Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 150
Перейти на страницу:

У Фрода на такое змаганьне моцы не засталося. Ён сеў, зьнясілены, на зямлю.

– Я не магу далей, Сэме, – вымавіў ціха. – Я самлею. Ня ведаю, што найшло на мяне.

– Я ведаю, спадару Фрода! – сказаў Сэм. – Трымайцеся! Гэта сама брама. Нячыста там. Але ж я прайшоў сюды й выйду адсюль. Наўрад ці выхад будзе небясьпечнейшы за ўваход. Ну, рушма!

Сэм зноўку выцягнуў фіял Галадрыелі. Нібыта ў павагу да Сэмавай дужасьці ды каб ушанаваць верную смуглявую хобіцкую руку, што зьдзейсьніла вялікія подзьвігі, фіял зьнянацку палыхнуў так моцна, што змрочны двор заліло зыркім сьвятлом, бы ад маланкі. Але ж чужая воля заставалася непарушнай і прайсьці не давала.

Гільтоніель! А Эльберэт! – выгукнуў Сэм, бо невядомым чынам думкі ягоныя вярнуліся зьнянацку да эльфаў, і Шыру, і да песьні, што адагнала Чорнага Вершніка ў лесе.

Ая эленіан анкаліма! – рэхам адгукнуўся Фрода ў яго за сьпінай.

Воля Назіральнікаў зламалася так раптоўна, нібы лопнула нацятая струна, і Фрода з Сэмам кульнуліся наперад. Дый пабеглі – праз браму, міма вялікіх паселых на стальцах постацяў з бліскучымі вачыма. Нешта храснула. Ключ-камень аркі бразнуўся долу амаль хобітам на пяткі, а мур над галавою абваліўся, загрукатаў каменьнем. Гібель прайшла на валасок ад сяброў. Бразнуў звон, і ад Назіральнікаў узьвіўся ў паветра танюткі жудасны енк. Далёка наверсе яму адказалі зь цемры. З чорных нябёсаў зьляцела стралою крылатая постаць, разьдзіраючы аблокі вусьцішным лямантам.

2. Зямля Ценю

Сэму якраз стала глуздоў сунуць фіял назад за пазуху.

– Бегма, спадару Фрода! – гукнуў ён. – Не, не туды! Там прорва за мурам! За мною!

Кінуліся наўцёкі ад крэпасьці. Праз паўсотні крокаў шлях збочыў за стромую скалу й схаваў хобітаў ад позірку з брамы. На момант пазьбеглі небясьпекі й прыціснуліся да скалы, аднаўляючы дыханьне, схапіўшыся за сэрцы. Усьсеўшыся на сьцяне побач з пабуранаю брамаю, дзіка й сьмяротна завішчэў назгул. Рэха загуло ад усіх скалаў.

Пераляканыя, пакульгалі, спатыкаючыся, далей. Неўзабаве дарога зноў рэзка павярнула – на ўсход, – на жудаснае імгненьне адкрыўшы хобітаў позірку з крэпасьці. Бегучы, азірнуліся й пабачылі вялізную чорную постаць на муры, а тады пабеглі долу ў стромую лагавіну, вычасаны ў камянёх калідор з крутымі сьценамі, што збягаў долу, каб злучыцца з моргульскім бальшаком. Сягнулі злучэньня. Ані знаку оркаў, ані адказу на крык назгула. Але ж ведалі: доўга гэтая цішыня не працягнецца. Паляваньне распачацьмецца ў любы момант.

– Не, так ня пойдзе, Сэме, – выдыхнуў Фрода. – Калі б мы былі сапраўдныя оркі, мусілі б бегчы да крэпасьці, не наадварот. Першы ж сустрэчны вораг нас распазнае. Трэ неяк сысьці з шляху.

– Ня можам, – запярэчыў Сэм. – Ва ўсялякім разе бяз крылаў.

Усходнія схілы Эфэл Дуату былі надта стромыя, абрываліся адхонамі да чорнай цясьніны, што ляжала перад унутраным хрыбтом. Непадалёк ад злучэньня пасьля яшчэ аднаго крутога спуску арачны мост уздыбіўся над прорваю, несучы шлях да нагрувашчаньняў на схілах і лагах Маргаяў. Адчайна хобіты кінуліся цераз мост, але ж не пасьпелі сягнуць другога боку, як пачулі выгук, а за ім – гоман. За сьпінамі, высока над хобітамі, на горным схіле лунала крэпасьць Кірыт Унгал, і яе камяні блядна адсьвечвалі. Зьнянацку яе грубы звон ударыў зноў і тады забіў часта хрыпатым трызвонам. I з-за мосту шматгалоса адгукнуліся. Глыбока ў цёмнай прорыні-цясьніне, адрэзаныя ад няпэўнага сьвятла Арадруйну, Сэм і Фрода не маглі бачыць далёка наперад, але ж чулі тупат падкаваных жалезам ботаў, і ляцеў ужо над шляхам перастук капытоў.

– Хутчэй, Сэме! Гэць з шляху! – выгукнуў Фрода.

Ускараскаліся на нізкія парэнчы мосту. На шчасьце, схілы

Маргаяў ужо ўзьняліся амаль на ровень шляху, і жудасная прорва болей не пагражала, але ж было надта цёмна, каб ацаніць, колькі давядзецца падаць.

– Ну, паехалі, спадару Фрода! – выдыхнуў Сэм. – Бывайце!

Крочыў уніз. Фрода за ім. I яшчэ пакуль ляцелі, пачулі, як праскакалі над імі вершнікі ды затупаталі ўвасьлед орцкія боты. Сэм зарагатаў бы, калі б адважыўся. Хобіты баяліся зваліцца з вышыні на нябачныя камяні й зьнявечыцца, але праляцелі ўсяго з тузін ступнёў і прызямліліся з трэскам і рыпам на тое, чаго найменей чакалі, – на перапляценьне калючых кустоў. Сярод іх Сэм і залёг, ціха абсмоктваючы падрапаную руку.

Калі тупат капытоў і ботаў сьціх, адважыўся прашапатаць:

– Аёечкі, спадару Фрода, я ж ня ведаў, што нешта можа расьці ў Мордары! А калі б ведаў, менавіта такога й чакаў бы. Гэныя шыпы, падаецца, ступню даўжынёю. Працялі ну ўсё, што я на сябе насунуў! Калі б толькі на мне была тая кальчуга!

1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)