Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Праўда, у нас аднаго рашэньня для таго было мала, патрабавалася яшчэ шмат чаго, што часам было вышэй за жыцьцё, вышэй за твой чалавечы лёс.
Задума з «Круглянскім мостам» высьпявала паволі, на гэты раз болей пад уплывам прачытанага, а ня ўспомненага, перажытага. У літаратуры і асабліва ў журналістыцы, а таксама ў т. зв. дакумэнтальнай літаратуры пра вайну тым часам падабралі ўсе і ўсялякія праявы сапраўднага і выдуманага гераізму, дайшла чарга да дзяцей. Ствараўся вобраз малога помсьлівага героя, які так ненавідзеў фашыстаў, што толькі і імкнуўся аддаць супраць іх жыцьцё. Дарослыя дзядзькі, вядома ж, разумелі яго і ўсяляк садзейнічалі яму. Хаця і было шкода малечу, але калі ён так просіць, дык адмовіць яму не маглі. I яны яго навучаюць, як тое зрабіць з найбольшым вынікам — узарваць мост, цягнік, ці хоць бы аўтамабіль са снарадамі. Вядома, ён гіне, але па-геройску, тое ўсё вытлумачвае і апраўдвае. Пра маральны бок справы таго акту звычайна не згадвалася — мараль там адсутнічала.
Мяне ж прыцягвала менавіта мараль, з таго і зьявіўся.
60. «Круглянскі мост». АТК
«Круглянскі мост» выйшаў у часопісе «Полымя», які на той час рэдагаваў Павел Кавалёў — Павэлак, як яго трохі зьняважліва клікалі маладзейшыя. Паводле сваёй прыроды то быў неблагі чалавек, не апантаны бальшавік, памяркоўны і абачлівы. Вялікай складанасьці з публікацыяй не было — дальнабачны рэдактар найперш заручыўся падтрымкай ЦК. Сакратар па прапагандзе, былы партызан Пілатовіч аповесьць адобрыў. Як пасьля казаў рэдактар, Пілатовіч найбольш быў прываблены заключнай фразай пра камісара, якога, бы анёла-збавіцеля, чакае ў яме падлетак-партызан Сьцёпка. Звычайна ў сваіх творах я прынцыпова пазьбягаў вобразаў камуністаў-камісараў, але тут дапусьціў магчымасьць таго. Так сказаць — гіпатэтычнага камісара, якога няма, але які можа зьявіцца. Як паказаў час, то быў выйгрышны ход, які ў беларускім выданьні ўвогуле апраўдаў сябе. Рэдактар «Літаратуры і мастацтва», сам былы палітрук-камісар Леанід Прокша надрукаваў у сваёй газэце ўласнаручна напісаны артыкул, цалкам апалягетычны да аповесьці. Я пераклаў яе на расейскую мову і адвёз у «Новый мир».
Вядома, я мог бы не друкаваць аповесьць па-расейску, тым болей, што пераклад не чыніў мне асалоды, якраз наадварот. На яго я папсаваў куды болей паперы і затраціў больш часу, чым на арыгінальны варыянт па-беларуску. Але навамірцы прасілі і ня раз напаміналі, як што-небудзь напішацца, адразу прысылаць ім. Твардоўскі прапаноўваў аванс (нават бязвыплатны — у выпадку, калі нічога не напішацца). Я жыў небагата, але авансаў стараўся ня браць. А тут якраз штось напісалася ды яшчэ адобрана на ўзроўні ЦК, як было ўстрымацца? Падумаў ужо, што, можа, гэтай аповесьцю ўлагоджу сваіх, а разам і наваміраўскіх ворагаў.
I праўда, аповесьць спадабалася і ў «Новом мире». Як я прыехаў, Твардоўскі быў у добрым гуморы, сказаў, што гэтая аповесьць, можа, найлепшае з усяго, што я надрукаваў у расейскіх часопісах. Сьвежая тэма і высакародная ідэя. Мабыць, даўно б трэба прыгледзецца беларускім літаратарам да свае партызанкі, у якой далёка ня ўсё белае, а нямала і чорнага. Але хто іх спадзьвігне на тое? Гэты ваш Броўка, у якога даўно «зьліпліся вейкі», ці Грышкасьвінапас Шамякін? Я сказаў, што Шамякін — ня Грышка, а Iван. «Адна парода, — сказаў Твардоўскі, — я яе ведаю. У самога продкі адтуль, зь Беларусі. Ці ёсьць у вас там, у Саюзе, які мудры яўрэй? Вам вельмі не хапае мудрага старога яўрэя». Яшчэ ён сказаў, што трэба вучыцца і браць прыклад ня толькі з расейскай літаратуры, якая даўно задушана ідэалёгіяй, а і з заходняй літаратуры, дзе моцнага уплыву дасягла літаратура экзістэнцыялізму, Камю, напрыклад. Ягоны раман «Чума» — гэта ж эвангельле дваццатага стагодзьдзя. Канешне, мы — не французы, у нас свой боль, ды ўсё ж… Ён, Твардоўскі, вядома, паважае Пушкіна, але аддае перавагу Някрасаву. Хаця ўвогуле вершаў ня любіць і нават хацеў кінуць іх пісаць. Такая была размова перад публікацыяй «Круглянскага мосту» ў «Новом мире».