Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
– Зроблена, – падсумаваў Гэндальф. – Зараз – знайсьці Дрэвабарода й распавесьці, як усё адбылося.
– А ён, напэўна ж, здагадаўся? – спытаў Мэры. – Ці ж магло ўвогуле адбыцца інакш?
– Наўрад ці, – адказаў Гэндальф. – Хоць усё вісела на валасінцы. Але ж трэба было паспрабаваць – і зь міласэрнасьці, і ня толькі. Па-першае, я мусіў паказаць Саруману, што моц ягонага голасу ўжо ня тая, бо немагчыма быць адначасова тыранам і добрым радцам. Задумка відавочная, яе цяжка было не разгледзець. Аднак Саруман сам крочыў у пастку. Паспрабаваў нас аднога за адным апрацаваць папросту ў прысутнасьці іншых. Калі ў яго, як і варта было чакаць, не атрымалася, я даў яму апошні шанец, і шчыры ды таго ж: адпрэчыць Мордар і сваю прагу да ўлады ды зарабіць прабачэньне, дапамагаючы нам у нашых цяжкасьцях. А ён ведае іх. Аніхто ня ведае лепей. Вялікую карысьць мог бы ён прынесьці нам. Адылі ён абраў іншы шлях, не карысны анікому. Ён ня хоча служыць – толькі ачольваць. Жыве цяпер у жаху перад ценем Мордару й адначасова марыць пра тое, што здолее акілзаць навалу. Няшчасны дурань! Калі моц Усходу сягне Ізенградку, небараку зжаруць ушчэнт. Мы ня здольныя зьнішчыць Ортанк звонку – але ж хто ведае, на што здольны Саўрон?
– А калі Саўрон не дабярэцца, што ты тады зь ім зробіш? – пацікавіўся Піпін.
– Я? Ды анічога! – адказаў Гэндальф. – Я анічога зь ім рабіць не зьбіраюся. У мяне няма ахвоты ані судзіць, ані гаспадарыць. I што зь ім адбудзецца, прадказаць не бяруся. Сумна мне, што столькі колісь добрага й моцнага гіне зараз у гэтай вежы. Усё ж такі для нас справы абярнуліся файна. Дзівосныя шляхі лёсу! Часьцяком нянавісьць нявечыць сама сябе. Мяркую, нават калі б мы й уламіліся ў Ортанк, няшмат знайшлі б скарбаў, каштоўнейшых за скінуты на нас Зьмеяротым.
Пранізьлівы лямант, раптоўна абарваўшыся, данёсься з адчыненага вакна высока наверсе.
– Здаецца, Саруман з мною згодны, – патлумачыў Г эндальф. – Хадзем ад іх прэч!
Вярнуліся да зруйнаванай брамы. Толькі выбраліся з-пад аркі, як зь ценяў вялізных кучаў нагрувашчанага каменьня да вершнікаў крочылі Дрэвабарод з тузінам іншых энтаў. Арагорн з Гімлі й Ляголас пазіралі на іх, уражаныя.
– Вось тры мае спадарожнікі, Дрэвабарод, – вымавіў Гэндальф. – Я казаў пра іх, але ты іх яшчэ ня бачыў.
Тады назваў імёны кожнага.
Стары энт доўга й уважліва пазіраў на сяброў і перамовіў з кожным па чарзе. Апошнім – зь Ляголасам.
– Дык ты прыйшоў ад самага Ліхалесься, мой шаноўны эльфе? Вельмі файны, вялізны лес быў там калісьці!
– I яшчэ ёсьць! – сказаў Ляголас. – Але ж не такі цудоўны, каб мы не жадалі падзівіцца на іншыя дрэвы. Я так прагну павандраваць у Фангарне! Адною нагою давялося мне крочыць пад цень ягоных дрэваў, і я не хацеў вяртацца!
Дрэвабародавы вочы ажно засьвяціліся ад задавальненьня.
– Спадзяюся, ты зьдзейсьніш сваё жаданьне да таго, як гэтыя пагоркі састарэюць, – вымавіў ён.
– Калі толькі лёс дазволіць, я прыйду, – паабяцаў Ляголас. – Я тут склаў пагадненьне зь сябрам: калі ўсё абернецца добра для нас, мы, з вашага дазволу, павандруем па Фангарне разам.
– Я рады любому эльфу, які прыйдзе з табою, – сказаў Дрэвабарод.
– Сябра, пра якога я казаў, – ня эльф, – патлумачыў Ляголас. – Я меў на ўвазе Гімлі, сына Глойна.
Гімлі нізка пакланіўся, і сякера высьлізнула з-за ягонага паса й бразнулася аб зямлю.
– Хм, хумм, гальлё-караніскі, – Дрэвабарод пазмрачнеў. – Гном, ды яшчэ зь сякераю. Хумм! Я добра стаўлюся да эльфаў, але ж ты хочаш зашмат. Дзіўнаватае ў цябе сяброўства!
– Дзіўным яно можа падацца, – пагадзіўся Ляголас, – але ж пакуль Гімлі жывы, безь яго я не прыйду ў Фангарн. Ягоная сякера не для дрэваў – для оркавых шыяў. О Фангарн, гаспадар лесу! Сорак два оркі пасек ён у мінулай бітве!
– Ху-у, вось як! – уздыхнуў Дрэвабарод. – Гэта добра, але. Ну, ну, няхай усё йдзе як ідзецца, няма патрэбы прысьпешваць. Аднак зараз мусім разьвітацца на пэўны час. Блізіцца надвячорак. Гэндальф кажа, вам трэба ад'яжджаць да цемры, дый гаспадар Украйны сьпяшаецца да ўласнага жытла.
– Так, нам неабходна ехаць зараз жа, – пацьвердзіў Гэндальф. – На жаль, давядзецца вартавых-брамнікаў забраць з сабою. Мяркую, ты справісься й бязь іх.
– Што рабіць, давядзецца, – уздыхнуў Дрэвабарод. – Я буду сумаваць па іх. Мы так хутка зрабіліся сябрамі, што я ажно падумаў: мо зноў раблюся пасьпешлівым, як у маладосьці, зьдзяцінеў ад старасьці. Аднак жа яны – першыя новыя стварэньні, якіх я пабачыў пад сонцам ці пад месяцам за доўгія-доўгія гады. Я не забудуся на іх. Я ўнёс іхнія імёны ў Доўгі сьпіс. Энты запомняць яго.