Пракурорка [Журнальный вариант, be]
- Автор: Доленга-Мостович Тадеуш
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: «Выдавецкі дом «Звязда»
- Переводчик: Вероника Бондарович
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Пракурорка [Журнальный вариант, be]». Краткое содержание книги:
У гэтым творы чытачу прапануецца зазірнуць у шыкоўны рэстаран «Аргенціна», у залу суда, у закрытую клініку доктара, які займаецца небяспечнымі эксперыментамі. Дасціпная, вытанчанапрыгожая пракурорка Аліцыя Горн — увасабленне новага тыпу жанчын, якія робяць кар’еру дзякуючы таленту і розуму. Калегі Аліцыі нават не здагадваюцца, што ў яе жыцці было нямала сумных падзей…
— Гэта значыць, — нахілілася яна да Мадроня, — што я ўздзейнічаю на вашы пачуцці?..
З-пад доўгіх веек яго агарнуў гарачы, як лава, позірк, напаўраскрытыя вусны, здавалася, прагнулі пацалункаў.
Малады чалавек захістаўся, пабляднеў і схапіўся за парэнчы. Ён не здольны быў прамовіць ні слова і вылупленымі зрэнкамі глядзеў на яе, як яна лёгка паднімалася па лесвіцы.
Ідучы па доўгім калідоры, яна не абмінула ніводнага мужчыны, каб не выпрабаваць на ім сваю сілу.
Яна прагна лавіла іх погляды і шчодра раздавала свае. Яна адчувала плаўныя рухі сваіх сцёгнаў, уздрыгванне сваіх грудзей пад дотыкам гэтых вачэй, адчувала спружыністасць свайго цела, агорнутага пажадлівымі поглядамі мужчын.
Праз расчыненыя вокны плыло паветра вясны, вясны, якую яна сама выпраменьвала.
«Ах, — падумала Аліцыя, — можна так па-рознаму ўсё інтэрпрэтаваць: я самка падчас цечкі або Фрына[26], якая па волі багоў ахвяруе сваю прыгажосць вачам смертных, каб абудзіць у іх падсвядомую прагу дапоўніць сваё жыццё жыццём новым?.. Гэта, зрэшты, ці не тое самае?..»
Такое супастаўленне навяло яе на іншую думку:
«Забаўна: кожны раз, калі мы хочам выказаць нешта, што нам, людзям дваццатага стагоддзя, здаецца брыдотай і брудам, мы пазычаем параўнанні з антычнага свету, дзе гэта самае лічылася прыгажосцю, але ні за якія скарбы мы не асмельваемся сказаць уголас, што па сваёй сутнасці мы малыя, крывадушныя і смешныя з гэтым багажом маральнасці, складзенай не з патрабаванняў, а хутчэй з забарон, забарон, скіраваных супраць таго, што з’яўляецца нашай прыродай…»
— Добры дзень, пані, — затрымаў Аліцыю старшыня Турчыньскі, — можна мне даведацца, якія думкі, як тыя арлы, лунаюць пад скляпеннямі вашага лба?
— Не арлы, пан старшыня, — засмяялася яна, — звычайныя вераб’і.
— О-о-о!
— Звычайныя веснавыя шчабятлівыя вераб’і.
— Не веру, — сказаў ён з гэткай забаўнай павагай, а хутчэй з сур’ёзнай жартаўлівасцю, якая заўсёды гучала ў іх размовах.
— Хіба ж я не выглядаю па-веснавому? — гулліва нахіліла галаву Аліцыя.
— Вы лепей спытайцеся, ці выглядае вясна так, як вы. Тады я скажу: амаль! І гэта будзе кампліментам.
— Для мяне?
— Для вясны.
Аліцыя засмяялася і, перакінуўшыся яшчэ некалькімі фразамі з Турчыньскім, пайшла ў свой кабінет.
За працу яна ўзялася з запалам. Розум яе працаваў удвая спраўней, што здзіўляла яе саму. Бо ў апошні час яна адчувала сябе такой стомленай, знерваванай, такой знясіленай. Яна нават хацела папрасіць водпуск, каб паправіць здароўе… О, яна ведала, што здольная зрабіць найвялікшае намаганне. Не ведала толькі, што будзе яно столькі каштаваць, бо ці магла яна дапусціць, што будзе блізкая да непрытомнасці ў момант, калі яе план, абдуманы з жалезнай логікай, завісне на павуціне сумніўнай кемлівасці адваката. А калі гэты не зарыентуецца ў сітуацыі, калі не схопіцца за падсунуты яму сродак ратавання, калі не пажадае аддаць на аналіз так званы морфій?..
Тады яна перажыла страшную хвіліну чакання. Яна бачыла кожны рух мышцаў на твары абаронцы, бачыла неспадзяваную іскру ў яго вачах і ўрэшце размову з абвінавачаным, а пазней… ужо ўсё добра. Калі б не гэта, яна б засталася без сіл. Таму што яна не магла сама прапанаваць экспертызу. Гэта было б роўнае скіраванню падазрэнняў на сябе, раўнялася б аспрэчванню сумленнага захавання рэчавага доказу і двайному паражэнню.
Ах, з якім жа задавальненнем яна абняла б гэтага наіўнага адваката за яго міну пераможцы! І гэты прысуд: з падсуднага Яна Вінклера знята абвінавачванне, і ён вольны…
Ян Вінклер…
Аліцыя адклала пяро і прыжмурылася.
А калі б яна ведала, хто гэты абвінавачаны Ян Вінклер?! Калі б ведала, што гэты чалавек, які ў яе руках, — вінаваты ў яе ганьбе, крыўдзе, якая атруціла яе жыццё ядам нянавісці?.. Калі б у літарах, з якіх складаецца імя і прозвішча падсуднага Яна Вінклера, яна здолела прачытаць слова «помста», калі б азарэнне адкрыла ёй, што перад ёй стаіць Багдан Друцкі, дзякуючы якому яна ўпершыню спазнала фізічную асалоду і якому яна абавязана доўгім пеклам растаптанага жыцця, што перад ёю той, на месцы якога іншыя плацяць доўгімі гадамі пакут у цёмных камерах.
Калі б?!.
Не, яна не жадала пра гэта думаць. Зрабіла б нешта страшнае, незваротнае… Не… не… Яна ж ведала, што ён невінаваты!.. О… ці магло б гэта стрымаць удар, якім бы і сябе яна зноў забіла?..
— Не! Я не хачу шукаць у сабе адказы на гэтае пытанне!
Аліцыя пацерла кончыкамі пальцаў скроні і схілілася над актамі… «Анэля Куркоўска бачыла, як яе мачаха выходзіла з падвала каля адзінаццаці гадзін…» Так, гэта ясна, яна павінна была там на нейкі час схаваць гэта срэбра…
26
Фрына — знакамітая афінская гетэра, былая натуршчыца Праксіцеля і Апелеса.