Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Маўчалі пеўні. Яшчэ ніводзін не падаў пакуль свайго голасу.
Калі ж падыходзіў да сваёй хаты, здзівіўся і спалохаўся – маці не тушыла ў хаце святло. Чакае яго, хвалюецца?
Маўчаў у будцы Рой. Позна?
Пераступіў парог і ўбачыў, што маці ляжала на ложку і не спала.
– Чаго так позна, сынок? – прыўзнялася жанчына, глядзела трывожна на яго.
– Ды так – загуляўся. Даруй...
– Дзе – загуляўся? З кім? Праводзіў каго з дзяўчат?
«Гаварыць ці не гаварыць?»
– Праводзіў.
– Каго? Мо Кацярынку Піскунову?
– Не... Раскажу пазней. І параюся заадно. А цяпер спі, не хвалюйся. Больш такога не будзе. А калі будзе, то папярэджу. Сёння нечакана выйшла.
Маці ўздыхнула, адкінулася на падушку. Не стала больш дапытвацца ў сына, захоча, то і сам раскажа, бо ў яго ад яе ніколі сакрэтаў не было... Толькі не разумела, адкуль у яе сэрцы была, не прападала, трывога за сына.
У будцы ўсё ж сонна азваўся Рой – гаўкнуў на некага раз-другі, і заціх.
А Вінцук да раніцы так і не звёў вокам.
Перад ім стаяў вобраз Аксаны. Рукі і яшчэ адчувалі гарачыню яе налітых маладой жыццядайнасцю грудзей, і ў вушах чуліся, не прападалі словы – словы папярэджвання і трывогі: «Гора таму, хто на вецер словы кідае. Кара спасцігае таго, хто бязмэтна выпусціў з сэрца словы...»
«Вырвалася ж... Паміма маёй волі... Як сама і прымусіла сказаць тое. Але ж і праўду сказаць не мог – наклікаў бы на сваю галаву непапраўную бяду...»
За акном пачынала ўжо шарэць – у шыбы нячутна стукалася раніца.
6.
«Уладар цемры!
Зноў звяртаюся да цябе, да тваёй сілы, да твайго голасу! Скажы, што я няправільна зрабіла, што так атрымалася? Я ж адкрыла яму ўсе вароты свае, патаемныя і недаступныя нікому, адамкнула ўсе замкі і выкінула ключы ад іх – у возера спадзявання выкінула, каб ніхто і адамкнуць не змог акрамя яго, майго жаданага... І – не дамаглася свайго... Халодны ён аказаўся, як лёд. Мяне ад дотыку да яго пачаў біць неспатольны калатун. І ў яго, здаецца, было тое ж, але яно падалося мне не сапраўдным, і жаданне не пранізвала яго душу і сэрца. Прытвараўся? Баяўся мяне?.. Але ж я не імкнулася дабіцца ад яго толькі таго... Калі б мяне згрызала гэтая спакуса, то я даўно легла б пад любога жанаціка, ці вопытнага ў такіх справах чалавека, і здзівіла б, канечне ж, яго сваёй цнатлівасцю... Тут жа іншае, зусім іншае. Я хачу па сваім загадзе спаланіць душу нескаронага, узяць яго ў добраахвотны палон, а потым паздзекавацца з яго, атрымліваючы асалоду помсты за няўвагу да мяне...»
Аксана не вылазіла з-пад коўдры, але і пад ёй адчувала, як усё цела ўзята холадам – быццам ляжала на снежным нерушы, купалася ў ім, злілася з ім.
У ёй кіпела, прасілася вонкі нерастрачаная энергія і шал, не давала супакаення, працягвала біць праз край...
І тады яна, як што ўспомніўшы, рэзка адкінула ад сябе коўдру, села і прыслухалася да наваколля. У шчылінкі франтона яшчэ не цадзілася ранішняе святло, але адчувала, што вось-вось павінен напомніць пра сябе першы певень. Яна баялася пачуць яго голас, і таму пачала спяшацца – хуценька спаўзла па драбінцы ўніз, і голая, як маці нарадзіла, выскачыла ў двор.
Агледзелася, ці не было каго на відавоку, таго ж Уюна (яна чамусьці ўсё верыла і спадзявалася, што ён вернецца ці будзе стаяць каля дзвярэй) шырока размахваючы рукамі, як крыламі, пабегла па слядах Вінцука. Сляды выдзяляліся на роснай траве, абазначаліся, як лыжня па снезе, – і яна кіравалася тым следам, лучыла туды, дзе ён ступаў...
Бо Ўюн спыняўся і паварочваўся да яе (глядзеў на пуньку, ці думаў, што кінецца наўздагон?), а потым зноў бег, а во і зусім сеў на зямлю – вунь як трава зкалмычана (як конь сядно качаўся), – адпачываў пасля няўдалага кахання, перажываючы за няўмецтва, ці, наадварот, радаваўся, што вырваўся з абдымкаў? Адпачываў, бо вунь далей сляды пайшлі роўныя, спакойныя...
«Уладар цемры і падземнага царства!
Даруй яму яго правіны, не карай, і я пакуль караць не буду. Я ўсё яшчэ спадзяюся, што прыйдзе ён у мае абдымкі, што трапіць у сак лазовы, і я праглыну яго дарэшты, – яна ўзмахвала рукамі, як зграбала ў адно цэлае яго, Уюновы сляды, і кідала сабранае прыгаршчамі ў высокую збажыну, якая ўжо амаль адкаласілася, якую яшчэ не паспеў зламаць і скуёўчыць вецер з дажджом... – так яно і будзе, мой Уладар, абяцаю!..»
Потым пачала качацца па тым месцы, дзе сядзеў Вінцук (прыцягвала да сябе), і з яе грудзей вырываўся віскат задавальнення і асалоды ад колкасці ледзяной расы – яе перапаўняла энергія і жыццёвая сіла. Пасля падхапілася, зноў замахала рукамі, як зноў усё заграбала на сябе, прытуляючы рукі да грудзей, – тады толькі кінулася ўбок, нырнула ў збажыну і зноў упала – пачала ўжо качацца, задзіраць уверх ногі, лежачы і прыпаднімаючыся на спіне, куёчучы жыта ...