны інквізітар, які штодзень прыносіць вогненныя ахвяры ўсемагутнай Фікцыі, якой яна таемна помсціла, як і памяці мужа, фанатыкавар’ята, які сам скончыў у пашчы Малоха…
Якім жа вялікім задавальненнем было зараз для яе адшуканне Багдана, якім жа трыумфам над ненавісным зверам!
Яна кіне яго ў вялікае вогнішча, у цудоўны касцёр, на якім будзе пераплаўляць ланцуг сваіх кайданаў у залатыя кроплі незлічоных дзён кахання…
Залатых, як яго зрэнкі…
Яна здабыла яго, і цяпер у яе ўяўленні не ўкладвалася, што магла існаваць такая вялікая сіла, якая здолела б вырваць яго з яе рук.
Ох, яна ведала, што і ён у іх знойдзе шчасце ў сто разоў большае, чым могуць яму даць любыя іншыя рукі на зямлі.
Аліцыя не задумвалася пра тое, як складзецца іх жыццё. Яна ведала яго сутнасць, а форма яе не цікавіла. Яна не сумнявалася, што і ў гэты момант, калі яна сядзіць тут над актамі, Багдан думае пра яе. Бох…
Аліцыя склала паперы, узяла дзве папкі і пайшла да Мартыновіча.
Стары пракурор, прагледзеўшы акт, спытаўся:
— А чаму гэта вы сёння такая вясёлая?
— З чаго вы ўзялі, што я вясёлая? — засмяялася Аліцыя.
— Ну, дык… хм, можа, я няўдала выразіўся: не вясёлая, а хм… чалавечая мова часта бяссільная, у ёй часам не знайсці многіх азначэнняў. Праўда?
— Цалкам з вамі згодная.
— А ведаеце, я добры дыягност, але дрэнны майстар вызначаць гэтыя розныя дробязі… Ва ўсякім выпадку, вы не станеце спрачацца, што ў вас сёння нейкі асаблівы настрой?
— Вы добры псіхолаг, — прызнала Аліцыя з усмешкай.
Мартыновіч зняў акуляры і пацёр рукі:
— Хе…хе…хе… Як бы гэта сказаць. А вы не будзеце злавацца?
— За што?
— От, за жарт.
— Ніколі ў жыцці.
— Ведаеце, я з Віленшчыны, а ў нас там такі настрой апісваюць, хм… толькі, калі вы пакрыўдзіцеся…
— Смялей, пан пракурор!
— Вы самі захацелі. Дык кажуць так: «Ідзе вясна, кахаць пара, а кахадла так далёка!»
Аліцыя рассмяялася, а Мартыновіч, задаволены сваёй дасціпнасцю, ляпнуў сябе па каленях.
— Я аднаго не разумею, — сказала Аліцыя, — чаму «кахадла» павінна быць далёка. Можа, яно якраз бліжэй, значна бліжэй, чым вы думаеце…
Яна пры гэтым спакусліва зіркнула на яго і ледзь стрымалася, каб не рассмяяцца з раптоўнай засаромленасці гэтага паважанага мужчыны, які стаў спешна надзяваць акуляры і без патрэбы перакладваць паперы.