Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
На мае вочы зноў навярнуліся сьлёзы крыўды.
Якая яна шчасьлівая!
А што на ўсё жыцьцё гэта для яе — стопудова. Яна ж нават усе папяровыя ашмёткі, на якіх Валяр’ян Скаловіч крэсьліў свае формулы, пазьбірала і захоўвае, як найвялікшыя сьвятыні.
Праўда, я ведала, чаго Даліла баіцца… Дужа, страшэнна баіцца. Што Там, у мінулым стагоддзі, ачуняўшы ў турэмнай лякарні, суровы прафесар хіміі ня ўспомніў пра сваё неверагоднае падарожжа ў будучыню. Ці палічыў блёкатам… У ягоным жа часе гэта было адно імгненьне… Кропка, у якой пачалася і завяршылася пятля часу.
На гэты раз я ня стала абыходзіць новую вілу, збудаваную на месцы хаты Разаліі Іванаўны, за трыста метраў. Было, быльлём парасло, лісьцем асеньнім засыпалася…
Дарэмная я так была пэўная. Пры нашым набліжэньні металёвыя вароты з глухім шоргатам разьехаліся, выйшаў смуглявы хлопец, з недаверам паглядзеў на мае сьветлыя валасы:
— Гэй… Гэта ты да Амара калісь прыходзіла?
Толькі гэтага не хапала… Зноў мне нагадваюць маю няўдалую кар’еру спакусьніцы.
Я сабралася была “не пазнаць” хлапца, але той сказаў:
— Чакай… Амар загадаў — калі хто з вас зьявіцца, каб я аддаў…
Ён некуды зьбег, і праз нейкі час вярнуўся з пакункам.
— На… І не жартуйце так болей. Дзядзька сказаў, яшчэ раз нешта падкінеце — знойдзе і рукі вузлом завяжа.
Вароты зачыніліся.
Я недаўменна глядзела на вялікі, цяжкі і бясформны пакунак з шэрай шурпатай паперы, падмоклай і запэцканай зямлёй па краях — у такую плябейскую паперу калісь загортвалі куплёнае нават у самых лепшых крамах. На паперы сінім фламастарам, акуратнымі друкаванымі літарамі, накрэсьлены стары адрас Разалінага дому і імя Далілы. Ды не, гэта не фламастар… А тое, што называецца “хімічны аловак”. Ім цэны на курыцах выпісвалі. Сінім атрутным колерам — па вільготным ружова-блакітным, у жоўтых пухірыках мясе… Фу…
Едрусь асьцярожна разгарнуў паперу. Паказалася газета з незнаёмым шрыфтам. А ў ёй… Абламаная галінка ігрушы. З яшчэ зялёным лісьцем, з гронкай крамяных пладоў… У лістападзе?!!
Я ліхаманкава перагарнула паперу. “Вусаты” партрэт, кампартыя, імперыялізм… І дата: 23 жніўня 1933 году.
Газета выпала з маіх рук.
Гульня працягваецца. Альбарутэнія жыве.
2007
Сутарэнні Ромула
Раман
Ён ведаў, што іншай працы ў яго ўжо ніколі не будзе. Занадта шмат бачыў і чуў за апошнія гады. Такі, як ён, можа толькі падзяліць лёс тых, каго лячыў у турэмнай бальніцы.
“Лячыў”… Звычайныя словы ў ягоным цяперашнім жыцці набывалі новы злавесны сэнс. Нібыта пачварна скажаліся абрысы прадметаў, упушчаных у брудную цвілую лужыну: што там паблісквае на дне – лыжка? Скальпель? Абцугі? Паламаныя акуляры?
Лекар пацяжэлай рукой прысунуў да сябе жалезны кубак – той шоргнуў па стальніцы, як гераічны пратэз інваліда Грамадзянскай вайны аб брукаванку. Та-ак, гэта табе не бардо ў крышталёвым келіху рэстарана менскага гатэлю “Еўропа” ды пад гранне венскага дамскага аркестра… Зрэшты, ён тады быў зусім юны, і даваенна-рэвалюцыйныя ўспаміны расплываюцца ў памяці вясёлкавым туманам.
Затое гэты жалезны, пакарабачаны кубак са спіртам – дужа рэальны.
Лекар паднёс кубак да вуснаў, не адрываючы пагляду ад падлогі, нібыта шэрыя масніцы, раздзеленыя тонкімі роўчыкамі гразі, былі ягоным ратункам. Роўныя, падагнаныя адна да адной, пакорлівыя і надзейныя. Узор для грамадства новага тыпу.
Спірт звыкла апёк горла. Свет зачыніўся, як ракавінка, з якой дасталі перліну.
Падалося, ці не, што цёмныя роўчыкі паміж масніцамі рассунуліся, і адна з масніцаў стала шырэй за іншыя на два пальцы?
Уздзеянне алкаголю на мазгі і ягоныя сімптомы… Ён усё яшчэ памятаў нешта са сваёй прафесіі. Хаця навошта? Усё, што ад яго патрабавалася – не вылечыць, а зрабіць так, каб вораг народа мог зноў адчуваць боль – і гаварыць. А значыць, крычаць, благаць, вішчэць, гарлаць, стагнаць, верашчаць… А таксама маліць, прасіць, запэўніваць, згаджацца – і называць, называць, называць… Імёны, адрасы, заданні…
Часам каты прыносілі ў турэмную бальніцу непрытомных вязняў, нічога не тлумачачы, але з такімі паганымі і грэблівымі ўсмешкамі, што лекар адразу разумеў: давядзецца самому здагадвацца, як напаўжмурыка катавалі, бо нават каты не хочуць гэта агучваць. Словы – гэта ж з чалавечага свету. А тое, што яны толькі што рабілі – нават не быдлячае, а... Жывёлы не могуць вытвараць тое, што адно з адным людзі.