Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Але не за сябе спалохаўся Нікіфар. Горка пашкадаваў ён, што і сапраўды дазволіў сабе з'явіцца на людзях з маладой прыгажуняй. Але хто мог бачыць яго, хто данёс у Палац? Жывену чакала смерць, гэта несумненна. Злачынства над ёю зробяць, каб уджаліць яго ў самае сэрца, а пасля палюбавацца, як стане ён курчыцца…
Калі заглух у цемры тупат каня, на якім паімчаўся ў палац Роберт, ён хутка вярнуўся да сяброў.
— Што здарылася?
— На табе твару няма!
— Можа, аблога пачалася?
— Я хацеў сёння ў вашай прысутнасці даць ёй вольную, — расказаўшы, з чым прыехаў да яго лацінянін, растлумачыў коміт. — Але зараз трэба нешта іншае.
— Можа, ты паехаў бы да сына ў Нікею, а яе адправіў на Ўлахернскую прыстань? Там часта ідуць караблі ў Херсанес, — параіў Гермаген.
— Альбо схавайся разам з ёю ў каго-небудзь з нас, у прыгарадным маёнтку, — дадаў друнгарый. — Вось-вось пачнецца асада горада, і, думаю, знойдуцца патрыёты, якія адчыняць браму Міхаілу Палеолагу. А паколькі твой сын добры воін, ён будзе тут і паручыцца за цябе.
— Думаю, што Балдуін не надта зачэпіць цябе, — павольна прамовіў Міхаіл. — Усё ж ты са знатнага роду, ён любіў тваю сям'ю.
— Але, — зноў ён ужыў італьянскую мову, — з гэтай наравістай дзяўчынай табе давядзецца развітацца.
— Нізашто! — ускрыкнуў коміт.
— Сябра мой, ці мала яшчэ будзе ў тваім жыцці прыгожых наложніц, — па-філасофску спакойна зазначыў заканазнаўца. — Да таго ж можна і паспрачацца з этэрыярхам. Ты кажаш, што не атрымліваў ад яго лістоў. Ну і ён не зможа даказаць, што іх сюды сапраўды прывозілі, калі твае слугі гэта засведчаць. Па-другое, ты купіў нявольніцу законна, на рынку, у прысутнасці сведак, не ведаючы, што яна належала камусьці. Вядома, не будзь гэты… як яго, Райнер адным з нямецкіх рыцараў, што дапамагалі Манфрэду, і не наблізь іх да сябе Балдуін, ніхто і не прыняў бы такую скаргу. Яна незаконная. Ён не меў права…
— Як быццам бы ты не ведаеш, што імператар — гэта табе і закон, і права, — з прыкрасцю абарваў яго Нікіфар. — Не, скакаць зайцам адсюль я не стану. Дзякуй за прапанову схавацца. Але я не маю права ставіць пад небяспеку вас, мае дарагія сябры.
Друнгарый ледзь улоўна ўздыхнуў з палёгкай, аднак паўтарыў прапанову.
— У мяне ёсць іншая думка, — раптам сказаў Міхаіл. — Несумненна, севаст альбо аслепіць, альбо пашле на смерць тваю прыгажуню, хаця б і дзеля памяці Еўдакіі. Але ты можаш яе ўдачарыць, і справа будзе выглядаць зусім іншаю.
— Удачарыць? — перапытаў Нікіфар.
— Ну так. Ты казаў, яна добра даглядала тваю жонку і тая дала абяцанне адпусціць яе. Аднак, калі мы ўсе засведчым, што Еўдакія хацела яе яшчэ і ўдачарыць, гэта зменіць адносіны да цябе як да нягоднага, пажадлівага ўдаўца, які ўлягае за прыгажуняй.
— Але… Вы дзеля мяне гатовыя стаць ілжэсведкамі? Я ніколі не забудуся на тое, мае дарагія сябры! І… ці згодзіцца яна?
— Думаю, яна заплача ад радасці, - з'едліва сказаў Міхаіл. — Агавары толькі ў дакуменце, што ты аддаеш ёй, іначай я не змагу пасля абараняць тваю маёмасць.
— Але мне трэба быць у Троннай зале заўтра. Значыць, прыём адбудзецца з раніцы, да абеду ў Залатой палаце, куды запрошаны паслы з Ерусалімскага каралеўства.
— Дык пашлі ганца да царквы Касмідый, я думаю, айцец Іаан табе не адмовіць. На досвітку ён і правядзе абрад.
Усе пагляды звярнуліся да Жывены.
Яна бачыла, якім вярнуўся яе гаспадар, і зразумела, аб чым ішла гаворка. Адчула яна гэтак жа, што сябры раяць Нікіфару вызваліцца ад яе, аддаць на літасць старога, хворага імператара, які да таго ж заняты цяпер і клопатамі аб утрыманні ўлады. Але рэдка сыходзіла літасць з Вялікага Палаца, яна ведала гэта. І таму ўстала і загаварыла да коміта:
— Магчыма, калі ты адправіш мяне за Понцкае мора, гнеў імператара заціхне.
— Ні ў чым нельга быць упэўненым. Але… можа, варта будзе аб'явіць яе беглай, і тады толькі ты паўстанеш перад севастам, і гэта змякчыць ягоны гнеў, - раздумваў, згаджаючыся і адначасна разважаючы, Міхаіл.
Нікіфар стаяў спалатнелы. Нарэшце ён прашаптаў:
— Я пашлю зараз ганца ў Улахернскую гавань, і калі ідзе хоць які карабель на Херсанес — клянуся, што адпушчу цябе, славянка. Але і ты абяцай мне: калі лодзіі не будзе, згадзіся стаць маёй дачкой хаця б для таго, каб я мог заўтра спакойна зірнуць у вочы ворагам.