Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
— Аднак твая рабыня, мой сябра, можа быць небяспечнай, калі аблыгае твой розум і сэрца, — павольна сказаў па-італьянску заканазнаўца Міхаіл. — Феафано тут успомнілі невыпадкова…
Усе замоўклі зноў. Гісторыю дачкі карчмара Анастасіі, якая зачаравала царскага сына Рамана, а пасля, увайшоўшы ў палац, паступова прыбрала ўладу да сваіх рук, ведалі ў Візантыі надзвычай добра. Мабыць, ні пра адну жанчыну на троне не спявалася столькі песень — благіх і захопленых, ні пра адну не стваралася столькі панегірыкаў і праклённых рэчытачываў, як пра яе, што змяніла нават сваё імя і стала Феафана, альбо, як часцей называлі яе, Феафано. Атруціўшы свёкра, імператара Канстанціна, а пасля двух мужоў — Рамана і Нікіфара, апошні з якіх кахаў яе безразважна і аддана, яна была пакараная па загадзе патрыярха, абуранага празмернымі злачынствамі гэтай выскачкі з плебеяў. Саслаў жа яе на глухі востраў Іаан Цымісхій, якога яна пакахала ўжо сама і дзеля якога атруціла другога мужа. І подласць каханка сталася ў вачах народа горшаю, чым злачынства дзеля кахання — Феафано спачувалі, яе шкадавалі. Урэшце, Феафано вярнулася з выгнання, вось толькі не змагла ўжо вярнуць сабе трон. Аднак пра яе засталіся балады, што спявалі ва ўсіх тавернах краіны. Пра Іаана ж Цымісхія засталося ў памяці іншае — ён знішчыў балгарскую патрыярхію, заявіўшы, што адзін павінен быць патрыярх у свеце — візантыйскі…
— Нядобра, што ты выводзіш яе са свайго дому амаль адкрыта, калі не прайшоў яшчэ год пасля смерці Еўдакіі, - таксама па-італьянску сказаў Гермаген. — Шлюб з ёю для цябе немагчымы, яна не высакародная, дый сам ведаеш — вам, знатным, належыць пасля смерці жонкі пастрыгацца ў манахі.
— Я і прывёў яе сюды, каб параіцца з вамі, маімі бліжэйшымі сябрамі, - адказаў ім Нікіфар. — Грэшны я, парушыў абяцанне адпусціць на волю гэтую рабыню. Але хіба толькі мяне захоплівала прыгажосць? Я спадзяваўся, што вы падкажаце выйсце, а вы, бачу, толькі папракаеце мяне, хаця, як сказаў Гамер, «папракаць немагчыма». Прынамсі, я веру, што з-за яе не пачнецца паміж мною і кім-небудзь разлад.
…Бывае, што словы, сказаныя ў няўрочны час, нібы ажываюць і твораць сваю справу, вяртаючыся да ўладальніка. Не паспелі падаць чашы з арабскім шэрбетам — салодкімі скрылямі садавіны, палітымі замарожанымі ўзбітымі вяршкамі (іх увёў у побыт рамеяў турэцкі султан, што прыехаў да грэкаў пасля разрабавання Багдада манголамі ў 1258 годзе), — як убег кіроўца двара і прашаптаў, што ў дом прыехаў намеснік прэпазіта* Роберт і хоча бачыць коміта.
* Пачэсны тытул прыдворнага, звычайна еўнуха, што праводзіў прыёмы ў Вялікім Палацы.
Устрывожаны Нікіфар падняўся і хутка пайшоў да выхаду, гадаючы, што здарылася ў стайні. Аднак яго чакала іншае: Роберт аб'явіў, што імператар гневаецца на Нікіфара і заўтра кліча яго да сябе.
— Але чаму? — ашаломлена дапытваўся гаспадар дома, у той час як слуга ўносіў у пакой дарагое блюда з залатой эмаллю, каб уручыць яго пасланніку з Вялікага Палаца.
Задаволены ганец размяк, палагоднеў і, схаваўшы блюда ў скураную сумку, што вісела на плячы, разгаварыўся:
— Тры разы пасылаў да цябе ліст этэрыярх*, каб ты патлумачыў, чаму не хочаш вярнуць рыцару Райнеру ягоную рабыню, але ты нават не адказаў яму. Скарга вось ужо два тыдні ляжыць у этэрыярха, і сёння на прыёме ў Палацы ён расказаў пра гэта аўгусту. І той, што зусім зразумела, ажно ўзгарэўся.
* Начальнік імператарскай гвардыі, у якой былі зазвычай чужаземцы.
— Я не атрымліваў ад этэрыярха нічога і пра скаргу чую першы раз! — ашаломлена крыкнуў коміт.
— Аднак наш імператар — хай захоўвае яго вечна дзева Марыя! — якраз больш за ўсё і абураўся тваім маўчаннем. Згадзіся яшчэ, коміт: гэта дзіўна, што з дня смерці тваёй жонкі не прайшло і сарака дзён, а ты ўжо з'яўляешся на людзях з рабыняй-наложніцай.
Агаломшаны коміт замоўк, а Роберт з задавальненнем, хаця і прыхаваным, гаварыў далей:
— Вы, грэкі, вядома, гарачыя людзі. Аднак раю табе прыгатавацца да горшага: аўгуст патрабуе, каб ты прывёў з сабою і тваю наложніцу.
— Для чаго? — толькі і змог выгаварыць галоўны канюшы.
Франк Роберт, убачыўшы ўражанне, якое зрабілі ягоныя словы, застаўся ўдвая задаволеным: і падарункам, і тым, што канюшы, чые коні амаль заўсёды прыходзілі на іпадроме першымі пасля імператарскіх, гэтак спалохаўся. Колькі разоў спрабавалі і эпарх, і этэрыярх, аб'яднаўшыся разам, скінуць з пасады коміта, сагнаць з імператарскіх вачэй гэтага грэка, які ганарыцца тым, што ягоныя продкі вось ужо некалькі стагоддзяў былі блізка да трона! Аднак імператар, які на пасадах эпарха і этэрыярха змяніў нямала лацінянаў, упарта пакідаў месца галоўнага коміта за мужам прыўкраснай Еўдакіі і не памяняў сваіх адносін да яго нават тады, калі першая прыгажуня Цар-горада ператварылася ў хваравітую, схуднелую немаладую кабету. Але пасля яе смерці ворагі коміта, мабыць, папрацавалі нямала: запрашэнне на заўтра магло абярнуцца і смерцю, і выгнаннем.