Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Голас ягоны зьмяніўся зноў: ён паступова авалодваў сабою.
– Ня ведаю, чаму я марную час і словы на цябе, Тэядэн Канявод, і на тваю невялікую зграю паскакунчыкаў, што ўцякаюць хутчэй, чым наскокваюць. Колісь я прапанаваў табе зьвязак і выгоду па-за тваім разуменьнем і здольнасьцямі. Цяпер я прапанаваў зноў, каб тыя, хто заблукаў, ідучы за табою, пабачылі, які шлях яны яшчэ могуць абраць. А ад цябе я пачуў толькі абразы й выхвальбу. Ну, што ж зробіш. Вяртайся да сваёй халупы! Але ж ты, Гэндальфе! З твайго лёсу я сумую, спачуваю твайму сораму. Як жа здарылася, што ты прымушаны цярпець такіх спадарожнікаў? Бо ты ж ганарлівы, Гэндальфе, і маеш у тым рацыю, узвышаны высакародным розумам і позіркам, які працінае й далёкае, і схаванае. Нават зараз ты не прыслухаесься да маёй парады?
Гэндальф узварухнуўся й зірнуў угору.
– I што ж ты хочаш дадаць да таго, што ўжо сказаў падчас нашай апошняй сустрэчы? – спытаў ён – Ці мо забярэш назад тыя словы?
Саруман змоўк на хвіліну.
– Забраць назад? – паўтарыў мяркоўна, нібы азадачаны. – Чаму? Я даў параду дзеля тваёй карысьці, але ты амаль ня слухаў. У цябе шмат гонару, бо мудрасьць твая вялікая – і ты ня любіш чужых парадаў. Аднак у тым выпадку, мяркую, ты памыліўся, адмыслова прымусіўшы мяне зьмяніць мае намеры. Дый я сам, баюся, пераконваючы, страціў цярплівасьць. Як я шкадую цяпер! Бо я не вінавачу цябе ані ў чым, нават і зараз маё стаўленьне да цябе – дабрыня й дараваньне, хоць ты й вярнуўся зь сьвітаю гвалтоўных невукаў. А як жа йначай? Ці мы абодва – не сябры найшаноўнейшага, найстаражытнейшага Ордэну Міжзем'я? Абодвум нам на карысьць будзе нашае сяброўства! Шмат што мы можам зьдзейсьніць разам, загаіць раны й выправіць безладзь гэтага сусьвету. Дык паразумеймася ж! Забудзьмася на нязначны народзец! Няхай яны чакаюць нашых вырашэньняў. Дзеля агульнай карысьці я забудуся на мінулае й зноў прыму цябе! Ці не падымесься ты на раду да мяне? Ці не аб'яднаесься з мною?
Гэткую моц уклаў Саруман у прамову, што аніхто з слухачоў не застаўся абыякавым. Але на гэты раз чары ўзьдзейнічалі цалкам па-іншаму. Усе пачулі нястрогі папрок добрага караля свайму схільнаму да памылак, але ж горача любімаму набліжанаму прыдворнаму. Але якімі ж далёкімі ад астатніх падаліся гэтыя два! Усе слухалі прамову, не прызначаную для іх, быццам расьпешчаныя дзеці ці неразумныя служкі, што неспадзявана засталі старэйшых і правадыроў за неспасьцігальнай для прасьцякоў размовай. Слухалі й дзівіліся, што значаць тыя словы ў іхнім лёсе. Так, гэтыя два былі высакароднейшыя, уладарнейшыя, мудрэйшыя. Не, яны абавязкова паразумеюцца. Гэндальф падымецца ў Ортанк, без усялякага сумневу, каб там абмяркоўваць вышнія, неспасьціжныя рэчы. Дзьверы зачыняцца, і астатнія пачакаюць, пакуль на іх узгадаюць ды пры значаць ім працу альбо пакараньне. Нават у Тэядэнавым розуме ўзьнік цень падозраньня: "Няўжо ён здрадзіць нам? Пойдзе – на агульную пагібель?"
Гэндальф засьмяяўся – і чары разьвеяліся, як дым па ветры.
– Эх, Саруман, – вымавіў ён, яшчэ сьмеючыся, – ня тое ты абраў. Табе варта было стаць каралеўскім блазнам і зарабляць на хлеб і пярэстыя лахманы, цьвелячы з каралеўскіх міністраў. Вох, бацюхны! – ён прыпыніўся, зноў засьмяяўшыся. – Мы паразумеемся! Баюся, я па-за тваім разуменьнем. Але ж цябе, Саруман, я разумею надта добра. Я памятаю й твае аргумэнты, і твае дзеі лепей, чым ты лічыш. Калі апошні раз наведваў цябе, ты быў турэмшчыкам Мордару. Туды ты плянаваў выправіць мяне. Не, калі госьць уцёк праз дах, дык двойчы падумае, ці вяртацца празь дзьверы. Наўрад я падымуся да цябе. Але ж паслухай, Саруман, у апошні раз! Магчыма, ты спусьцісься да мяне? Ізенградак апынуўся не такім моцным, якім зрабілі яго твае надзея й прыдумка. Можа, паспадзяесься на што іншае? Мо лепей было б забыцца старое на пэўны час? Павярнуцца да новага? Падумай добра, Саруман! Ці спусьцісься ты да мяне?
Саруманаў твар азмрочыўся, а тады сьмяротна пабялеў. Зноў ня справіўся з сабою, на кароткі час не схаваў адчай сумневаў: агідна было заставацца ў сховішчы й страшна пакідаць яго. Ён завагаўся на імгненьне – і ўсе стаілі дыханьне. Тады загаварыў, і голас ягоны патыхаў пранізьлівым холадам. Пыха й нянавісьць перамаглі.
– Ці спушчуся я? – перадражніў ён. – Ці выходзіць бяззбройны да бандытаў перад дзьвярыма? Мне й адсюль цябе добра чуваць, Гэндальфе. Я ня дурань, і табе, Гэндальфе, я не давяраю. Твае дзікія лясныя пачвары не стаяць на маіх лесьвіцах, але я ведаю, дзе яны хаваюцца, пакорлівыя тваёй волі.
– Здраднікі заўжды недаверлівыя, – стомлена ўздыхнуў Гэндальф. – Табе няма патрэбы баяцца за сваю скуру. Я не заб'ю цябе, не пашкоджу табе. Ты паверыў бы, калі б насамрэч разумеў мяне. У мяне ёсьць моц, каб абараніць цябе. Я даю табе апошні шанец. Ты можаш пакінуць Ортанк вольным – калі сам абярэш тое.