Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 87 88 89 90 91 92 93 94 95 ... 229
Перейти на страницу:

Тады ўлетку вольны час бавіў на Нёмане. Тут маім сябрам заставаўся Валя Чэкін, разумны музыка і паэт. Неблагія вершы яго часам друкаваліся ў абласной газэце. Зь ім можна было шчыра пагутарыць пра жыцьцё і літаратуру. Ён умеў слухаць, не любіў спрачацца — таксама, як я. Ну і рыбак быў адмысловы.

Стаўшы сакратаром абласнога аддзяленьня СП, Аляксей Карпюк імкнуўся актывізаваць працу гродзенскіх пісьменьнікаў, арганізоўваў усялякія вечары і сустрэчы — у школах, на прадпрыемствах, часам з выездамі ў раёны. Звычайна для таго запрашаў Дануту Бічэль, Вольгу Iпатаву, якая са школьных урокаў прыбягала куды-небудзь — у пэдінстытут ці ў рэдакцыю і бойка чытала вершы.

Карпюк звычайна ганарыўся маладымі і недалюбліваў старых — некалькіх дужа актыўных пэнсіянэраў-адстаўнікоў. Да майго сяброўства з Чэкіным ён адносіўся даволі стрымана, але я лічыў, што ён памыляецца. Toe маё меркаваньне яшчэ ўзмацнела пасьля аднаго выпадку.

У адзін зь першых сонечных дзён лета мы дамовіліся з Чэкіным спаткацца на Нёмане, каб пераабсталяваць нашы лодачныя прычалы. Напярэдадні Валянцін прыцяг дзьве таўшчэзныя дошкі, якія за бутэльку здабыў на недалёкай будоўлі. Прыйшоўшы да лодак, я доўга чакаў сябра, а яго ўсё не было. Нарэшце ён паявіўся, але выглядаў чымсьці заклапочаны і не адразу паведаміў мне паціху, што яго клікалі ў КДБ. Не на Урыцкага, дзе было іхняе ўпраўленьне, а ў гасьцініцу. I спрабавалі завербаваць, але ён адмовіўся. Toe ня стала для мяне вялікім сюрпрызам, але настрой сапсавала грунтоўна. Зноў жа я ня ведаў, як да таго аднесьціся, тым болей, што Чэкін сказаў, быццам яго папярэдзілі аб «неразглашэньні». Toe, што Валяньцін адмовіўся працаваць супраць мяне, рабіла яго ў маіх вачах яшчэ болей шаноўным сябрам. Болей, аднак, пра тое мы ніколі зь ім не гаварылі, і ён не казаў, ці былі ў яго новыя кантакты з КДБ. Я таксама нічога пра той выпадак нікому не сказаў, апроч як праз шмат год — Карпюку. Аляксей тады крыва заўсьміхаўся — то ж у іх гэткі прыём, а ты думаў… Я падумаў тады, што калі прыём, дык самы паганы і подлы. Бо тое прызнаньне сябра выклікала ў мяне самыя сяброўскія да яго пачуцьці і поўны давер. Думаў, што калі чалавек, не зважаючы на забарону, прызнаецца ў тым, значыцца, ён сапраўды адданы табе сябра. Аказваецца, — прыём…

За кароткі час, можа, за месяц, напісаў невялічкую аповесьць, названую «Праклятая вышыня». Гэта ўсё муляў у сьвядомасьці той выпадак вясны сорак чацьвёртага году на фронце. Думалася, там ёсьць штосьці новае, што можна выкарыстаць, прынамсі ў літаратуры. Хаця новае — вельмі адноснае разуменьне, тое, што я меў на мэце, даўно стала банальнасьцю ў нашым жыцьці, удоўж і ўпоперак пранізаным тымі самымі «органамі». Але напісаўшы, завагаўся, ці варта друкаваць? Хацелася з кімсьці параіцца, ды ў Горадні такіх людзей было мала. Карпюк, здаецца, на той час кудысь зьехаў, мой Валянцін беларускай мовы ня ведаў. Ды й наогул, будучы паэтам, ён ня надта цікавіўся маёй празаічнай творчасьцю. Але часам я сустракаўся (пераважна ў кампаніі Карпюка) з выкладчыкам мэдыцынскага інстытуту дацэнтам Клейнам. Барыс чытаў будучым мэдыкам гісторыю КПСС, быў эрудзіраваны навуковец, ведаў літаратуру і філязофію. Да нашай рэчаіснасьці адносіўся стрымана крытычна, і тое надало мне рашучасьці прапанаваць яму аповесьць. Ня надта ахвотна ўзяўшы, ён прачытаў яе за адну ноч і пры сустрэчы дужа хваліў. Сказаў, што гэткую рэч Твардоўскі з радасьцю надрукуе. Яна таго вартая.

Найперш я завёз аповесьць у Менск, перадаў Пімену Панчанку. Пімен быў заклапочаны, — мае аповесьці, падобна, пачалі пагражаць ягонаму рэдактарству ў «Маладосьці». Сказаў: добра, калі б падтрымаў «Новый мир». Але ж для «Нового мира» трэба перакласьці, а перакладчыка ў мяне не было. Тады Пімен кажа: зрабіце падрадкоўнік, а перакладчыка яны самі знойдуць. У Маскве перакладчыкаў — навалам.

Так і зрабіў — перапісаў тэкст больш-менш па-расейску. Знарок не шліфуючы, ня дбаючы пра стыль, адно клапаціўся пра сэнс. Нейкай аказіяй адправіў рукапіс у Маскву. Праз дужа кароткі час патэлефанаваў Кандратовіч — трэба прыехаць.

56. «Новый мир»

На гэты раз адбылася сустрэча з усёй рэдакцыяй. У шырокім крэсьле сядзеў грузнаваты, афіцыйна апрануты Аляксандр Трыфанавіч Твардоўскі, прыйшлі стрыманы Аляксей Кандратовіч, акулярысты Iгар Вінаградаў, гаваркі Уладзімер Лакшын, мая рэдактарка Аня Берзер і яе каляжанка Iна Барысава. Пасьля падышоў сівавалосы ўсьмешысты Iгар Сац, а сакратар Хітроў быў тут ад самага пачатку. Пачалося абмеркаваньне, якое ішло нядоўга, стрымана і грунтоўна. Памятаю, Кандратовіч гаварыў пра некаторую жорсткасьць самой канструкцыі аповесьці, Лакшын — пра характары. Твардоўскі адзначыў пэўны новы ньюанс у распрацоўцы няновай тэмы, але сказаў, што надрукаваць аповесьць для яго — абавязак. Вось толькі пераклад… Хто зробіць пераклад? Лакшын сказаў, што пераклад мог бы зрабіць Дудзінцаў, нядаўна раскрытыкаваны за раман, ён сядзіць бяз працы. Твардоўскі зірнуў на яго з дакорам: «Ага, значыцца, так: аўтар Быкаў, рэдактар Твардоўскі, перакладчык Дудзінцаў? I вы хочаце з такім трыё надрукаваць аповесьць?». Усе засьмяяліся, зразумеўшы марнасьць прапановы Лакшына. Тады, пасьля нядоўгага роздуму, Аляксандр Трыфанавіч кажа: «Вось, няхай Васіль сам папрацуе над рускім тэкстам, як мае быць вычытае, Анна Самойлаўна паможа. А мы паглядзім». На тым і вырашылі. I на шмат год запачаткавалі з Быкава перакладчыка ўласнай прозы. Хаця хлеб той апынуўся надзвычай цяжкі, прынамсі для мяне, які ня раз спрабаваў яго кінуць. Але зноў браўся, бо інакш не выпадала.

1 ... 87 88 89 90 91 92 93 94 95 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)