Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Цела ўжо не адчувала ні холаду, ні калючай шорсткай травы, нават бадзякоў, што джалілі вострымі іголкамі ўпіваліся – і яно ўжо крывяніла.
Яна катавала сябе да знямогі, да памаракі, адначасова звяртаючыся да нябачнага ценю:
«Уладар злых памкненняў і жаданняў! Я ўся ў тваёй уладзе, я ўся падпарадкавана табе – тваім загадам, тваім запаветам. Я ўсё больш і больш адчуваю тваю ўладу над маёй душой і целам, над маім розумам і сорамам... Мне добра, калі адчуваю тваю прыхільнасць і тваю сілу, скіраваную на мяне, – тады мне нічога не страшна... А Вінцук прыйдзе да мяне, прыйдзе, я ўсё зраблю, каб так яно і адбылося – усе мае думкі пра яго, і тут ужо з сабою нічога парабіць не магу...»
Ляжала нейкі момант на спіне, раскінуўшы рукі і ногі, як абдымала цэлы сусвет, што раскрываўся перад ёю. Пакрысе згасалі зоркі, дзесьці на ўсходзе збіраўся разгарэцца чырвона-жоўты пажар. Аксана, падагрэтая і абуджаная халоднай і колкай расой, змярцвела ляжала на ўскрайку шырокага калгаснага поля.
– Кука-рэээ-куу-ууу! – падаў голас першы певень з бабулінага куратніка.
– Ку-ка-рээ-кууу! – прачнуўся і хрыпла-сонна азваўся суседскі – Паўла Пеліка.
Яна тады схамянулася, як спалохалася, бо не хацела, каб певень заспеў яе ў жыце – слабела ад гэтага яе сіла, – ускочыла з лежбішча і нацянькі, не аглядваючыся, не асцерагаючыся, што яе можа нехта ўбачыць, пашыбавала, не гледзячы пад ногі, шырака расстаўляючы ногі і разграбаючы рукамі высокае, да плячэй, калоссе.
Аксана ляцела бы спуджаная птушка, за якой цікаваў леляк-коршун, і з-пад яе ног ляцелі ўбакі крышталёвыя, бы іртутныя, пырскі буйнай расы...
«Мой Уладар і мой Пан!
Твая сіла заканчваецца з наступленнем святла і з усходам сонца. І ён мацней за мяне днём. Не магу тады я ўздзейнічаць на яго, але як толькі ляжа на спачын сонца і зямлю ахутаюць шэрыя цені, наступае тады нашая пара, – і тады мы ўжо ўладарым на зямлі...»
Дзяўчына ўляцела ў праёміну дзвярэй, перавяла дыханне.Пасля пачала падымацца па драбіне на вышкі.Адчувала ва ўсім целе пругкасць і моц, і здавалася ёй, што цяпер яе не можа зламаць ніякая пабочная сіла.
Зноў нырнула пад коўдру. Адчула, што ад таго шалу, які дурманіў і кружыў голаў, зашываўся пад сэрца і салодка-шчымліва апякаў усё ўсярэдзіне, не засталося і следу. Ані кроплі. І яна стала ранейшай Аксанай Журавель, звычайнай дзяўчынай, як і яе сяброўкі – Клаўдзя Нямушова, Зінка Сташкевіч, Алена Войта...
Калі падалі голас другія пеўні, яна ўжо дрымотліва правальвалася ў цёплае бяздонне, у свой глыбокі дзявочы сон... І нішто яе ўжо больш не турбавала…
7.
Мальвіна прачнулася, як яшчэ і сонца не паказвала сваіх промняў. Заўсёды яна прачыналася рана – ці то ўлетку, ці ў зімовы час. Так змалку прывыкла, так навучыла яе маці. Яна ж, маці, і расказвала, што нарадзіла яе перад узыходам сонца, і бабуля Антоля, павітуха, трымаючы немаўля ў руках, пахітала галавой; «Божачка, во ўжо працаўніца будзе – ніколі не праспіць... Дастанецца ёй за жыццё!..»
Як у ваду тады глядзела бабуля: зранку да позняга вечара Мальвіна на нагах. Адна работа зачэплівала другую, другая чапляла трэцюю – і канца таму не было...
Мальвіне пара было ісці на ферму. Там чакаюць яе лысухі, аж дваццаць восем кароў. Раней было ў яе дзве групы, але цяпер не здужае – здароўе не тое, што раней, у маладыя гады, ды і колькі ўжо можна пручкацца на дармака... К д’яблу такую работу! Калі гэта яшчэ і работай завецца – катарга гэта, а не праца...
Вінцук яшчэ спаў, смешна адкапыліўшы губу. Яшчэ хлапчук, дзіцё. Толькі пушок пачаў пад носам прабівацца. Дзяўчаты пачалі ўжо на яго заглядвацца. Ды бегаюць адна перад адной, сарокі, то ім задачку няхай растлумачыць, пакажа, як рашаць, то з хіміяй яны ніяк разабрацца не могуць. Ім абы прычына, каб да яго прыбегчы. А ён не разумее, чаго ім не даюцца тыя задачкі, чаго яны такія неразумныя, – і з усіх сілаў стараецца ім памагчы, па пяць разоў піша на паперы і дапытваецца: «Ну, а цяпер усё зразумела?»
А ім і не ў галаве тыя задачкі, пырскаюць смехам, кулачком вусны прыкрыўшы, на яго зіркаюць, чакаюць, калі зноў стане тлумачыць...
Ох, дзеўчынёхі-дзяўчатачкі, калі пачалі ўжо выпіраць кулачкі грудзей, то ўжо думаеце, што і да хлопцаў пара? Але не ўмешвалася ў іх дзіцячыя яшчэ сустрэчы-вучэлкі, а толькі радасна пра сябе адзначала: «Значыць, добры ў мяне сын, раз да яго дзяўчаты хінуцца...»