Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 174
Перейти на страницу:

– Гучыць файна, – пакпіў Саруман. – Так падобна да Гэндальфа Сівога: паблажліва, па-добраму. Не сумняюся: Ортанк станецца табе ўтульным і мой сыход надта прыдасца. Аднак нашто мне пакідаць мой дом? I што ты маеш на ўвазе пад "вольным"? Мяркую, ёсьць пэўныя ўмовы, так?

– Адну нагоду пакінуць свой дом ты бачыш з вокнаў, – адказаў Гэндальф. – Іншыя няцяжка згадаць. Твае паслугачы вынішчаныя ці разьбегліся. Суседзяў ты зрабіў ворагамі сабе й падмануў свайго новага гаспадара ці спрабаваў падмануць. Калі ягоны позірк паверне сюды, гэта будзе позірк шаленства. Калі я кажу "вольным", гэта й значыць "вольным" – ад загадаў, ад умоваў і кайданаў, вольным ісьці куды пажадаеш, нават... нават у Мордар. Але спачатку аддай мне ключ ад Ортанку й свой кій. Яны стануць тваім закладам. Я вярну іх – калі ты будзеш варты.

Саруманаў твар жудасна зьбялеў, сказіўся ад разьюшанасьці, і полымем бліснулі вочы. Ён па-вар'яцку зарагатаў.

– Потым! – загаласіў, і голас ягоны сарваўся ў віскат. – Потым – калі ты завалодаеш ключом самога Барад-дуру, напэўна. Ды каронамі сямі каралёў, ды кіямі пяці чараўнікоў! А яшчэ набудзеш пару ботаў нашмат большых за тыя, якія цяпер табе па назе! Які сьціплы плян! У такім наўрад ці патрэбная дапамога. Не марнуй мой час, дурань. Калі не жадаеш размаўляць з мной, пакуль яшчэ можаш, каціся прэч – і вяртайся, калі працьвярозееш. Ды бяз банды гэтых галаварэзаў і недамерлага зброду. Усяго найлепшага!

Павярнуўся й крочыў за дзьверы.

– Вярніся, Саруман! – мовіў Гэндальф загадна.

На ўсіхняе зьдзіўленьне, Саруман павярнуўся ды, нібы яго валакло супраць волі, павольна наблізіўся да жалезных парэнчаў. Нахіліўся над імі, цяжка дыхаючы. Твар ягоны абвастрыўся, рэзка абрысаваліся зморшчынкі. Рука-кіпцюр сьціснула цяжкі чорны кій.

– Я не дазваляў табе сысьці, – прамовіў Гэндальф сувора. – Я ня скончыў. Ты страціў розум, Саруман. Але ж ты варты жалю. Цябе яшчэ магчыма павярнуць ад глупства й ліха, ты яшчэ здольны рабіць карыснае. Аднак твой выбар – застацца ў пастцы й разьдзіраць старыя злосьці й здрады. Дык заставайся! Але папярэджваю: табе нялёгка будзе выбрацца адсюль. Хіба толькі чорныя рукі з усходу працягнуцца, каб ухапіць цябе. Саруман! – выгукнуў Гэндальф, і голас ягоны ўзмацнеў, загучаў уладна й неадольна. – Зірні! Я болей ня той Гэндальф Сівы, якога ты прадаў. Я – Гэндальф Белы, які вярнуўся зь сьмерці! А ў цябе цяпер няма колеру. Я выганяю цябе з Ордэну й зь Сьветлай Рады!

Ён узьняў руку й вымавіў ясным халодным голасам:

– Саруман, твой кій – зламаны!

Пачуўся храскат. Канчар кія адламіўся й упаў ля Гэндальфавых ног.

– Прэч! – загадаў Гэндальф.

Саруман скочыў з крыкам, адсунуўся прэч. У гэты момант цяжкая бліскучая рэч абрынулася зьверху. Сьлізнула па парэнчах – праз момант пасьля таго, як Саруман адхіліўся ад іх, і, прасьвісьцеўшы побач з Гэндальфавай галавой, урэзалася ў прыступку, на якой ён стаяў. Парэнчы, зазьвінеўшы, лопнулі. Прыступка трэснула, раскалолася, пырснуўшы бліскучымі аскепкамі. Але рэч – цяжкі крышталёвы шар, цёмны, з палымяным водбліскам у глыбіні, – засталася непашкоджанай.

Шар пакаціўся па прыступках да калюжыны. Піпін пабег за ім і падхапіў яго.

– Здрадны забойца! – выгукнуў Эямэр.

Але ж Гэндальф не варухнуўся.

– Не, тое кінуў не Саруман, – вымавіў ён. – I, мяркую, нават не паводле ягонага загаду. Разьвітальны падарунак ад спадара Зьмеяротага – толькі кепска нацэлены.

– Магчыма, дрэнна пацэліў, бо ня мог вырашыць, каго ненавідзіць болей – цябе ці Сарумана, – сказаў Арагорн.

– Магчыма, – пагадзіўся Гэндальф. – Невялікую радасьць набудуць тыя два, няспынна катуючы адзін аднога скаргамі й кпінамі. Але ж яны заслужылі. Зьмеяротаму надта пашанцуе, калі ён выберацца з Ортанку жыўцом.

– Гэй, хлопча, я гэта вазьму! Я цябе не прасіў кранаць! – выгукнуў чараўнік раптам, павярнуўшыся й пабачыўшы, як Піпін падымаецца па лесьвіцы – павольна, нібы цягнучы вялікі цяжар.

Чараўнік падбег насустрач і выхапіў з рук хобіта цьмяны шар, загарнуўшы крысом плашча.

– Я паклапачуся пра яго, – вымавіў чараўнік. – Здаецца, гэтую рэч Саруман меней за ўсё жадаў бы выкінуць прэч.

– Можа, у яго знойдзецца яшчэ што выкінуць, – заўважыў Гімлі. – Калі прамовы скончыліся, дык мо аддалімся хоць бы па-за кідок каменем зь вежы?

– Але, скончыліся, – пацьвердзіў Гэндальф. – Рушым.

Адвярнуліся ад дзьвярэй Ортанку й спусьціліся па лесьвіцы. Вершнікі радасна загукалі, вітаючы караля, і салютавалі Гэндальфу. Чары Сарумана разьвеяліся. Усе бачылі, як ён зьявіўся, пакорлівы загаду, і на загад жа споўз прэч.

1 ... 86 87 88 89 90 91 92 93 94 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)