Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Рэшта таго шляху па Румыніі і да самай Сафіі была азмрочана, я ўжо не хацеў і ехаць. Але неўзабаве ў Сафіі, якая спаткала мяне знаёмым пахам смажанай кебабчы, настрой памалу падняўся. Асабліва пасьля добрай чары грэнай ракіі ў сьцюдзёны час. Найдзен тут жа ўладкаваў мяне ў гатэль і папярэдзіў, што на тым афіцыйная гасьціна СП канчаецца, далей мной апекваюцца прыватна. У тым ліку і ён. Так загадала Масква, наогул хацела адмяніць візыт, але балгары палічылі такі акт бестактоўным і дазволілі прыехаць. Што ж, прыватна яны прымалі таксама няблага. Найперш добра пачаставалі на кватэры ў Найдзена зь яго мілай Мінкай, куды прыйшоў другі Вылчаў — Георгій, зь якім я знаёміўся ў час ягонага прыезду ў Менск і Горадню. Празаік Iвайла Пятроў пры сустрэчы на вуліцы пачаставаў віном і распавёў дужа палітычны анэкдот. У паветранай катастрофе загінулі тры нацыянальныя лідэры: Адэнаўэр, Эйзенхаўэр і Хрушчоў. Пытаньне: які народ найбольш шкадаваць будзе? Адказ: балгарскі. Чаму? Таму што сярод іх не было Тодара Жыўкава. Анекдот у алегарычнай форме ўсё вытлумачыў. Болей пра настроі і жыцьцё ў Балгарыі можна было не пытацца. Хаця жыцьцё тое было ва ўсіх адносінах куды лепшае, чым у нашай краіне. Я там меў гонар быць запрошаным на некаторыя госьці і памятаю, як гаварыў пра Менск рэдактар адной балгарскай газэты. Казаў, што, наведаўшы Беларусь, хацеў плакаць, бо ня ўбачыў на вуліцах ніводнай беларускай шыльды, не пачуў у Менску ніводнага беларускага слова і тады зразумеў, што чакае Балгарыю. Ён быў недалёка ад праўды…
У Сафіі зьезьдзіў на Плоўдзіўскую шашу, у былы наш вайсковы гарадок. Гарадок быў на сваім месцы — тыя ж драты агароджы, прахадная, будынкі і казармы. Але нешта і зьмянілася. У рамантычнай віле цераз дарогу, дзе жыў балгарскі генэрал, а пасьля наш камбрыг, цяпер месьціліся камунальныя гаспадары, у двары сушылася на вяроўцы бялізна, а ў доле два балгарыны смалілі кабана. Акурат, як на беларускай вёсцы. Вёска і там прыйшла ў горад. Гасьцінныя балгарскія пісьменьнікі хацелі пачаставаць мяне славутым іх каньяком «Пліска», ды марна. Шукалі па ўсім горадзе, завіталі ў фірменны гатэль «Пліска», але каньяку не знайшлі, сказалі — пайшоў на экспарт. Я падумаў тады: добра, што наш «сучок» не ідзе на экспарт, хоць ёсьць што выпіць.
На пачатку сьнежня, якраз на дзень сталінскай канстытуцыі памёр бацька. Паехаў на паховіны. Да Полацку ехаў цягніком, а адтуль — на таксі. Не даяжджаючы Кубліч, у Штундаравых гарах таксоўка забуксавала, давялося ісьці пехатой. Добра, было недалёка. Бацька перад сьмерцю доўга хварэў на нейкую ліхаманку, якую лячылі ў Селіцкай бальніцы, ды марна. Ён дужа пакутаваў — ад хваробы і яшчэ за сына. Як я прыяжджаў апошнім часам, пільна ўглядаўся ў мяне і цяжка ўздыхаў: дастаецца табе, сынок, лепш бы ты кінуў пісаць. Пад страхой хлеўчука ў яго даўно ляжала колькі хваёвых дошак, якія, мяркуючы па ўсім, чакалі свайго часу. Не дачакаўся мой стары бацька, калі я кіну пісаць. З тым і пайшоў у хвойнік пасярод вёскі, дзе сабраліся ўсе тамтэйшыя пакаленьні жыхароў. Жылі і адносіліся адзін да аднаго па-рознаму, але тут ляжаць цесьненька — у міры і згодзе. Мусіць, толькі на могілках тое і магчыма.
55. «Праклятая вышыня»
Усё апошнім часам перажытае, зьвязанае зь літаратурай, аднак, ня змусіла мяне адрачыся ад вайсковай тэмы. Хоць і даводзілася часам пакутна, парой безнадзейна. Але падтрымка сяброў — у Менску і Маскве — сьведчыла, што ў творчым сэнсе я на плённым шляху. Неяк у Маскве давялося добра і шчыра пагутарыць з Лазарам Лазаравым, які рабіўся ці ня самым аўтарытэтным дасьледчыкам вайсковай літаратуры і ўжо што-нішто надрукаваў у маю падтрымку. Як заўжды, на ўсіх калектыўных мерапрыемствах пахвальна і горача гаварыў пра мае аповесьці Алесь Адамовіч. Чытачы прысылалі масу водгукаў, пераважна з адабрэньнем аповесьці. Сярод іх аднойчы атрымаў добры ліст ад малазнаёмага тады, а пасьля аднаго з самых выдатных пісьменьнікаў Расеі Віктара Астаф’ева. Выдатны ліст у падтрымку майго погляду на вайну прыслаў камандуючы ЗАКВА генэрал арміі Стучэнка. Шкада, мала што з тых эпісталярыяў захавалася: частку я сам спаліў на лецішчы (не было дзе хаваць), частку раскралі. Што-колечы здаў у літаратурны музэй.