Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
То тады першая цынкавая труна прыйшла ў Забалацце.
І людзі паўшэптам гаварылі пра тое, што там, у Афганістане, ідзе жудасная вайна, і што тая труна была толькі пачаткам таго, што павінна было быць...
У хату зайшоў Вінцук – потны, вясёлы, спытаў з парога:
– Дзе ручнік? Памыцца хачу...
Маці дастала з шафы свежы ільняны ручнік, якім ён любіў выцірацца, падала:
– Мыйся хутчэй – ужо і сняданак на стале.
– Добра. Вось цяпер паснедаю з ахвотаю.
Праз акно бачыла, як сын фыркаў каля мыцельніка, які прымацаваў некалі Сымон да бярозы – падстаўляў галаву, ліў сабе на спіну, але не ўтрымаўся – і цэлае вядро выліў на сябе...
На стол паставіла патэльню, у якой сквірчэў вялікі і тоўсты дранік – са шкваркамі, з цыбуляй. І гладыш з кіслым малаком – запіваць.
Села на лаўку, задумалася.
«Дык з кім жа гэта, цікава, учора праводзіўся Вінцук? А мо? Не дай, Божачка такога, у імя Айца, і Сына, і Святога Духу...»
Жанчына перахрысцілася на абразы.
Прачытала малітву, папрасіла Бога заступіцца, адвесці бяду ад яе і ад сына, укленчыла перад абразамі...
8.
Паштовая машына прывезла з Прыпянска пошту.
Вадзіцель выгрузіў перанітаваныя шпагатам пакеты з газетамі і часопісамі, некалькі пасылак і бандэроляў.
– Бывайце, да заўтра! – ускінуў развітальна руку Васіль Лісун, пайшоў да кабіны, завёў рухавік і пагнаў машыну да Зялёных Дубоў, потым скіруе на Махнавічы...
Паштовыя работнікі пачалі адбіраць і сарціраваць прывезенае, складваць на адпаведныя палічкі, каб потым паштальёны змаглі забраць сваё і разнесці па вёсках.
Месца Аксаны Журавель было каля акна. За ім шырокімі лістамі шапацеў клён.
Аксане трэба было адабраць пошту для трох вёсак – сваёй, Забалацця, і суседніх – Турбінкі і Крушнікаў. І потым усе гэтыя вёскі аббегаць, разнесці людзям газеты, пенсію, пісьмы... Калі ж скласці разам кіламетры, якія яна адольвала кожны дзень, то назбірвалася нешта каля дванаццаці кіламетраў.
Аксана сябравала з Любай Аніськовай, Кацярынай Шагуновай і Веркай Дранік. Як і Аксана, дзяўчаты скончылі школу, а далей вучыцца не пажадалі – не захацелі, як яны казалі адна адной, сушыць над кніжкамі мазгі.
У Веркі кірпаценькі носік, кучаравыя косы (наўжо завівае іх штодня?), а галасок шчабятухі – сотні песень ведае, спявала прыгожа. Яна адна з усёй кампаніі ездзіла паспытаць шчасця ў тэатральны інстытут, ды аднаго бала не дабрала – сказалі-параілі, каб праз год прыязджала, нават прозвішча яе ўзялі на заметку, паабяцалі, што прымуць вучыцца яе на артыстку...
Дык дзяўчаты інакш і не завуць яе, як Верка-артыстка.
Пісем было няшмат – з дзесяткаў тры.
Адно ёй кінулася ў вочы – адрасаванае было Ўюнову. Ёкнула сэрца – ад каго? Ад дзяўчыны? А яна, Аксана, і не ведала пра тое. І тут жа чырвань падступілася да твару – ці то крыўда, ці то незразумелая злосць авалодалі ёю.
Адрасатка была з Кіева. Нейкая А.Камок.
«Аксана, Алёна?.. Хахлуху займеў сабе?! Я табе пакажу хахлуху, век помніць будзеш...»
Як расклеіць канверт, ды так, каб пра тое Вінцук не здагадаўся, Аксана ведала добра. І таму дарогай, адышоўшы ўжо ладна ад вёскі, акуратна расклеіла канверт – пахукала на склееныя палоскі, пасля дзюбкай алоўка пакруціла ў шчылінцы і правяла па склейцы далей – і канверт пагатоў, раскрыўся...
«Дарагі Вінцук і твая матуля Мальвіна!
Піша вам Адам Камок. Невядомы для вас чалавек. Я быў з тваім бацькам і вашым мужам, шаноўная Мальвіна Язэпаўна, на тых праклятых зборах...
Сам я з Маладэчна. То я пазней перабраўся ва Ўкраіну – так склаліся абставіны...»
– Фу ты, чорт! – усклікнула паштарка, скідваючы з сябе шматтонны груз недаверу і крыўды. – І трэба ж мне падумаць пра такое!
І ўжо вагалася - чытаць далей ці не, бо пра галоўнае ж, што яе непакоіла, яна даведалася ўжо. Але цікаўнасць узяла верх, і позірк міжволі пабег па радках...
«І я быў у той машыне. Нас вёз узбек, першагодак, які мо і руля ніколі не трымаў у руках. Чаму яму даручылі весці машыну з людзьмі на такіх крутых дарогах – невядома, мусіць, нікому галава за тое не балела. І ён таксама, небарака, загінуў, – а ўсіх нас было пятнаццаць чалавек... Мяне шпурнула на дрэва, астатнія высыпаліся з кузава і паляцелі на камяні...
Мы з Уюновым паспелі пасябраваць. Мне ён падабаўся сваёй разважлівасцю і гаспадарлівасцю. Мы і спалі з ім побач у палатках. Ён шмат расказваў пра вас, ён быў, як мне падалося, шчаслівы з вамі...
Я ж і не сказаў – то ж я пазнаёміўся з вашым земляком Віктарам Барыліным. Выпадкова, як прыязджаў на пабыўку да сястры. На базары пазнаёміліся. Віцька яблыкі купляў у маёй сястры. І пачуў я адно слоўца, якое чуў ад Антона. У мяне аж сэрца ёкнула. Спытаў, адкуль хлопец.