Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 229
Перейти на страницу:

Неўзабаве пасьля зьезду я атрымаў першы ліст ад Твардоўскага. Пасьля ён прысылаў мне нямала лістоў і паштовак, але той самы першы стаўся для мяне самым важным ва ўсіх адносінах. Аляксандр Трыфанавіч найперш абгрунтаваў уласную пазыцыю ў дачыненьні да сучаснай літаратуры і засьведчыў пэўную прыхільнасьць да майго выступу на зьезьдзе. Яму спадабалася, што я не апраўдваўся там, не вініўся, а хутчэй — наступаў і абвінавачваў. Пахвальнае слова рэдактара і мэтра расейскай літаратуры было для мяне важней за ўсе пагрозьлівыя напады ўсіх літаратураведаў у «штацкім». Я адчуў сябе яшчэ болей упэўнена, калі аднойчы пад восень атрымаў тэлеграму зь Ялты ад славутага аўтара «Акопаў Сталінграду» і таксама ўжо бітага крытыкай (за падарожныя нататкі з Захаду) Віктара Някрасава. «П’ём за ваша здароўе, жадаем новых кніг праўды пра нашу вялікую вайну», — значылася ў тэлеграме…

У выніку буйнай кампаніі дыскрэдытацыі твору Быкава аўтар пачаў атрымліваць шмат лістоў ад яго чытачоў. Пісалі зь Беларусі, з Масквы, зь Пецярбургу і нават зь Сібіры і Далёкага Ўсходу. Аўтары былі самыя розныя — ад ветэранаў былой вайны да моладзі і студэнтаў. Значная бальшыня пісьмаў была ў падтрымку пазыцыі аўтара, падзяка за праўду вайны. Тады ж празь лісты я пазнаёміўся зь некаторымі пісьменьнікамі, што былі, так бы мовіць, «укушаныя вайной», інваліды, якія самі пісалі пра яе. Гэта быў выдатны рускі пісьменьнік У. Тэндракоў, а таксама С. Круцілін, В. Ганчароў, [нечытэльная ўстаўка], Д. Гусараў зь Петразаводзку. Яны дзякавалі мне і пісьмова ціснулі руку. Тады і пасьля такіх лістоў у мяне набраўся не адзін чамадан. Частку іх пазьней я спаліў на дачы, як пабачыў, што іх могуць украсьці, бо дужа цікавяцца пэўныя людзі. Але ўжо тады заўважыў, што ўсе лісты былі пэрлюстраваныя, што ня надта і ўтойвалася пэрлюстратарамі. Вядома, што папера савецкіх купэртаў была благая, і сьляды гарачага адпарваньня на другім баку былі відавочныя. Пры тым некаторыя з лістоў пэрлюстраваліся па некалькі разоў, у розных інстанцыях. Асабліва пашкуматанымі выглядалі лісты да бацькоў, у вёску. Падобна, іх адпарвалі ў Гародні, дзе я іх апускаў у скрынку, затым у Менску і, вядома ж, па месцы адрасата — усім трэба было ведаць, што піша Быкаў. Але я даўно ўжо не пісаў нічога падазронага, тым болей бацькам. Як, дарэчы, і яны мне, чые лісты былі ня лепшыя з выгляду. Калі трапляла якая бандэроль — кніга ці рукапіс, дык яна была бязьлітасна пашкуматаная (бы яе грыз сабака) і мела чорны паштовы штэмпель:

«Поступила в поврежденном виде».

Некаторыя лісты наогул не прыходзілі — мабыць, адразу ішлі ў «справу». Тады ксэраксаў яшчэ не было, а на перадрук органы ашчаджалі працу «кваліфікаваных машыністак».

54. Сафія. Сьмерць бацькі

Яшчэ падчас паездкі Найдзена Вылчава ў Беларусь было дамоўлена, што балгарскі Саюз пісьменьнікаў запросіць мяне на госьці. На тое меліся падставы, і першая зь іх — мае «Трэцюю ракету» і «Альпійскую баладу» пераклалі на балгарскую мову і выдалі ў Плоўдзіве. Значыць, я меў права на нейкі там ганарар. Але ў мяне не было замежнага пашпарту. Калі я зьвярнуўся ў менскі МВД, дык там доўга не адказвалі, штосьці цягнулі. Мінаў час, настала восень. I тады аднойчы пазванілі: можаце прыехаць па пашпарт. Праз тыдзень я ўжо ехаў цягніком з Масквы ў Сафію. Мне дужа карцела наведаць краіну маёй хай сабе і малашчасьлівай маладосьці, зірнуць на знаёмыя і мілыя мне мясьціны. Ну і, вядома, пагасьцяваць. Усё ж я ехаў паводле запрашэньня афіцыйнай арганізацыі, а не як бяспраўны прыватны паязджанін.

На памежнай станцыі Унгены, якую я некалі адваёўваў у немцаў, ужо добра функцыянавала пільная памежная служба, і мяне адразу папрасілі з вагону ў будынак вакзалу. Чамадан, сказалі, можна ня браць. Я нічога з сабой ня вёз, апроч бутэлькі гарэлкі ды пару кніжак. Яшчэ праўда, жонка Аркадзя Куляшова — Аксана Хведараўна — дала каробку цукерак для дачкі Валі, што была замужам у Сафіі.

У вакзале павялі на другі паверх, дзе ў прасторным габінэце сядзеў бляндыністы чалавек, што яўна мяне чакаў. Я адразу здагадаўся, хто гэта, хоць ён і не назваў сябе.

Пачалася размова — што, як? Адкуль і куды? Якія там у вас сябры? Якія зь імі сувязі — паштовыя ці асабістыя? Пасьля гаворка набыла болей эмацыйны тон — чаму вы гэтак тэндэнцыйна пішаце? У нас шмат вайсковых пісьменьнікаў, але ж іншыя пішуць добра, без скажэньня праўды вайны і працы органаў. Без арганізаванай працы органаў не было б і нашай перамогі ў вайне — ворагі і здраднікі хутка б здалі Савецкі Саюз Гітлеру. А так во вы маеце магчымасьць паехаць у Балгарыю, сустрэцца і выпіць зь сябрамі. У гэткай размове мінула гадзіна ці болей, і я пачаў баяцца, што магу адстаць ад цягніка. Пра тое яму і сказаў. Ён толькі ўсьміхнуўся — цягнік бяз вас ня пойдзе. I праўда, добра нагаварыўшыся і, мабыць, дарэшты выканаўшы свой абавязак, ён правёў мяне да вагону. Як цягнік перайшоў мяжу, я расчыніў свой чамадан і зьдзівіўся: усё там было ператрэсена. Адзін з суседзяў па купэ пасьля шапнуў у калідоры: чамадан яны таксама бралі туды. Што ж, дзякуй, што хоць не пакралі чужыя цукеркі…

1 ... 85 86 87 88 89 90 91 92 93 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)