Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Ён і назваў вашую вёску, назву якой я перад гэтым запамятаваў – ці то Зацішша помнілася, ці то Завышша, а, аказваецца, Забалацце. Тады я і спытаў, ці ведае ён Уюновых. «Ды праз пяць хатаў ад мяне жывуць, а з Вінцуком мы лепшыя сябры, – адказаў радасна салдат. – І цётка Мальвіна для нас не чужая...»
Расказаў яму пра зборы. А ён мне паведаміў страшную вестку, што не стала вашага Сымона, – што мне найбольш і апаліла душу, – Божа, за што такія пакуты і гора на вашыя душы?!
З-за таго, што не запомніў вашую вёску, і не пісаў вам раней, прашу дараваць. Я пасля таго доўга ляжаў у шпіталі – ударыўся галавой аб скалу...
Таму не ведаю нават і цяпер, чаму пішу вам. Суцешыць? Дык наўрад ці я здолею тое зрабіць. Пацвердзіць, што Антон быў дабрачым і шчырым чалавекам, дык тое вы і самі ведаеце, нават лепей, чымся я.
Але ж у глыбіні душы нехта – ці не сам Бог – падказвае мне, што мае радкі могуць быць, хаця і вельмі нязначнай, маленечкай, але неабходнай кропляй духоўнай падтрымкі. Веру ў тое, што так яно будзе і сапраўды, бо што ж мы тады адзін без аднаго... Але ж і даруйце, калі мае радкі прынясуць вам новы боль ад успамінаў, бо ён, боль, для вас ніколі не аціхне...
Тады, як мы ўпалі, як я завіс на дрэве і праз колькі секунд ачомаўся, паспрабаваў злезці – ды сарваўся, паляцеў уніз, на выступы скалы... З гарачкі кінуўся ратаваць жывых і пакалечаных.
Жахлівым было відовішча... не буду пра яго расказваць... Тое мне сніцца амаль кожную ноч, і я прахопліваюся кожны раз, крычу і ратую, ратуюся сам...
Антон быў яшчэ жывы, калі я падпоўз да яго. Але ў яго быў распораты жывот – кішкі вываліліся на камень. Я прыпадняў яму галаву, кажу, што неўзабаве прыедзе «хуткая» і выратуе яго... «Ніхто мне, Адам, ужо не дапаможа... Нас узялі, каб забіць, мы ж дамы толькі будавалі генералам і дачы, – якія ж то зборы... Шкада, што так недарэчна атрымалася. Шкада Мальвіну, Сымонку і Вінцука – як яны будуць без мяне?..» Потым уздрыгнуў, закалаціўся – і заціх. Я і заплюшчыў яму вочы... Тады мо ўпершыню я заплакаў. Быццам страціў роднага і блізкага чалавека, хаця за кароткі час ён мне і стаў такім...
Напэўна я і напісаў вам для таго, каб перадаць вам яго апошнія словы, якія ён прамовіў...»
Нешта было напісана і далей, на паўстаронкі, але паштарка не захацела чытаць далей. Было жаданне спаліць тут жа пісьмо, каб не змаглі яго прачытаць ні сын, ні Мальвіна. Сама сабе не магла вытлумачыць, чаму ёй так хацелася зрабіць – у лісце ж у адносінах да яе не тычылася нічога. Але ж сама сабе прамовіла:
– «Усе саграшылі, і таму пазбаўлены славы Божай», «Усе мы блукалі бы авечкі, і таму спакусіліся кожны на сваю дарогу», «Плата за грэх – смерць...»
Дзяўчына заклеіла канверт, паклала ў пашарпаную паштарскую сумку. Але не разам з астатнімі канвертамі, а ў асобную, патайную перагародку...
Абабегла Турбінку і Крушнікі, але не ў кожную хату завітвала – не ўсе падпісвалі газеты: не хапала на тое грошай, і не кожная хата чакала канверт з лістом ці паштоўкай.
А пад абед ужо вярталася ў Забалацце.
У апошняй хаце, дзе жыў дзед Макар, аддала пенсію. Пасля – бабулі Настазі – Насці, дзеду Міхасю... Далей занесла «раённую брахалаўку», як казалі ў вёсцы, даяркам Алёне Барылінай і Ганне Равуцкай.
Далей ужо шлях ляжаў да Вінцука – выпісваў абласную, якую таксама называлі гэтак жа, як і «раёнку».
Хлопец акурат быў у двары – папраўляў складзены радок паколатых дроў.
– Добры дзень, Уюн! – павіталася весела паштарка, падышоўшы нячутна да веснікаў. – Адпачні мо трохі, а то ператаміўся мусіць...
Ён аднёс абярэмак бярозавых паленцаў да штабеля, шпурнуў іх у агульны радок – яны і ўклаліся акуратна адно да другога, што і не трэба папраўляць. Потым падышоў ужо да Аксаны, якая сядзела на лаўцы, скінуўшы з плячэй сумку і паставіла каля ног.
– Не ператаміўся, – выдыхнуў з сябе паветра і сеў побач. Узяў у рукі ручнік, выцер твар – на вуліцы была задуха, – а ты ўжо адмахала свае кіламетры?..
«Лепш бы ты на мне натаміўся, – хацелася сказаць яму, але змоўчала, не хацела выглядаць разбэшчанай, прыжмурылася, паглядзела на яго – выпіралі мускулы на руках, грудзіна наліта маладой сілай, – а то толькі і траціш сваю сілу на дровы... Дурань...»
– Ды ты і пашчыраваў, бачу, – кіўнула на гару паколатых дроў. – Маці пахваліць.
– Хіба ж за такое хваляць? – засмяяўся ён, кінуўшы на плот ручнік.
– І то праўда... А дзе ж маці? – пацікавілася паштарка, хаця ж выдатна ведала, што жанчына была на ферме, расцягвала размову, каб даўжэй пабыць побач з хлопцам, хацелася, каб паміж імі ткалася, звязвалася нябачная, хаця ж і слабая, вяровачка-нітачка, якая павінна была перарасці, ператварыцца ў добрую вяроўчыну, каб залыгаць маладога і ўпартага бычка за рожкі і не выпускаць ніколі са сваіх рук.