Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
У заключэньне Твардоўскі аб’явіў, што аўтарская назва ня пойдзе, над назвай патрэбна думаць. Мусіць, тое мне найбольш не спадабалася, але я ўжо ведаў, што тут надта патрабавальна адносяцца менавіта да назвы. Таго ад іх вымагае палітыка. А там, дзе палітыка, там няма месца ні густу, ні нават логіцы. Уся мая далейшая практыка адносінаў з выданьнямі і выдавецтвамі пацьвердзіла тую нязрушную выснову.
У «Маладосьці» аповесьць, як і належала, выйшла раней за новамірскую публікацыю. Але не пасьпеў я атрымаць чарговы нумар «Маладосьці», як у Менску зьявіўся вялікі артыкул партыйнага журналіста, нейкага Агеева, які каменя на камені не пакідаў ад аповесьці. Дасталося, вядома, і аўтару. Хаця іншай ацэнкі я і не чакаў, але было трохі крыўдна — колькі ж можна! На гэты раз беларускае кіраўніцтва не спудлавала — папярэдзіла пэўную маскоўскую ацэнку. Калі раней яно апыналася «на падхопе», дык цяпер падхопліваць маглі расейцы. Iніцыятыва была за Беларусьсю.
У Маскве, канешне, ня спалі, падхапілі ў час. Ці не па ўсіх газэтах пракацілася хваля крытыкі і асуджэньня. Не прытупляў палітычнае пільнасці ГЛАВПУР. На ўсялякіх палітычных нарадах ягоны начальнік генэрал Епішаў у якасьці нэгатыву прыводзіў у прыклад «паклёпніцкую» аповесьць Быкава. Ягоныя ацэнкі перайшлі нават ў вайсковыя падручнікі і дапаможнікі па палітзанятках для салдатаў Савецкай арміі. Тут якраз падасьпеў і «Новый мир» з аповесьцю, дзе яна была названа «Атака сходу». Тое, што «сходу», павінна было неяк прабачыць няўдачу самой атакі, — так мне растлумачылі пасьля ў «Новом мире». Але не прабачылася нічога. Уся савецкая прэса, чынячы расправу над аўтарам заганнай аповесьці, граміла і часопіс, асабліва ня раз ужо зганьбаванага Твардоўскага. Чытаючы, як яго бэсьцяць, я адчуваў некаторую няёмкасьць, што «падставіў» часопіс і яго шаноўнага рэдактара. Той, аднак, не вініўся, а прыслаў мне чарговы ліст з падтрымкай і спасылкай на пратапопа Авакума, які з астатніх сілаў топае сабе з пратапопіцай. Толькі да якой мэты, думаў я. Да свайго апошняга вогнішча ў закінутай хаціне? Праўда, «Литературка» зьмясьціла адзіную на той час пазытыўную рэцэнзію на аповесьць, і для мяне сталася важна, што аўтарам яе быў Юры Бондараў.
57. Каця. Румынія
Я працягваў працаваць у рэдакцыі, але заўважаў, як адносіны да мяне робяцца ўсё болей кіслыя. На пасаду адказнага рэдактара прыехаў новы чалавек, ветэран вайны, былы лётчык Георгій Лысоў. Ён меў са мной гутарку, зь якой я зразумеў, што абкам доўга тут мяне не пацерпіць, і Георгій Сьцяпанавіч раіў пісаць трохі ашчадней. «Ну іх да д’ябла, гэтыя органы! Iх лепш не чапаць, я ж па сабе ведаю…» Я думаў: хто з нас таго ня ведае? Але ўсе маўчым. Можа, і мне трэба змоўкнуць. Я ўжо гатовы быў змоўкнуць. Можа, і зрабіў бы тое, каб не наступныя падзеі…
Жонка ўвесь час працавала ў школе, дома падрасталі два хлопцы, хапала хатняе працы, і яна шукала памочніцу.
Хтось з выкладчыц пэдінстытуту параіў добрую жанчыну, адзінокую, якая магла б прыходзіць разы два на тыдзень прыбіраць у кватэры. Хутка яна і зьявілася ў нас — добрая, руплівая жанчынка. Яна сапраўды жыла адзінокай, хаця мела сына, і ўжо пабывала ў лягеры. Праўда, ня надта было зразумела, за што. Ды я не цікавіўся. Звычайна, як яна прыходзіла прыбіраць, мы з хлопцамі вымяталіся на падворак ці яшчэ куды — каб не замінаць. Прыбірала добра, старанна. Жонка была задаволеная.