Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Калі неўзабаве быў скліканы абласны сход гаспартактыву, Міцкевіч ужо граміў на ім маскоўскіх абстракцыяністаў Еўтушэнку і Вазьнясенскага, да якіх далучыў і нашага Карпюка. Сход патрабаваў ад члена КПСС Карпюка прызнацца, і той выказаўся ў тым сэнсе, што нават добра ня ведае, што гэта такое. Тады Міцкевіч заявіў у заключнай прамове, што таварыш Карпюк, як усе тут пераканаліся, замаскаваны абстракцыяніст, хаця і не прызнаецца.
Трэба зазначыць, што ў першага сакратара абкаму было нямала прэтэнзіяў да Карпюка зь іншага поваду. Даўні змагар за праўду і справядлівасьць, Аляксей з усякага поваду хадзіў у абкам і гадзінамі сварыўся з усімі сакратарамі, у тым ліку і зь першым. Яго абуралі адносіны кіраўніцтва да стану культурных устаноў у вобласьці, да забесьпячэньня гараджанаў прадуктамі, нават тое, што адрослыя ў скверы дрэвы засланяюць бюст Элізы Ажэшкі. Цяпер, здаецца, надарыўся момант, каб публічна зганіць пісьменьніка. Але Карпюк рашыў не паддацца, паехаў у Менск да Машэрава. Калі з прыёмам у Машэрава не атрымалася, кінуўся ў Саюз пісьменьнікаў да Танка. Але Танк толькі разьвёў рукамі — маўляў, што ты будзеш рабіць з дурнямі. Мабыць, Яўген Iванавіч меў рацыю, ён даўно ня ўмешваўся ў ніякія канфлікты з уладамі. У лепшым выпадку мог адаслаць да свайго вечнага намесьніка Шамякіна. Але каб Шамякін за каго-небудзь заступіўся перад партыйнымі органамі, такога не здаралася. Ён сам іх баяўся; казалі, што, калі ў СП званіла кіраўнічая дама Сінельнікава, з трубкай у руцэ прымаў стойку «сьмірна».
Пасьля зьезду на месца Сінельнікавай у ЦК прыйшоў Савіцкі, і першай яго камандзіроўкай на перыферыю стала паездка ў Горадню.
Карпюк паклікаў мяне ў Дом Ажэшкі, дзе ён звычайна сядзеў над друкаркай, і кажа: «Слухай, прылятае Савіцкі, дык ты сустрэнеш яго ў аэрапорце, а тут буду прымаць я. Як і належыць па пратаколе».
Я так і зрабіў. Спаткаў важнага госьця ля трапу самалёта, на абкамаўскай «волзе» прывёз да Карпюка. Карпюк падняўся з-за стала. Савіцкі, які некалі разам з Карпюком вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах, па-таварыску працяг руку — здароў, Аляксей. Аляксей, аднак, схаваў свае рукі за сьпіну і мовіў: «Во што, Алесь. Ты стукач, і я табе рукі не падам. Але калі ты прыехаў ад ЦК, дык сядай, будзем гаварыць аб справе».
Савіцкі, мабыць, меў добрыя нэрвы, не міргнуўшы вокам, сеў за стол. Пачалася казённая размова — выкананьне плянаў, адносіны і ўзаемаадносіны. Карпюк хутка згубіў увагу да госьця і сказаў, што ў яго сёньня шмат працы, ён канчае аповесьць. Яны холадна разьвіталіся. Той халодны прыём праз кароткі час даволі горача адгукнуўся ў Карпюковым лёсе.
59. Хэмінгуэй, Рэмарк
Як я з часам пераканаўся, жыцьцё ў правінцыі мае хіба ўяўную перавагу перад сталічным жыцьцём, дзе ў сучаснага чалавека сапраўды ёсьць магчымасьць схавацца ў мурашніку шматлюдзьдзя. Насуперак пашыранаму меркаваньню, у правінцыі тое немагчыма. Па-першае, тут ён пад няспынным наглядам начальства, суседзяў, органаў, якія заўсёды імкнуцца ўсё і пра ўсіх ведаць. Зноў жа — візыты. У Горадні, дзе мы шмат год жылі з Карпюком, не мінала тыдня, каб хто не прыехаў да нас — зь Менску, Масквы ці з Польшчы. Вядома ж, прыяжджалі сябры, харошыя людзі, журналісты, якім мы былі радыя. Звычайна пасьля такіх знаёмстваў завязвалася сяброўства, якое часам доўжылася гадамі. Але сярод іх траплялі і падазроныя ці яўна падасланыя па лініі бясьпекі людзі. Ды як было ўведаць пра тое? Iншыя пісалі пісьмы ці тэлефанавалі па справах зь Менску або Масквы. Часта званіў Мікола Матукоўскі. Ён працаваў у «Известиях» і, вядома, шчыраваў для сваёй газэты. Што-нішто я пісаў так, як разумеў з праблемаў літаратуры ці мовы, ён, вядома ж, перапісваў, і тое друкавалі, мала, аднак, робячы радасьці аўтару. Аднойчы да нас прыехаў любы ўсімі Уладзімер Караткевіч. Тады ён пісаў «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і хацеў паглядзець на гродзенскія «касталомныя вежы». Не чакаючы, калі яму гаспадары наладзяць пачостку, сам склікаў тутэйшых літаратараў у рэстаран «Беларусь» (які яшчэ тады быў), пачаў адкаркоўваць бутэльку шампанскага і абліў любую ім Дануту. Пасьля гжэчна выбачаўся і цалаваў яе ручкі. Незадоўга да свае сьмерці прыехаў з Варшавы слынны польскі паэт Віктар Варашыльскі, якога пасьля затрымалі на гродзенскай мытні, зрабілі ганебны, зьневажальны ператрус па поўнай праграме. Варашыльскі тут нарадзіўся і з бацькамі жыў у вайну. Немцы ня вынішчылі сям’ю славутага гродзенскага яўрэя-гінэколяга толькі з тае прычыны, што ўсе гады акупацыі яе ратавала беларуская жанчына, былая работніца раддому. Віктар распавядаў, як тая цягала па начах трох малых і трох старых, перахоўвала ў скляпах і закінутых хлеўчуках, рызыкуючы ўласным жыцьцём і жыцьцём сваіх крэўных. I выратавала, ніхто не загінуў. Памерла тая жанчына ў 70-я гады, не адзначаная ні беларускай уладай, ні ізраільскім Ёдяшэм. Дрэўца ў яе гонар ля славутай менскай Ямы нікім не пасаджана.